З 20 ліпеня Расея пагражае страляць па караблях, якія будуць ісці ва ўкраінскія парты

Усе судны, што будуць накіроўвацца ва ўкраінскія парты, будуць разглядацца як патэнцыйныя перавозчыкі грузаў вайсковага прызначэння, заявілі ў Міністэрстве абароны Расеі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Ukrinform / East News

«У сувязі са спыненнем функцыянавання «чарнаморскай ініцыятывы» і згортваннем марскога гуманітарнага калідора, з 00.00 маскоўскага часу 20 ліпеня 2023 г. усе судны, якія ідуць у акваторыі Чорнага мора ва ўкраінскія парты, будуць разглядацца як патэнцыйныя перавозчыкі грузаў ваеннага прызначэння», – гаворыцца ў паведамленні.

Адпаведна, краіны, пад сцягамі якіх будуць ісці такія судны, будуць лічыцца ўцягнутымі «ва ўкраінскі канфлікт на баку кіеўскага рэжыму».

Акрамя таго, адзначаецца ў заяве, шэраг марскіх раёнаў у паўночна-заходняй і паўднёва-ўсходняй частках міжнародных вод Чорнага мора абвешчаны часова небяспечнымі для суднаходства, пра што былі зроблены адпаведныя папярэджанні.

Нагадаем, што так званая збожжавая ўгода, паводле якой зерне экспартавалася з партоў Чорнага мора, спыніла сваё дзеянне 17 ліпеня. Расейскія ўлады заяўлялі пра тое, што не бачаць ніякіх падставаў для працягу гэтай угоды да тых пор, пакуль не будуць выкананыя ўмовы Расеі.

19 ліпеня Расея нанесла масіраваныя ўдары па аб’ектах крытычнай інфраструктуры 30 крылатымі ракетамі і 32 дронамі-камікадзэ. Асноўным напрамкам удару была Адэская вобласць, сярод іншага былі атакаваныя парты Адэсы і Чарнаморску. Як сцвярджае кіраўнік праектаў па бяспецы цэнтру глабалістыкі «Стратэгія-XXI» Паўло Лакійчук, «Расея такім чынам дэманструе, што яна не дае гарантыі бяспекі збожжавага калідора і не дае гарантыі, у першую чаргу, для ўкраінскіх партоў».

Эксперт: Ударамі па Адэсе Расея хоча дабіцца працягу «збожжавай угоды» на сваіх умовах

Раман Шавель belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны