Міністэрства юстыцыі патрабавала наогул спыніць дзейнасць руху. Пакуль прыпынілі толькі часова.
Старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч 19 жніўня паведаміў на Facebook, што Вярхоўны суд пастанавіў прыпыніць на месяц дзейнасць руху дзеля выпраўлення праблемаў з юрыдычным адрасам. Паводле Губарэвіча, Міністэрству юстыцыі ўжо накіравалі ўсе неабходныя дакументы пра юрыдычны адрас – гэта мае «закрыць усе пытанні, калі толькі Мінюст не агучыць новыя».
У сярэдзіне ліпеня ў офісе руху і ў намесніка старшыні прайшлі ператрусы. Тады пачалася масавая «зачыстка» няўрадавых арганізацыяў.
У санкцыі на ператрус было сем артыкулаў Крымінальнага кодэксу. За дзень да ператрусу Міністэрства юстыцыі ўзяла ад руху 42 дакументы дзеля комплекснай праверкі дзейнасці, а за два дні да ператрусу, як высветлілася пазней, Вярхоўны суд пачаў справу паводле позвы Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі руху.
Паводле Губарэвіча, прэтэнзія да руху была дзіўная: нібыта ёсць праблема з юрыдычным адрасам. Але рух мае юрыдычны адрас (які апошні раз мянялі ў 2017 годзе), рэгулярна плаціць за памяшканне.
Праз шэсць дзён пасля ператрусу ў руху яшчэ адзін ператрус зладзілі і па адрасе, дзе прапісаны Губарэвіч, затрымлівалі яго былую жонку. У канцы ліпеня заблакавалі рахункі руху.
Рух «За свабоду» – аб’яднанне, якое нярэдка дзейнічае як палітычная партыя. Рух заснаваны ў 2006 годзе кандыдатам на прэзідэнцтва Аляксандрам Мілінкевічам падчас паслявыбарчых пратэстаў (зарэгістраваны як грамадскае аб’яднанне з чацвёртай спробы ў 2008 годзе). Ладзіў кампаніі за свабодныя выбары, у абарону правоў чалавека, супраць будаўніцтва БелАЭС. Старшыня руху Юрась Губарэвіч падчас выбараў-2020 ладзіў пікеты збору подпісаў, але подпісаў не здаваў. Уваходзіць у кааліцыю з Аб’яднанай грамадзянскай партыяй і Беларускай хрысціянскай дэмакратыяй.
АА belsat.eu