Расейскія войскі нанеслі ўдары па інфраструктуры 30 населеных пунктаў Украіны

За мінулыя содні расейскія войскі пашкодзілі інфраструктуру больш чым 30 населеных пунктаў Украіны. Сярод іх Мікалаеў, Запарожжа, Салядар, Белагорʼе, Навапіль, Першатраўнева і іншыя. Аб гэтым паведамляе ў ранішняй зводцы Генштаб ЗСУ

На віну расейскіх войскаў пашкоджаная інфраструктура ў дзясятках украінскіх населеных пунктаў. Фота: УНІАН / unian.net

Паводле падлікаў украінскага боку, за мінулыя содні расейскія войскі нанеслі тры ракетныя ўдары і 22 авіяўдары, зрабілі больш за 90 удараў з рэактыўных сістэмаў залпавага агню па абʼектах на тэрыторыі Украіны. З пачатку дня 19 верасня расейскія войскі нанеслі яшчэ тры ракетныя ўдары.

«Праціўнік працягвае абстрэлы дамоў мірных жыхароў і абʼектаў цывільнай інфраструктуры, парушаючы нормы міжнароднага гуманітарнага права, законы і звычаі вайны», – гаворыцца ў паведамленні Генштабу ЗСУ.

Расейскія войскі працягваюць засяроджваць свае намаганні на спробах поўнага захопу Данецкай вобласці, арганізацыі абароны і ўтрымання захопленых тэрыторыяў, а таксама зрыву актыўных дзеянняў украінскіх сілаў абароны на асобных участках. Яны абстрэльваюць пазіцыі ўкраінскіх войскаў уздоўж лініі судакранання, праводзяць перагрупоўванне падраздзяленняў на асобных кірунках, уводзяць рэзервы і не спыняюць вядзення паветранай выведкі.

«Гібель масавая». Як расейскія зняволеныя «з задавальненнем» ідуць на вайну і чым гэта пагражае самой РФ?

Таксама Генштаб ЗСУ паведамляе, што «ў сувязі са значным недахопам як людскіх, так і матэрыяльных рэсурсаў расейскія войскі працягваюць выкарыстоўваць нестандартныя спосабы іх папаўнення». Напрыклад, з расейскага Тамбова на ўзмацненне частак, якія ваююць ва Украіне, былі накіраваныя 400 чалавек, якія адбываюць пакаранне за крымінальныя злачынствы. У Краснадарскім краі грамадскія арганізацыі воінаў-афганцаў атрымалі заданне збіраць з мясцовага насельніцтва грошы на набыццё цёплых рэчаў для рэгіянальнага добраахвотніцкага батальёну.

За мінулыя содні падраздзяленні ўкраінскіх Сілаў абароны адбілі атакі расейскіх падраздзяленняў у ваколіцах населеных пунктаў Мікалаеўка Другая, Вясёлая Даліна і Бахмут. За содні ўкраінская авіяцыя нанесла 21 удар, пацверджанае пашкоджанне 16 раёнаў канцэнтрацыі жывой сілы і апорных пунктаў расейскіх войскаў і пяці пазіцыяў зенітных ракетных комплексаў.

За мінулыя содні ўкраінскія ракетныя войскі і артылерыя абстралялі больш за 14 абʼектаў расейскіх войскаў. У прыватнасці, нанесеныя ўдары па шасці пунктах кіравання, трох апорных пунктах і раёнах засяроджвання асабовага складу і вайсковай тэхнікі. У зону паражэння трапілі абʼекты супрацьпаветранай абароны, радыёэлектроннай барацьбы і тры склады боепрыпасаў. Агульныя страты расейскіх войскаў удакладняюцца.

Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 18 верасня

Антон Тачняк belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны