Газета «New York Times» усклала на ЗСУ адказнасць за ракетны ўдар па Канстанцінаўцы

Амерыканская газета «New York Times» апублікавала расследаванне пра атаку на Канстанцінаўку ў Данецкай вобласці 6 верасня. Журналісты прыйшлі да высновы, што ў рынак трапіла ўкраінская ракета, якая збілася з курсу. У выніку выбуху загінулі 16 асобаў, 33 пацярпелі.

Кадр запісу камеры назірання ў Канстанцінаўцы. Данецкая вобласць, Украіна. 6 верасня 2023 года. Крыніца: «New York Times» / nytimes.com

Рэпарцёры пабывалі на месцы здарэння, пагаварылі са сведкамі і сабралі часткі выкарыстанай зброі, гаворыцца ў расследаванні.

Ракету, што выпадкова ўдарыла па рынку ў Канстанцінаўцы 6 верасня, выпусцілі з устаноўкі супрацьпаветранай абароны «Бук». Імаверна, снарад адхіліўся ад курсу праз праблемы з электронікай або пашкоджанне апярэння падчас запуску.

Кадры камераў назірання сведчаць, што ракета прыляцела ў Канстанцінаўку з боку тэрыторыі, якая знаходзіцца пад кантролем Украіны. У момант набліжэння ракеты мінакі адначасова паварочваюцца ў адзін бок, а за некалькі імгненняў да выбуху адлюстраванне ракеты відаць на двух прыпаркаваных аўтамабілях. Гэта паказвае напрамак руху з паўночнага захаду. Пра гэта ж сведчыць варонка ад выбуху і пашкоджанні навокал.

Запіс камеры назірання ў Канстанцінаўцы. Данецкая вобласць, Украіна. 6 верасня 2023 года. Крыніца: «New York Times» / nytimes.com

На карысць гэтай версіі таксама гавораць звесткі пра запуск двух ракетаў «зямля-паветра» у напрамку лініі фронту з Дружкоўкі ў 15 кіламетрах на паўночны захад ад Канстанцінаўкі.

Пажар пасля выбуху журналісты тлумачаць тым, што ў ракеце было багата нявыкарыстанага паліва.

Афіцыйны прадстаўнік ЗСУ паведаміў «New York Times», што спецслужбы краіны вядуць расследаванне, і ад далейшых каментароў адмовіўся, спаслаўшыся на ўкраінскія законы.

Расея абстраляла Канстанцінаўку ў Данецкай вобласці. 16 загінулых і 33 пацярпелыя

У артыкуле выдання пры гэтым адзначаецца, што «за час уварвання ва Украіну Расея неаднаразова і сістэматычна атакавала цывільных і біла па школах, рынках і жылых дамах, што з’яўляецца часткай наўмыснай тактыкі запалохвання насельніцтва». У той жа Канстанцінаўцы ў красавіку расейская армія абстраляла жылыя дамы і дзіцячы садок, што прывяло да гібелі шасці асобаў.

Раней заснавальнік расследавальніцкай групы «Conflict Intelligence Team» Руслан Лявіеў таксама заяўляў, што ў Канстанцінаўцы, імаверна, выбухнула ўкраінская ракета. Ён назваў гэта трагічнай выпадковасцю.

Пасля здарэння прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі абвінаваціў Расею ў абстрэле гораду.

У выніку выбуху, паводле звестак Нацыянальнай паліцыі, загінулі 16 асобаў, 33 пацярпелі.

Момант ісціны ўсё бліжэйшы. Тлумачым, як цяпер развіваецца контрнаступ ЗСУ

Сяргей Крот belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны