Былы пракурор Алег Талерчык заявіў пра выхад з «BYPOL»

Прадстаўнік ініцыятывы «BYPOL» Алег Талерчык заявіў аб сваім выхадзе з аб’яднання былых сілавікоў. Прычыны такога рашэнне ён не назваў. Пра гэта ён запісаў відэа, у якім звярнуўся і да беларусаў.

Алег Талерчык. Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Амаль два гады таму я стаяў у вытокаў зараджэння «BYPOL», арганізацыі былых супрацоўнікаў праваахоўных органаў Беларусі. Супрацоўнікаў, якія засталіся вернымі беларускаму народу і якія разам з ім у 2020 годзе выступілі супраць злачыннага рэжыму Лукашэнкі. За гэты час «BYPOL» намаганнямі яго ўдзельнікаў ператварыўся з невялікага згуртавання ў вядомую сілу ў беларускім дэмакратычна-вызваленчым руху. Але сёння я раблю заяву аб сваім выхадзе з дадзенай арганізацыі», – заявіў Алег Талерчык.

Прычынай такога рашэння Талерчык назваў «пэўныя абставіны», з якімі ён не можа пагадзіцца і якія выключаюць для яго магчымасць далейшай супрацы з іншымі сузаснавальнікамі «BYPOL».

Таксама былы пракурор звярнуўся да беларусаў: «Апошні раз звяртаючыся да вас як прадстаўнік «BYPOL», хачу вас заклікаць: «Не губляеце часу, не чакайце свайго вызвалення ад антынароднага акупацыйнага рэжыму Лукашэнкі з-за мяжы. Арганізуйцеся і ладзьце супраціў гэтаму рэжыму ўжо зараз, каб мець магчымасць далей людзьмі звацца».

Алег Талерчык – былы супрацоўнік беларускай пракуратуры, супраць якога пачатая крымінальная справа паводле ч. 3 арт. 130 КК РБ («Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці, якая пацягнула з неасцярожнасці смерць чалавека або іншыя цяжкія наступствы»).

Талерчык: «Самі па сабе акцыі не неслі пагрозы жыцця і здароўю ні машыністам, ні насельніцтву Беларусі»

Алена Рувіна belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны