Пуцін і Лукашэнка размаўлялі так, нібы вайны няма. Што гэта значыць?

Уладзімір Пуцін 19 снежня прыляцеў у Менск, сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам. Пасля перамоваў яны далі прэс-канферэнцыю для дзяржаўных медыяў, у якой расказалі пра санкцыі, імпартазамяшчэнне, цэны на газ і нават пра футбол, але не пра вайну ва Украіне.

Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін на сустрэчы ў Менску. 19 снежня 2022 года. Фота: Павел Бердзянкоў / kremlin.ru

Дзве з паловай гадзіны трывалі перамовы ў шырокім складзе, потым не больш за гадзіну Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін размаўлялі ўдвох. Ад візіту Пуціна некаторыя аналітыкі чакалі ўцягвання беларускага войска ў вайну ва Украіне, іншыя прагназавалі «прапагандысцкі пшык».

Якія высновы можна зрабіць па тым, што Пуцін і Лукашэнка казалі публічна? Пра гэта «Белсату» расказаў палітычны аглядальнік праекту @pozirkonline Аляксандр Класкоўскі.

Чакалі прымусу ўступіць у вайну, атрымалі пазбяганне тэмы

Класкоўскі кажа, што ажыятаж быў вакол самога факту візіту Пуціна, шмат спекуляцыяў адносна таго, што Пуцін прымусіць Лукашэнку ўступіць у вайну. А ў тым, што казалі публічна ў час перамоваў і пасля іх бакі пазбягалі тэмы вайны.

«Можна змрочна пажартаваць, што ў доме вісельніка не кажуць пра вяроўку, – адзначае Класкоўскі. – Калі ўступленне ў вайну для Лукашэнкі можа быць катастрафічным варыянтам, то сама гэтая тэма непрыемная».

«Калі без жартаў, то мы даведаемся пра сапраўдныя вынікі толькі праз нейкі час, – працягвае ён. – Нават калі цалкам маюць рацыю эксперты і каментатары, якія казалі, што вось цяпер-та крамлёўскі валадар дацісне свайго васала, было б наіўна думаць, што пра гэта будзе абвешчана на выніковай прэс-канферэнцыі. Нават калі рыхтуецца новы супольны напад на Украіну з поўначы, ужо аб’яднаным кулаком расейска-беларускіх сілаў, то з вайсковага пункту погляду важны момант нечаканасці».

Класкоўскі згадвае, што вайсковыя эксперты лічылі: для назапашвання дастатковых сілаў трэба як мінімум два-тры месяцы. Загадзя інфармаваць праціўніка пра планы зрабіць гэта было б неразумна.

І нават калі ўявіць, што Пуцін і Лукашэнка дамовіліся пра супольны напад, Лукашэнку нявыгадна пра гэта абвяшчаць зараз, бо тады гэта выглядала б ягоным прынцыповым рашэннем падтрымаць агрэсію, тлумачыць Класкоўскі. Зручней пасля знайсці нейкі casus belli (нагоду для вайны) – прыдумаць ці справакаваць нейкі напад Украіны, каб сказаць, што «мы не хацелі, але нас прымусілі». Такія ноты ўжо гучалі ў прамовах Лукашэнкі, калі ён абяцаў паказаць мапы, «адкуль на Беларусь рыхтаваўся напад».

Але ж прыляталі і Шайгу, і Лаўроў!

У Менск прыляцеў не толькі Пуцін – з ім на перамовах была даволі вялікая дэлегацыя, у тым ліку міністр замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў і міністр абароны Расеі Сяргей Шайгу. Ці гэта значыць, што размовы пра вайну ўсё ж былі?

Беларуска-расейскія перамовы ў Менску. 19 снежня 2022 года. Фота: Павел Бердзянкоў / kremlin.ru

Класкоўскі адказвае: Шайгу ўжо прылятаў раней у снежні, Лаўрову трэба пазнаёміцца з новым беларускім міністрам замежных справаў, ды і для Пуціна «прывезці такую вялікую світу – знак статусу».

Былі заявы пра даволі канкрэтныя вайсковыя дамоўленасці. Так, дамовіліся супольна весці падрыхтоўку экіпажаў баявых самалётаў арміі Беларусі, якія пераабсталявалі для боепрыпасаў «са спецыяльнай баявой часткай». Класкоўскі расшыфроўвае гэта так: гэта частка скіраванага на Захад шантажу, так Масква прыхавана паказвае сваю ядравую дубінку. Маўляў, «калі будзеце сябе кепска паводзіць», ядравая зброя з’явіцца на тэрыторыі Беларусі.

Таксама Лукашэнка расказаў, што паставілі на баявое дзяжурства комплексы C-400і «Іскандэр», якія Расея размясціла ў Беларусі яшчэ восенню. А яшчэ Лукашэнка прызнаў сябе суагрэсарам, але ён прызнаваў гэта і раней, толькі без слова «суагрэсар».

Класкоўскі заўважае іншае: было шмат прадстаўнікоў эканамічнага і фінансавага блоку, вайскова-прамысловага комплексу Расеі. Магчыма, значная ўвага была нададзеная ўлучэнню Беларусі ў пастаўкі, патрэбныя Расеі для вайны. А гэтыя патрэбы – і маторы для тэхнікі, і электроніка, і проста пашыў вайсковай формы, з якім не спраўляюцца расейскія прадпрыемствы.

Шмат увагі надавалі не ваенным, а эканамічным пытанням

Класкоўскі кажа, гэта не дзіўна: Лукашэнка хоча скарыстацца момантам. Напрыклад, дамовіцца, каб беларускія прадпрыемствы занялі нішу на расейскім рынку, якая вызвалілася праз санкцыі і спыненні паставак.

Пра газ пакуль не канчаткова дамовіліся, але нейкі часовы кампраміс знайшлі. Пуцін казаў, што «дамовы дасягнутыя». Але Лукашэнка ўдакладніў, што ўрадам яшчэ трэба «фармалізаваць рашэнні», бо «новыя тэмы з’явіліся ў галіне паставак газу», ды цана выгадная для Беларусі, «мы задаволеныя вынікамі абмеркавання».

«Гэта фактычна працяг шматгадовага торгу ў галіне энерганосьбітаў, які нагадвае déjà vu, – мяркуе Класкоўскі. – Лукашэнка кажа: дайце роўныя ўмовы гаспадарання. Гэта трэба чытаць: дайце нам танны газ, танную нафту. Расея кажа: для пачатку выканайце тыя ці іншыя ўмовы. Гэтыя ўмовы бываюць часта дыскамфортныя для беларускага боку».

«Гэта працяг таго торгу і сведчанне, што па-ранейшаму паміж Масквой і Менскам дасягаюцца дамоўленасці «па паняццях» на ўзроўні правадыроў», – кажа аналітык пра перамовы аб цане на энерганосьбіты.

Пуцін жа выказваўся пераважна банальнасцямі. Напрыклад, згадвае Класкоўскі, Пуцін на кожнай сустрэчы кажа пра рост таваразвароту, хоць з беларускага гледзішча гэта рост залежнасці ад аднаго рынку, знікнення дыверсіфікацыі ў замежным гандлі, пра які некалі так клапацілася беларускае кіраўніцтва.

Таксама Пуцін заявіў, што Расея гатовая «сабе ў шкоду» далей развіваць беларускую атамную энергетыку. Класкоўскі адчувае няшчырасць у такой заяве: можна падумаць, што Расея дае на БелАЭС «бясплатныя грошы», хоць на самой справе дала крэдыт, які трэба вяртаць з адсоткамі. Калі будуць будавацца новыя рэактары, рэжым Лукашэнкі «толькі глыбей залезе ў даўгавую яму».

«Масква, канешне, стараецца трошкі заахвочваць хаўрусніка, але вялікай шчодрасці не выяўляе», – рэзюмуе Класкоўскі.

«Тое, што Крэмль дае нейкія грошы і прэферэнцыі, на мой погляд, ускосна сведчыць пра тое, што сітуацыя ва ўзаемадачыненнях залішне драматызуецца пэўнымі назіральнікамі, – разважае ён. – Вось там «Пуцін выкручвае рукі Лукашэнку, а той гераічна супраціўляецца» – такі наратыў у пэўнай ступені выгадны самому Лукашэнку. Бо вось які ён абаронца беларускай незалежнасці. Насамрэч, калі Масква спрабавала выкруціць рукі, яна дзейнічала эканамічнымі рычагамі: перакрывала газавы, нафтавы вентыль, перакрывала шляхі беларускай прадукцыі ў Расею… Сёння ўсё наадварот. Такога страшнага ціску на Лукашэнку на сённяшні дзень, можа, і няма».

Класкоўскі дапускае, што Пуцін прымае пад увагу контраргументы Лукашэнкі: «мы лепей будзем вашым плацдармам», «будзем вас прыкрываць ад натаўскага ўдару ў спіну», «будзем зборачным цэхам патрэбнай вам цывільнай і вайсковай прадукцыі». Але падкрэслівае: сапраўдны вынік перамоваў стане вядомы пазней. А ведаючы авантурызм Пуціна і жаданне як мага больш «запэцкаць у крыві хаўрусніка», Пуцін можа дамагчыся ўдзелу войскаў Беларусі ў нападзе на Украіну.

Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін на сустрэчы ў Менску. 19 снежня 2022 года. Фота: kremlin.ru

***

На момант публікацыі перамовы і прэс-канферэнцыя завяршыліся, але ананімны Telegram-канал «Пул первого», які выконвае функцыі прэс-службы Лукашэнкі, паведамляе, што Лукашэнка запрасіў Пуціна на вячэру да сябе дамоў.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны