Тавары ці даражэюць, ці знікаюць. Сочым за цэнамі ў крамах

Не зважаючы на тое, што чыноўнікі ўзяліся жорстка кантраляваць сітуацыю з цэнамі ў крамах, харчы паволі даражэюць. Імаверна, калі б не было такога кантролю, то інфляцыя была б значна большая, адзначаюць у размове з «Белсатам» эканамісты. Эксперты і пакупнікі звяртаюць увагу на «пабочныя эфекты» рэгулявання: некаторыя тавары аказваюцца ў дэфіцыце, час дастаўкі з інтэрнэт-крамаў вырас на некалькі тыдняў, а цягам чакання цэны на замоўленыя тавары могуць падрасці.

Жанчына набывае цыбулю ў краме ў Менску, Беларусь. 7 сакавіка 2022 года. Фота: Белсат

Забарону на рост цэнаў у Беларусі, а пазней правілы цэнаўтварэння чыноўнікі ўвялі ў кастрычніку. Пастанова Савету Міністраў з’явілася 18 кастрычніка. З таго часу і на дзень 16 снежня нязначна, але выраслі цэны на курынае мяса. Рост склаў каля 20 капеек. Даволі адчувальна падаражэлі малочныя вырабы: масла, напрыклад, – ледзь не на рубель. Выраслі цэны на макарону, падаражэлі больш як на палову рубля прысмакі і шакалад.

З кастрычніка да снежня цэны на харчы выраслі на дзясяткі капеек. Фота: чытачы «Белсату»

Цэны на гародніну таксама змяніліся. Яшчэ ў кастрычніку капусту прадавалі за 0,89 рубля, а ўжо ў снежні ў некаторых крамах гэтую гародніну прадаюць за 77 капеек. Цыбуля, якая два месяцы таму каштавала ад 1,18 да 1,29 рубля, цяпер прадаецца за 1,21–2,57 рубля за кілаграм. Алей «Золотая семечка» ў кастрычніку паводле акцыі можна было набыць за 5,69 рубля, а вось цяпер цана на гэты тавар знізілася да 5,36 рубля. Пры гэтым кошт не некаторыя іншыя гатункі алею вырас нават больш як на рубель.

Некаторыя гатункі алею патаннелі, іншыя, наадварот, падаражэлі. Фота: чытачы «Белсату»

Як толькі выйшла пастанова аб цэнаўтварэнні, было відавочна, што ніякага значнага выніку з яе не будзе, каментуе эканаміст. З рашэння кантраляваць кошты вынікалі наступствы, якія мы цяпер і назіраем: ці прадукты ёсць у крамах, але цэны на іх растуць (з дазволу чыноўнікаў), ці яны знікаюць з крамаў, бо ніхто не можа гандляваць ніжэй за сабекошт.

З кастрычніка да снежня курынае мяса падаражэла на 20 капеек. Фота: чытачы «Белсату»

Іншая сітуацыя з тымі таварамі, без каторых можна абысціся. Згоду на рост іх коштаў не даюць, таму яны паступова знікаюць, асартымент робіцца больш сціплым.

Таму адныя тавары, няхай і паступова, але даражэюць, а іншыя проста знікаюць з продажу. Некаторыя рэчы сапраўды патаннелі.

«Тут працуе такая схема. Некаторым прадпрыемствам прапаноўваюць дазвол на рост цэнаў адразу ж на 10 %, або і 20 %. Але ўзамен на гэтыя дазволы яны мусяць знізіць на некалькі адсоткаў кошты на іншыя тавары. Такія «змовы» насамрэч таксама маюць месца», – тлумачыць сітуацыю эканаміст.

Нехарчовыя тавары ў інтэрнэце набыць стала складана

Чытачы «Белсату» распавядаюць, што стала нашмат складаней набываць нехарчовыя тавары ў онлайн-гіпермаркетах. Нават наяўнасць на сайце пэўнага тавару з пэўнаю цаною не гарантуе, што яго можна хутка набыць.

«Я даволі часта набываю розныя тавары ў онлайн-гіпермаркетах. Гэта ж зручна – замовіць нешта на «Wildberries» або на «21vek». Апошнім часам дастаўку трэба чакаць як мінімум 2–3 тыдні. Мала таго, што час даставы павялічыўся, дык яшчэ пры дастаўцы менеджары кампаніяў могуць паведаміць, што цэны на тавар выраслі, або прапанаваць іншы замест замоўленага. Зразумела, што з іншаю, большаю цаною», – скардзіцца чытач «Белсату».

У каментарах на старонцы «Wildberries» можна пабачыць, што скардзяцца на ўмовы цэнаўтварэння і самыя грузаперавознікі. Кіроўцы кажуць, што мусяць даволі доўга чакаць загрузкі аўтамабіляў, бо ўзнікаюць праблемы з дастаўкаю тавараў.

Асартымент у беларускіх крамах скарачаецца. Фота: чытачы / Белсат

Абвал курсу рубля можа прывесці да дэфіцыту і недаступнасці тавараў для беларусаў

Яшчэ адным аспектам цэнаўтварэння, да якога прызвычаіліся беларусы, заўсёды былі курсы беларускага рубля да замежных валютаў. Цягам тыдня курс рубля пачаў «прасядаць» да долара ЗША. Далейшае зніжэнне кошту нацыянальнай валюты можа паглыбіць трэнд на ўзнікненне дэфіцыту шмат якіх імпартных тавараў. У гэтым выпадку выдаткі на іх набыццё значна вырастуць, а атрымаць дазвол на павышэнне цэнаў можа і не ўдасца, ці яны стануць такімі дарагімі, што не будуць даступныя беларусам.

«Калі гэтыя тавары неабходныя, то трэба будзе дазваляць рост цэнаў, але калі чыноўнікі палічаць, што яны не патрэбныя спажыўцам, то, адпаведна, не будуць даваць дазволу на падвышэнне. Неабходна ўлічваць яшчэ адзін важны фактар: плацежаздольны попыт. Вось тут могуць быць праблемы. Рост цэнаў на імпартныя тавары за апошнія паўгода быў настолькі высокі, што, калі ён яшчэ прадоўжыцца, у выніку тавары могуць стаць не даступныя беларусам, заробкі ў грамадзянаў істотна скарачаюцца», – звяртае ўвагу эканаміст.

Паводле прагнозу эксперта, ужо бліжэйшым часам мы пабачым, што на некаторыя тавары пачнуць расці цэны, прынамсі да новага года, пакуль людзі змогуць сабе дазволіць іх набыць. Захаваецца і тэндэнцыя на знікненне некаторых катэгорыяў з паліцаў крамаў. У выніку ў новым годзе можа быць новая сітуацыя, прагназуе суразмоўца «Белсату».

Мікалай Каткоў belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны