Мінабароны РБ з медыкамі карэктуюць «занадта высокія» патрабаванні да здароўя прызыўнікоў

Міністэрства абароны сумесна з міністэрствам аховы здароўя падрыхтавала змены ў патрабаванні да стану здароўя асоб, якія паступаюць на вайсковую службу. Аб гэтым паведамляе прэсавая служба вайсковага ведамства. Збіраюцца браць з плоскаступнёвасцю, кепскім зрокам, вагой звыш нормы і шэрагам іншых хвароб, па якіх раней камісавалі. 

Лекарка Святлана Кашура лічыць, што з плоскаступнёвасцю можна служыць ў войску па кантракту. Скрыншот з тэлеграм-каналу міністэрства абароны РБ / Telegram / modmilby

Паводле паведамлення ад 20 студзеня, міністэрства абароны і міністэрства аховы здароўя гатовыя карэктаваць спіс хвароб, з якім нельга служыць у войску. Змены закрануць ўсе катэгорыі вайсковай службы – службу па кантракце, тэрміновую вайсковую службу, службу ў рэзерве і будуць тычыцца ўсіх, каго будуць прызываць у войска, альбо хто жадае служыць па кантракце (нават без праходжання тэрмінова службы), ці збіраецца паступаць на вучобу ў вайсковыя ВНУ.

«Выклікана гэта шэрагам абʼектыўных прычын. І ў першую чаргу тым, што паступае вялікая колькасць зваротаў грамадзян, якія лічаць, што патрабаванні да стану здароўя значна завышаны і не даюць магчымасці маладым людзям рэалізоўваць мару стаць ваенным», – заявіла ў каментары намеснік начальніка медычнай часткі Галоўнага ваеннага клінічнага медычнага цэнтру Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь падпалкоўнік медычнай службы Святлана Кашура.

Больш падрабязней сваю аргументацыю вайсковае ведамства выкладае ў прапагандысцім сюжэце «ВаенТВ».

Паводле Кашуры, сярод хвароб, не гледзячы на якія цяпер можна будзе стаць вайскоўцам па сваё волі ці пайсці «выконваць канстытуцыйны абавязак – плоскаступнёвасць, некаторыя хваробы зроку, пазанарматыўная вага. Лекарка аргументавала «новы падыход» тым, што пералік хвароб складаўся яшчэ ў 90 гады мінулага стагоддзя, за гэты час з’явілася шмат новых узбраенняў і іх сістэмаў, з якімі з лёгкасцю могуць упраўляцца маладыя людзі з некаторымі хваробамі. Кашура падкрэсліла, што з аднымі і тымі ж хваробамі не бяруць у войска і выдаюць пасведчанне на права кіраваць аўтамабілем, і камісаваныя маладыя людзі вядуць актыўны лад жыцця.

Апроч таго, Святлана Кашура паведаміла, што падрыхтаваныя змены дапамогуць разгрузіць грамадзянскіх медыкаў ад медаглядаў кандыдатаў у вайскоўцы. З гэтага можна зрабіць выснову, што пасля уступлення ў сілу змененых патрабаванняў да стану здароўя асоб, якія паступаюць на вайсковую службу, вызначэннем ступені годнасці да вайсковай службы будуць займацца выключна вайсковыя медыкі альбо спецыяльныя медычныя камісіі.

Нагадаем, што 10 жніўня 2019 года ўступіў у сілу закон «Аб змяненні законаў па пытаннях эфектыўнага функцыянавання ваеннай арганізацыі дзяржавы». Ім былі захаваны ўсе адтэрміноўкі па стане здароўя, сямейным становішчы і іншыя, але ўведзены прынцып аднаразовасці прадстаўлення адтэрміноўкі. Апроч таго, закон абмежаваў прыняцце на дзяржаўную службу, службу ў органах сістэмы забеспячэння нацыянальнай бяспекі грамадзян, якія не прайшлі воінскую службу, не маючы на тое законных падстаў (якія ўхіліліся ад прызыву).

У паведамленні БелТА з нагоды ўступлення ў сілу названага закону адзначаецца, што вайсковае кіраўніцтва было не задаволена магчымасцямі для папаўнення беларускага войска свежым асабовым складам – з-за вялікай колькасці адтэрміновак па вучобе, стану здароўя і іншых прычынах атрымлівалася, што ў 2019 годзе са 140 тысячаў чалавек прызыўнога кантынгенту ад 18 да 27 гадоў вясной змаглі прызваць толькі 4,2 тысячы. Пры гэтым на прызыўныя камісіі было выклікана каля 40 тысячаў прызыўнікоў.

Мабілізацыя ў Беларусі гатовая на 100 %. Інтэрв’ю з Паўлам Латушкам

Антон Тачняк belsat.eu

Тэгі: войска
Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны