Добрыя навіны Беларусі і свету за тыдзень

Цяпер нам усім не стае добрых навінаў, таму мы надумалі сабраць гісторыі з добрымі ўчынкамі і станоўчымі падзеямі.

Жывыя пад заваламі на 13-ы дзень пасля землятрусу

У Турцыі на 13-ы дзень пасля землятрусу з-пад завалаў жывымі дасталі бацькоў ды іхнага 12-гадовага сына. Але хлопчык, на жаль, пазней памёр.

296 гадзінаў – столькі бацькі і падлетак правялі пад руінамі шматкватэрнага дому ў правінцыі Хатай.

Таксама праз 10 дзён пасля землятрусу пад заваламі знайшлі жывымі яшчэ трох чалавек. 17-гадовую Алейну Эльмэз назвалі цуда-дзяўчынаю, калі яе выцягнулі жывой з-пад абломкаў. Гэты момант вы бачыце на відэа.

Пазней знайшлі 30-гадовую Нэсліхан Кылыч і 12-гадовага хлопчыка Асмана. Сама меней 43 885 чалавек загінулі ў Турцыі і суседняй Сірыі ў выніку магутнага землятрусу 6 лютага магнітудаю 7,8.

5-гадовая дзяўчынка разбіла скарбонку для дапамогі пацярпелым ад землятрусу, а ў 18 гадоў выйграла джэкпот у латарэю памерам $ 48 млн

Сямейнае фота Джульеты Ламур / Латарэя і азартныя гульні Антарыё. Крыніца: sootoday.com

Джульет Ламур з Канады ў 5 гадоў даведалася пра землятрус у Гаіці, які забраў жыцці дзясяткаў тысячаў чалавек. Большая частка краіны тады засталася ў руінах. Аддзяленне канадскага Чырвонага Крыжа збірала ў родным горадзе дзяўчынкі ахвяраванні. Джульет прынесла сваю скарбонку. Там быў 61 канадскі долар.

Цяпер ёй 18 гадоў, і яна купіла свой першы латарэйны білет, які прынёс ёй $ 48 мільёнаў.

Фотаальбом, які знайшоў сваіх гаспадароў амаль праз 80 гадоў

Фотаальбом сям’і Сунабэ, які вярнуўся да сям’і амаль праз 80 гадоў пасля Другой сусветнай вайны. Крыніца: pdxmonthly.com

Жонка ветэрана Другой сусветнай вайны дзесяцігоддзе шукала японскую сямʼю, каб вярнуць ім фотаальбом, які ейны муж знайшоў у Японіі ў 1945 годзе.

У 1945 годзе салдаты ЗША высадзіліся на пляжах Окінавы на завяршальным этапе вайны ў Ціхім акіяне. Амерыканец Ўайдэн убачыў сярод аскепкаў чорны фотаальбом са здымкамі японскай сямʼі. І захацеў яе знайсці.

Пасля ягонай смерці жонка Кэралін, малодшы сын Кен і ягоная кітайская сяброўка пачалі пошукі.

«Кітайская і японская мовы дастаткова блізкія лінгвістычна, таму яна магла сёе-тое перакласці для мяне», – расказала Кэралін.

Вырашальную ролю ў гісторыі сыгралі лагатыпы на футболках. Незнаёмыя людзі ў Японіі даведаліся пра пошукі і дапамаглі знайсці гаспадароў альбому.

Фотаальбом належаў сямʼі Сунабэ. Амерыканскія вайскоўцы знішчылі іхны горад, і цяпер там месціцца амерыканская вайсковая база. Старэйшая ў сямʼі цяпер 83-гадовая Іха Сунабэ, яна адзіная застала вайну. Сямʼя Ўайдэнаў паехала ў Японію, каб вярнуць альбом.

І дзве сямʼі зрабілі ўжо новую фатаграфію разам.

Сямʼія Сунабэ ды Кен разам у Японіі. Крыніца: pdxmonthly.com

Індус ажаніўся з беларускай, і таму пра яго пішуць індыйскія медыі

За жыццём Мітгілеша Бэкпэкера ў Беларусі сочыць амаль 1 мільён падпісчыкаў на YouTube. На дні народзінаў сябра ў Беларусі Мітгілеш пазнаёміўся з Лізаю, неўзабаве яны ажаніліся, і Ліза зацяжарала.

У сваім блогу мужчына распавёў пра штомесячныя выплаты цягам трох гадоў пасля нараджэння дзіцяці. І відэа з аповедам пра беларускія дэкрэтныя выплаты зрабілася вірусным.

Пра мужчыну пачалі пісаць:

«Мужчына індыйскага паходжання атрымаў ад Беларусі 128 тысяч рупіяў пасля шлюбу» – змест загалоўкаў прыкладна такі.

Нядаўна ў Беларусь прыехаў бацька Мітгілеша знаёміцца з унукам і сям’ёю Лізы.

Вы можаце падарыць радасць, збудаваўшы снежную бабу паводле малюнкаў хворых дзяцей

Снегавік-прынцэса. Крыніца: Generation Wild

Трэці год запар дзеці, якія ляжаць у шпіталі Каларада, могуць намаляваць сваю версію ідэальнай снежнай бабы, а людзі робяць гэтыя малюнкі са снегу.

Снегавік-мыш. Крыніца: Generation Wild

І вы можаце ўзяць удзел да канца сакавіка. Дастаткова толькі запоўніць форму, і вам падбяруць дзіця, у якога ёсць класная ідэя снежнай бабы. І яно спадзяецца, што вобраз ператворыцца ў жыццё.

Аліса Ганчар belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны