Зяленскага просяць даць беларусу Эдуарду Лобаву пасмяротнае званне Героя Украіны

Ва Украіне заклікаюць даць званне Героя Украіны загінуламу беларусу Эдуарду Лобаву. Ініцыятарам стаўся ягоны камандзір Іван Завэршынскі – ён стварыў адпаведную петыцыю на сайце прэзідэнта Украіны.

Развітанне з былым палітычным вязнем і беларускім добраахвотнікам Эдуардам Лобавым. Кіеў, Украіна. 4 лютага 2023 года. Фота: Улад Максіменка / Белсат

«У сваім апошнім баі Эдуард Лобаў сваймі дзеяннямі ўратаваў маё жыццё. Расейцы высадзілі дэсант недалёка ад нашых пазіцыяў. Эдуард выйшаў з акопу і спакойна адзінкавымі стрэламі з аўтамата расстраляў усіх ворагаў. Менавіта гэтыя дзеянні дазволілі эвакуяваць мяне з поля бою. Смяротнае раненне Эдуард Лобаў атрымаў ад трапляння асколка танкавага снарада, калі страляў па варожым танку з «Javelin». Гэта быў блізкі бой, і экстранна эвакуяваць Эдуарда з поля бою не было магчымасці», – напісаў Іван Завэршынскі.

Петыцыю падпісалі ўжо 2 тысячы, аднак для разгляду петыцыі неабходна 25 тысяч подпісаў. Паводле ўкраінскага заканадаўства, падпісаць петыцыю можа толькі грамадзянін Украіны.

Эдуард Лобаў быў смяротна паранены аскепкам танкавага снарада, яго не стала 26 студзеня 2023 года. Беларускаму добраахвотніку было 34 гады, ён нарадзіўся ў Вільні, скончыў школу ў Менску, служыў у віцебскай 103-й брыгадзе паветрана-дэсантных войскаў. Пасля службы Эдуард Лобаў уступіў у «Малады фронт», кіраваў менскаю гарадской арганізацыяй.

За дзень да прэзідэнцкіх выбараў, 18 снежня 2010 года, быў затрыманы разам са старшынём «Маладога фронту» Змітром Дашкевічам. У сакавіку 2011-га Эдуарда Лобава пакаралі 4 гадамі калоніі ўзмоцненага рэжыму паводле ч. 3 арт. 339 («Асабліва зацятае хуліганства»). Маладзёна прызналі палітычным вязнем. Пасля калоніі некалькі разоў прыцягваўся да адміністратыўнай адказнасці і адбываў арышт за парушэнні прэвентыўнага нагляду. Пасля завядзення крымінальнай справы за парушэнні нагляду быў вымушаны з’ехаць ва Украіну.

Улетку 2015 года стаўся байцом тактычнай групы «Беларусь». Браў удзел у баявых дзеяннях на ўсходзе Украіны. Апошнія тры гады служыў у 72-й асобнай механізаванай брыгадзе імя Чорных запарожцаў. Быў гранатамётчыкам, стралком супрацьтанкавага ракетнага комплексу «Javelin».

Спачатку ў Кіеве 4 лютага, а пасля 11 лютага ў Варшаве прайшла цырымонія развітання з Эдуардам Лобавым. Пахавальная імша адбылася ў касцёле Святога Аляксандра ў Варшаве. Праводзіць героя ў апошні шлях прыйшлі сотні беларусаў. Яго пахавалі на варшаўскіх могілках Вайсковыя Павонзкі 17 лютага.

Алена Рувіна belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны