«Шмат хто называе гэта каланізацыяй». Кітаіст Чыгадаеў пра візіт Сі Цзінь Піна ў Маскву

Пераабранне Сі Цзінь Піна старшынём КНР. Фота: Синьхуа

Дзяржаўны візіт Сі Цзінь Піна ў Расею працягнецца з 20 да 22 сакавіка. РФ – першая краіна, якую наведвае кітайскі лідар пасля перавыбрання 10 сакавіка.

Кітаіст Аляксей Чыгадаеў з Ляйпцыгскага ўніверсітэту заявіў у эфіры «Белсату», што «пакуль Кітай не ведае, як будуць складвацца стасункі паміж Расеяй і Кітаем найбліжэйшыя некалькі гадоў». Гэтак пракаментаваў ён візіт 20 сакавіка ў Расею кіраўніка КНР Сі Цзінь Піна.

З гэтай прычыны КНР і РФ, прынамсі ў артыкулах, апублікаваных кіраўнікамі дзвюх краінаў напярэдадні візіту, аддаюць перавагу перадусім эканамічным стасункам, а «палітычнага кампаненту тут няма».

«У артыкуле Сі Цзінь Піна мы бачым упор на міжнародныя інстытуты, на тое, што сусветны парадак мусіць быць захаваны. Што ён павінен будавацца вакол ААН», – адзначыў Чыгадаеў.

У гэтым, паводле кітаіста, падыход Пекіну адрозніваецца ад расейскага.

Чыгадаеў адзначыў, што ва ўмовах вайны з Украінай і закрыцця для РФ заходніх рынкаў Расея стала істотна больш пастаўляць сваёй прадукцыі ў Кітай, але КНР сваіх паставак у РФ не павялічыла ды «не стала неяк неймаверным чынам падтрымліваць Расею».

«Шмат хто называе гэта каланізацыяй, шмат хто называе павелічэннем залежнасці ад Кітаю, але гэта заканамерная тэндэнцыя», – заявіў кітаіст і дадаў, што для РФ цяпер няма іншых буйных альтэрнатываў, апроч КНР.

Інтарэсы Расеі і Украіны для Кітаю другасныя

Таксама эксперт пракаментаваў мірныя ініцыятывы Сі Цзінь Піна адносна вайны ва Украіне. Для Кітаю інтарэсы Расеі і Украіны ў гэтым пытанні другасныя, а кіруецца ён уласнымі інтарэсамі, у тым ліку для таго, каб паказаць сваю важнасць і свае магчымасці Захаду. Аднак пры гэтым для КНР важна захаваць рэжым Уладзіміра Пуціна, бо «ёсць ужо праекты, у тым ліку нафтагазавыя».

«І не ясна, што будзе далей. Хто будзе наступным прэзідэнтам Расеі, які будзе ўрад. Раптам яны будуць празаходнія?» – кажа Чыгадаеў.

Якуб Хруст belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны