Беларусу – удзельніку пратэстаў 2020 года адмовіліся даць прытулак у Швейцарыі

Беларус Аляксей Велікаселец быў актыўным удзельнікам пратэстаў пасля выбараў 2020 года. Увосень пасля тых падзеяў ён паехаў да сваякоў у Швейцарыю і пастанавіў там застацца, бо вяртацца дамоў было небяспечна. Падаў прашэнне аб прытулку. Праз год Швейцарыя пастанавіла яму адмовіць, бо нібыта нічога не перашкаджае вяртанню Аляксея ў Беларусь, піша «Новая газета Европа».

Аляксей Велікаселец. Фота: «Новая газета Европа»

Аляксей Велікаселец удзельнічаў у пратэстах з 2010 года. Увесну 2020 года ён увайшоў у ініцыятыўную групу Віктара Бабарыкі, раздрукоўваў і распаўсюджваў улёткі незалежных кандыдатаў.

Падчас удзелу ў паслявыбарчых пратэстах маладзён пацярпеў у тым ліку ад збіцця АМАПам. На відэа, апублікаваным тады на onliner.by, відаць, як сілавікі цягнулі хлопца ў аўтазак, а ён спрабаваў адбіцца, што ўрэшце атрымалася.

У канцы кастрычніка 2020 года Аляксей з дзецьмі паехаў у Швейцарыю, дзе жывуць ягоныя маці і сястра. Яны абедзве – грамадзянкі Швейцарыі. Пакуль Аляксей гасціў у сваякоў, у Беларусі ўзмацняліся рэпрэсіі, на ўдзельнікаў пратэстаў пачалі заводзіць крымінальныя справы. Велікаселец пастанавіў не вяртацца і прасіць прытулку.

Год беларус разам з сям’ёй пражыў у лагеры для ўцекачоў. Увесну 2022 года ім нават далі сацыяльнае жытло. А неўзабаве з Дзяржаўнага сакратарыяту ў пытаннях міграцыі прыйшла адмова ў прытулку. Аляксей паспрабаваў абскардзіць гэтую пастанову ў Федэральным адміністратыўным судзе, але і там атрымаў адмову. Тлумачылі яе тым, што Аляксей не пацярпеў ад рэпрэсіяў у Беларусі, а факт, што ён ёсць на фота пратэстаў у СМІ, нічым не можа яму пагражаць.

«Хоць улады Беларусі нярэдка затрымліваюць апазіцыйных дэманстрантаў на тэрмін да двух тыдняў, каб утаймаваць іхны ваяўнічы запал, гэта не датычыцца апелянта, які ніколі не быў арыштаваны», – гаварылася ў адказе Сакратарыяту ў пытаннях міграцыі.

Аляксей Велікаселец. Фота: «Новая газета Европа»

У той жа час праваабарончы цэнтр «Вясна», куды звярнуўся маладзён, сцвярджае, што «прысутнасць чалавека на фота/відэа, якія ёсць у вольным доступе, патэнцыйна можа быць нагодай для завядзення крымінальнай справы паводле ч. 2 арт. 293 КК РБ («Удзел у масавых беспарадках»), і на гэты момант «Вясне» вядома пра 161 гэткі выпадак».

Наконт імавернай ідэнтыфікацыі дэманстрантаў з дапамогай праграмы распазнавання твараў Швейцарыя зазначыла, што гэта блеф. У той жа час Швейцарыя разам з краінамі Еўразвязу ўнесла ў санкцыйны спіс беларускую кампанію «Synesis LLC», якая і стварыла платформу «Kipod» для распазнавання твараў.

Таксама ў адмове швейцарскіх уладаў акцэнтуецца, што Аляксей не змог даказаць сваёй прыналежнасці да нейкай апазіцыйнай партыі або дысідэнцкай арганізацыі.

«Улады Швейцарыі не ўсведамляюць маштабаў рэпрэсіяў у Беларусі, – пракаментаваў сітуацыю швейцарскі юрыст Вадзім Драздоў, які ў свой час дапамог сям’і Віталя і Уладзіслава Кузнечыкаў, якія хаваліся ў шведскай амбасадзе ў Менску. – Сакратарыят у пытаннях міграцыі і суд не разгледзелі індывідуальных абставінаў справы і праігнаравалі, што ў Беларусі саджаюць не толькі за ўдзел у акцыях пратэсту, але і за «лайкі», каментары і падпіскі ў інтэрнэце. Пад рэпрэсіі трапляюць не толькі вядомыя палітыкі і праваабаронцы. Любы чалавек можа трапіць пад адвольны арышт».

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны