Сейм Літвы пераадолеў вета прэзідэнта і канчаткова ўхваліў скандальны законапраект аб санкцыях супраць беларусаў і расейцаў. Дарадца Святланы Ціханоўскай у прававых пытаннях Крысціна Рыхтэр у каментары «Белсату» адзначыла: «Так яно працуе ў нармалёвых краінах, калі не толькі адна асоба прымае рашэнні».
Парламент Літвы ўхваліў законапраект аб санкцыях супраць беларусаў і расейцаў у той рэдакцыі, у якой дакумент ужо быў прыняты раней. У гэтым варыянце абмежаванняў у дачыненні грамадзянаў Беларусі менш, чымся для грамадзянаў Расеі.
Сейм пераадолеў вета прэзідэнта Гітанаса Наўседы і нават не разглядаў прапанаваныя ім папраўкі. Дэпутаты галасавалі за тое, каб ухваліць ці адхіліць законапраект у тым выглядзе, у якім ён ужо быў прыняты парламентам 4 красавіка. У выніку: 99 галасоў за, 7 – супраць.
«Так яно працуе ў нармалёвых краінах, калі не толькі адна асоба прымае рашэнні», – сказала «Белсату» дарадца абранай прэзідэнткі Святланы Ціханоўскай у прававых пытаннях Крысціна Рыхтэр. Яна адзначыла, што на гэтым прыкладзе беларусы зазналі сапраўдную дэмакратыю, што праўда, пакуль не ў сябе на радзіне:
«Гэта дае нам зразумець, як працуе заканадаўчы працэс у дэмакратычных краінах, калі рашэнне прымае спачатку парламент, потым ёсць права падпісання і права вета. Гэтае вета можа быць пераадоленае большасцю, калі дэпутаты парламента лічаць, што рашэнне мусіць быць прынятае».
Вынікі сённяшняга галасавання ў Сейме Рыхтэр назвала чаканымі.
«Мы шмат працавалі над тым, каб гэта было менавіта так. Нам казалі ў кансультацыях, што гэта хутчэй за ўсё будзе такім чынам», – сказала суразмоўца «Белсату».
Вета літоўскага прэзідэнта яна растлумачыла «унутраным палітычным кантэкстам»:
«Ён прапануе тое, што яму патрэбна для палітычнай кар’еры, палітычнай кампаніі, тым больш хутка ў Літве будуць выбары. Трэба разумець, што гэта палітычны працэс».
Канстытуцыя Літвы прадугледжвае, што ў выпадку пераадолення вета прэзідэнта ён павінен падпісаць законапраект цягам трох дзён. «Гэта ўжо ягоны абавязак, ён ужо не можа веціраваць законапраект другі раз», – падкрэсліла Крысціна Рыхтэр.
Гітанас Наўседа прапаноўваў, каб абмежаванні для беларусаў і расейцаў былі аднолькавыя. Аднак санкцыі ў дачыненні грамадзянаў двух краінаў падзялілі. У прыватнасці, для беларусаў не змянілі парадак атрымання відаў на жыхарства ў Літве і не забаранілі набываць у рэспубліцы нерухомасць. Пры гэтым захаваліся абмежаванні на выдачу візаў.
Сяргей Крот belsat.eu