У Беларусі дазволілі прадаваць лекі ў інтэрнэце. Якія і на якіх умовах

Міністэрства аховы здароўя зацвердзіла інструкцыю пра парадак рознічнага гандлю лекамі праз інтэрнэт. Пастанова №69 ад 3 траўня была афіцыйна апублікаваная на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале 20 траўня. Дакумент набывае моц пасля афіцыйнай публікацыі.

Знак аптэкі. Менск, Беларусь. 25 чэрвеня 2022 года. Фота: Белсат

Паводле пастановы, прадаваць лекі ў інтэрнэце могуць юрыдычныя асобы, што маюць ліцэнзію на фармацэўтычную дзейнасць, якая дазваляе раздробны гандаль лекаў дыстанцыйным спосабам. Спіс юрасобаў, якія прадаюць лекі, сфармуе і размесціць на сваім сайце Дзяржфармнагляд.

Юрасобы могуць прадаваць лекі праз інтэрнэт-аптэку на ўласным сайце. Пры гэтым продаж уключае фармацэўтычнае кансультаванне спажыўца, прыём заказаў, іх фармаванне, захоўванне і дастаўку спажыўцу.

Прадаваць праз інтэрнэт можна безрэцэптурныя лекі, уключаныя ў адпаведны пералік Міністэрства аховы здароўя, акрамя тых, у якіх доля этылавага спірту перавышае 25%.

Таксама прадавец павінен размясціць на сайце звесткі пра юрыдычную асобу, наяўнасць ліцэнзіі, рэжым працы інтэрнэт-аптэкі і г. д. А на галоўнай старонцы інтэрнэт-аптэкі павінны знаходзіцца:

  • звесткі пра лекі, якія падлягаюць рознічнай гандлю ў інтэрнэце (назва, найменне вытворцы, тэрмін прыдатнасці, колькасць, рознічная цана, умовы захоўвання, інструкцыя ўжывання);
  • умовы і спосабы набыцця і аплаты лекаў;
  • спосабы і тэрміны;
  • кошт і ўмовы аплаты дастаўкі;
  • звесткі пра ўмовы, тэрміны і парадак скасавання дамовы;
  • звесткі пра правы спажыўца і абавязкі юрасобы;
  • звесткі пра месца знаходжання кнігі заўваг і прапаноў, нумар тэлефона, адрас электроннай пошты асобы, упаўнаважанай разглядаць звароты спажыўцоў аб парушэнні іх правоў;
  • узоры плацежных дакументаў, якія пацвярджаюць прыём ад спажыўца наяўных грошай.

Для дастаўкі лекаў можна выкарыстоўваць уласную службу дастаўкі юрыдычныя асобы або кур’ерскую арганізацыю.

Якуб Хруст belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны