У Беларусі назвалі найлепшыя гарады і вёскі для жыцця. Хто трапіў у спіс?

У Беларусі падвялі вынікі штогадовага рэспубліканскага агляду санітарнага стану і добраўпарадкавання населеных пунктаў, які праходзіў у 2022 годзе. Адпаведную пастанову прэм’ер-міністра Рамана Галоўчанкі апублікавалі 20 траўня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Пераможцы атрымаюць пераходны вымпел і грашовы прыз з рэспубліканскага бюджэту.

Чыгуначны вакзал у Берасце, Беларусь. Верасень 2022 года. Фота: чытачы / Белсат

Сярод сталіцы і абласных цэнтраў пераможцам стаў Берасце, які набраў 305 балаў. У якасці прыза мясцовыя ўлады атрымаюць 296 тысяч рублёў.

З гарадоў з насельніцтвам ад 50 тыс. жыхароў найлепшымі прызнаныя Мазыр (233 балы) і Бабруйск (231 бал). Ім дадуць па 111 тысяч рублёў.

Сярод населеных пунктаў з насельніцтвам ад 10 да 50 тыс. жыхароў тытул пераможцаў атрымалі Жабінка (262 балы), Маларыта (252) і Глыбокае (236). Ім дадуць па 74 тысячы рублёў.

Найлепшымі сярод гарадоў і гарадскіх пасёлкаў з насельніцтвам да 10 тыс. жыхароў сталі Брагін (230), Бялынічы (230), Чэрыкаў (216) і гарадскі пасёлак Антопаль Драгічынскага раёну (225). Іх прыз – 55,5 тысячы рублёў.

На сяле пераможцамі сталі вёскі Махро (181) і Ляскавічы (168) Іванаўскага раёну, аграгарадок Дабрамыслі (169) Лёзненскага і аграгарадок Ахрэмаўцы (159) Браслаўскага раёну, а таксама населены пункт Атар (164) Чачэрскага раёну. Ім дадуць па 29,6 тысячы рублёў.

Таксама ўлады адзначылі значны ўклад у павышэнне ўзроўню добраўпарадкаванасці гарадоў Бяроза, Петрыкаў, Кобрын, Полацк, Ворша, гарадскіх пасёлкаў Янавічы Віцебскага раёну, Целяханы Івацэвіцкага, Вялікая Бераставіца Бераставіцкага, аграгарадкоў Гарбаха Іванаўскага раёну, Вішоў Бялыніцкага і Туголіца Бабруйскага.

Падчас ацэнкі населеных пунктаў ацэньваюць, сярод іншага, якасць дарожнага пакрыцця, плошчу зялёных насаджэнняў на аднаго жыхара, колькасць спартовых пляцовак, забяспечанасць прыбіральнямі, ахоп раздзельным зборам смецця, добраўпарадкаванне могілак і нават колькасць праведзеных суботнікаў.

Якуб Хруст belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны