Шчыльныя баі і лакальныя змены па фронце. Што адбываецца ва Украіне?

«Белсат» падводзіць вынікі 848-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 20 чэрвеня чытайце ў нашым аглядзе.

Сумскі і харкаўскі кірунак (лінія фронту ў памежных раёнах аднайменных вобласцяў)

На поўначы Харкаўскай вобласці працягваюцца баі на двух участках фронту – у ваколіцах сяла Глыбокае, а таксама на тэрыторыі гораду Ваўчанск і каля яго (у Харкаўскім і Чугуеўскім раёнах адпаведна).

Ваенкор Сямён Пегаў гаворыць, што інтэнсіўнасць баявых дзеянняў застаецца высокай, але пакуль украінскія вайскоўцы не могуць дасягнуць істотных поспехаў.

Іншая прарасейская крыніца – тэлеграм-канал «Два майора» – піша, што актыўнасць Збройных сілаў Украіны знізілася, і цяпер яны засяродзіліся на эвакуацыі параненых і перакіданні рэзерваў да лініі сутыкнення.

Тым часам праўкраінскі «Бахмутський Балу» фіксуе невялікі рух ЗСУ на некаторых пазіцыях, пры гэтым агулам крыніца адзначае зніжэнне актыўнасці абодвух праціўнікаў.

Спаленая расейская тэхніка і разбітыя грамадзянскія аўтамабілі на Міхайлаўскай плошчы ў Кіеве. На заднім плане – Міхайлаўскі Залатаверхі сабор. Кіеў, Украіна. 28 траўня 2024 года. Фота: Уладзіслаў Максіменка / Белсат

Купянскі і ліманскі кірункі (усходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі, што на купянскім і ліманскім кірунках цягам апошніх содняў Сілы абароны краіны адбілі шэраг атак праціўніка ў ваколіцах населеных пунктаў Сынькоўка, Стэпавая Навасёлаўка, Пішчанае, Стэльмахаўка, Неўскае, Сяргееўка і Церны. Каля Сынькоўкі і Стэпавой Навасёлаўкі баі працягваюцца.

Сівэрскі, краматорскі і тарэцкі кірункі (лінія фронту ў Данецкай і Луганскай вобласцях з поўдня ад ракі Сівэрскі Данец)

На так званым сівэрскім выступе па фронце Узброеныя сілы РФ шэраг разоў атакавалі каля сяла Раздолаўка, але прасунуцца не здолелі. Нагадаем, раней прарасейскія крыніцы пісалі, што гэты населены пункт аточаны з усходу, поўдня і захаду войскамі РФ.

Ніжэй па фронце, паводле Генштабу ЗСУ, што расейцы наступаюць у ваколіцах населеных пунктаў Калінаўка, Часаў Яр, Іванаўскае, Клішчыеўка, Андрэеўка і Тарэцк.

Аналітыкі праекту Deepstate гавораць, што ў Калінаўцы УС РФ намагаюцца з дапамогай цяжкай тэхнікі прабіцца да каналу Сівэрскі Данец – Данбас і замацавацца за ім, але пакуль Сілам абароны Украіны ўдаецца стрымліваць праціўніка.

Прарасейскі тэлеграм-канал «НгП раZVедка» піша, што пад Тарэцкам актыўна контратакуюць ЗСУ, імкнучыся вярнуць раней страчаныя пазіцыі, але пакуль поспеху не маюць. Нагадаем, 19 чэрвеня войскі прасунуліся на ўсходзе ад гораду ў ваколіцах населеных пунктаў Паўночнае і Нью-Ёрк.

Пакроўскі і курахаўскі кірункі (на поўначы, захадзе і паўднёвым захадзе ад Данецку)

Ініцыятыва Узброеных сілаў РФ захоўваецца і на пакроўскім кірунку, дзе яны наступаюць шырокім фронтам з захаду ад раней занятага гораду Аўдзееўка.

Праўкраінскі тэлеграм-канал «Офіцер» піша, што на паўднёвым фланзе кірунку войскі РФ зайшлі ў Карлаўку і цяпер кантралююць прынамсі палову населенага пункту. Адзначаецца, што сітуацыя застаецца складанай для ЗСУ.

Прарасейскі тэлеграм-канал «Рыбарь» фіксуе рух УС РФ і на захадзе ад сяла Нятайлава. Акрамя гэтага паведамляецца пра цяжкія баі за населены пункт Сокал.

На курахаўскім кірунку, паводле крыніцы, расейцы ціснуць у цэнтральнай частцы Краснагораўкі, намагаючыся ўзяць у паўкацёл вайскоўцаў ЗСУ, якія абараняюць у прыватным сектары гораду.

Далей на поўдзень войскі РФ зайшлі на ўсходнія ўскрайкі сяла Максімільянаўка, адначасова з гэтым ідуць баі на паўднёвым усходзе ад населенага пункту.

Пры гэтым Збройныя сілы ўсё яшчэ ўтрымліваюць паўночна-заходнія ўскрайкі суседняга сяла Георгіеўка.

Урэмаўскі, арэхаўскі і прыдняпроўскі кірункі (захад Данецкай, а таксама Запарожская і Херсонская вобласці)

На паўднёвым участку фронту ў Данецкай вобласці, па словах украінскага камандавання, ЗСУ адбілі атакі праціўніка ў ваколіцах сяла Вадзяное.

У Запарожскай вобласці сітуацыя застаецца нязменнай: расейцы ціснуць на выступе па фронце каля гораду Арэхаў, але істотных поспехаў не маюць.

У Херсонскай вобласці з абодвух бакоў дзейнічаюць малыя пяхотныя групы, якія намагаюцца замацавацца ў астраўной зоне Дняпра – пакуль таксама без зменаў лініі сутыкнення.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Наталля Кулыгіна belsat.eu 

Падпісвайся на telegram Белсату