Святлана Ціханоўская сустрэлася з міністрам замежных справаў Арменіі

Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская сустрэлася ў Вільні з міністрам замежных справаў Арменіі Араратам Мірзаянам. Падчас дыялогу бакі абмеркавалі палітычную сітуацыю ў Беларусі, Арменіі і рэгіёне, а таксама супрацу беларускіх дэмакратычных сілаў з урадам, парламентам і грамадзянскай супольнасцю Арменіі.

Святлана Ціханоўская з міністрам замежных справаў Арменіі Араратам Мірзаянам. Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай.

Асобна Ціханоўская і Мірзаян размаўлялі пра становішча беларусаў у Арменіі, а менавіта – пра нявыдачу беларускіх грамадзянаў па запытах рэжыму Лукашэнкі.

Напрыканцы сустрэчы беларуская лідарка выказала спадзяванне на працяг шчыльнай супрацы паміж Арменіяй і дэмакратычнымі сіламі Беларусі. Ціханоўская падкрэсліла: народы Арменіі і Беларусі заслугоўваюць свабодную, дэмакратычную, еўрапейскую будучыню.

Беларус, затрыманы ў Арменіі на запыт уладаў Беларусі, атрымаў статус уцекача

Міністр замежных справаў Арменіі Арарат Мірзаян цяпер знаходзіцца ў Вільні з працоўным візітам. Падчас сустрэчы з кіраўніком МЗС Літвы Габрыэлюсам Ландсбергісам быў падпісаны Мемарандум аб узаемаразуменні паміж МЗС Літвы і Арменіі і аб супрацы па пытаннях, звязаных з Еўразвязам.

13 чэрвеня Арменія выклікала свайго амбасадара ў Беларусі Разміка Хумар’яна для кансультацыяў. Прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашыньян заявіў, што ні ён, ні іншыя афіцыйныя асобы Арменіі не паедуць у Беларусь, пакуль там ва ўладзе застаецца Аляксандр Лукашэнка.

Міністр замежных справаў Арменіі Арарат Мірзаян не прыедзе на паседжанне Савету міністраў замежных справаў АДКБ, што пройдзе 21 чэрвеня ў Алматы.

Арменія абвясціла аб замарожванні сяброўства ў АДКБ у лютым 2024 года, а яшчэ ў лістападзе 2023 года прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашыньян не прыехаў у Менск на саміт АДКБ праз пастанову «не прысутнічаць на гэтых сустрэчах».

Беларусь таемна пастаўляла прасунутыя ўзбраенні Азербайджану – «Politico»

12 чэрвеня 2024 года падчас выступу ў парламенце Нікол Пашыньян зноў загаварыў аб магчымым выхадзе з АДКБ. Тады ж ён рэзка раскрытыкаваў палітыку Аляксандра Лукашэнкі, які падтрымліваў Азербайджан падчас ваеннага канфлікту Арменіі і Азербайджану.

«Адзін з лідараў АДКБ заяўляе, што ён удзельнічаў у рыхтаванні 44-дзённай вайны, натхняў, верыў і жадаў перамогі Азербайджану. Пасля гэтага я павінен пайсці і сесці з Лукашэнкам у фармаце АДКБ ды абмеркаваць любое пытанне? Я фіксую, што ніколі не буду наведваць Беларусі, бо там прэзідэнтам застаецца Аляксандр Лукашэнка. Я заяўляю, што на гэты момант ніхто з афіцыйных прадстаўнікоў Арменіі наогул не наведае Беларусі», – сказаў Пашыньян.

Прэм’ер таксама адзначыў, што дзве краіны з АДКБ удзельнічалі ў рыхтаванні Азербайджанам вайны ў Нагорным Карабаху.

Святлана Ціханоўская падтрымала прэм’ера Арменіі. Паводле яе, «Лукашэнка здрадзіў Арменіі, гэтак жа як і здрадзіў Украіне. Свету патрэбная свабодная і дэмакратычная Беларусь як надзейны партнёр у імя міру, а не падступны дыктатар».

«Лукашэнка шукаць прабачэння не будзе». Якімі цяпер будуць стасункі Арменіі і Беларусі

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны