У Польшчы арыштавалі беларуску, якую судзілі за шпіянаж

У Польшчы арыштавалі беларуску Марыю, якую раней судзілі за шпіянаж у складзе групы з 16 асобаў. Яна атрымала самае мяккае пакаранне – 13 месяцаў зняволення, піша «Fakt».

Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: abw.gov.pl

Марыю абвінавачвалі ў тым, што дала свой банкаўскі рахунак для пераводу сродкаў шпіёнскай сеткі і дапамагала распаўсюджваць улёткі, якімі спрабавалі распаліць непрыязнасць да Украіны.

Марыя прызнала віну і пагадзілася на добраахвотнае адбыццё тэрміну. Частку пакарання яна ўжо адбыла да суда, а затым жанчыну адпусцілі да адбыцця астатняга тэрміну. Таксама Марыя падала заяву аб умоўна-датэрміновым вызваленні і не з’явілася на пасяджэнне суда, які ўсё ж пастанавіў заключыць яе пад варту. Да моманту паўторнага затрымання ёй заставалася адседзець каля трох месяцаў.

Пасля адбыцця пакарання беларуску могуць дэпартаваць.

У групы, у якую ўваходзіла Марыя, быў куратар, з якім узаемадзеялі онлайн. Самы маштабны план, які хацелі ажыццявіць арганізатары, – пусціць пад адхон цягнік з вайсковаю дапамогаю для Украіны. За гэта ім абяцалі $ 10 тысячаў.

Акрамя таго, група назірала за інфраструктурай і вайсковымі абʼектамі ў Польшчы, у тым ліку з дапамогай камераў відэаназірання і GPS-перадатчыкаў у цягніках.

«Беларусы і ўкраінцы». Сярод затрыманых у Польшчы расейскіх шпіёнаў расейцаў не было

Арсен Рудэнка belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны