Візіты Пуціна ў КНДР і В’етнам. Ці атрымліваецца ў Крамля сабраць сваю «вось зла»?

Кіраўнік Расеі Уладзімір Пуцін здзяйсняе візіты ў краіны Далёкага Усходу. Спачатку ён наведаў Паўночную Карэю, а пасля прыбыў у В’етнам. На пачатку чэрвеня з візітам у Манголіі быў і самаабвешчаны кіраўнік Беларусі. Пра тое, што стаіць за гэтымі візітамі, чаго ад іх чакаць і чаго асцерагацца, «Белсат» паразмаўляў з Алінай Грыцэнкай – доктарам філасофіі ў паліталогіі, галоўным кансультантам Нацыянальнага інстытуту стратэгічных даследаванняў Украіны.

Кіраўнік Расеі Уладзімір Пуцін і лідар Паўночнай Карэі Кім Чэн Ын едуць на машыне падчас афіцыйнай цырымоніі прывітання на плошчы Кім Ір Сэна ў Пхеньяне, КНДР. 19 чэрвеня 2024 года. Фота: Korean Central News Agency / Korea News Service / AP / East News

Уладзімір Пуцін прыбыў з візітам у сталіцу КНДР Пхеньян 18 чэрвеня. Візіт праходзіў у пышнай абстаноўцы, суправаджаўся ўручэннем узнагародаў і падпісаннем пагадненняў. Найбольшую занепакоенасць сярод іх выклікала дамова аб стратэгічным партнёрстве, згодна з якою краіны абавязаліся даць усю наяўную вайсковую дапамогу, калі адзін з бакоў зазнае напад і акажацца ў стане вайны. Кім Чэн Ын звязаў дамову з барацьбой з «гегеманісцкай і імперыялістычнай» палітыкай Захаду.

«Але калі разважаць пра практычнае вымярэнне, што Расея можа паставіць КНДР ці наадварот, то тут трэба адзначыць, што варыянтаў не так ужо і шмат, і гэтыя два пункты аб гарантыях бяспекі, найбольш верагодна, былі ўключаныя ў дамову ў якасці інструмента запалохвання і стрымлівання», – мяркуе Аліна Грыцэнка.

Палітолаг адзначыла, што ўлады КНДР «паранаідальна» ставяцца да ўсіх краінаў рэгіёну і свету, у тым ліку і да Кітаю і «абсалютна сур’ёзна мяркуюць, што ЗША разам з Паўднёвай Карэяй могуць падрыхтавацца да ўварвання ў КНДР з мэтай зрушэння рэжыму, аднаўлення дэмакратыі і абʼяднання дзвюх Карэяў». І хоць сама верагоднасць такой інтэрвенцыі з’яўляецца вельмі нізкай, у выпадку яе рэалізацыі «Расея вельмі мала што можа прапанаваць Паўночнай Карэі», бо ў яе самой вельмі мала рэсурсаў, заявіла Грыцэнка. Таксама, на яе думку, і КНДР не зможа дапамагчы Расеі ў выпадку яе гіпатэтычнай вайны з NATO.

«Таму гэта, хутчэй за ўсё, такі дыпламатычны інструмент запалохвання ў адрас перадусім ЗША, бо гэта па сутнасці адзіны агульны ў іх вораг. Яны ў прынцыпе выкарыстоўваюць аднолькавыя механізмы запалохвання [ядравы шантаж. – рэд. belsat.eu] у дачыненні Амерыкі», – заявіла палітолаг.

КНДР, імаверна, пастаўляе Расеі балістычныя ракеты. Што гэта значыць для Украіны і свету

З практычнага пункту гледжання, паводле яе, візіт Пуціна ў КНДР можа быць звязаны з паглыбленнем супрацы ў вайсковай сферы, бо «КНДР максімальна дае Расеі падтрыманне ў працягу вайны супраць Украіны, актыўна падтрымлівае фронт не толькі ўзбраеннямі, снарадамі, боепрыпасамі, але і чалавечымі рэсурсамі».

Грыцэнка адзначыла, што агулам супраца Масквы і Пхеньяна «напружвае», бо набывае «новыя маштабы». На яе думку, каб супрацьстаяць гэтаму, неабходна ўзмацняць санкцыйны ціск на расейскую эканоміку за супрацу з КНДР.

В’етнаму не патрэбныя санкцыі праз Расею

19 чэрвеня Пуцін з Паўночнай Карэі прыляцеў у В’етнам. Там спіс тэмаў для абмеркавання быў даволі шырокім: ад чартарных рэйсаў да інвестыцыяў. Закраналася і супраца ў сферы абароны. Аднак украінскі палітолаг бачыць у гэтым візіце перадусім дыпламатычны кантэкст:

«Цяпер у Пуціна вельмі абмежаванае кола краінаў, у якія ён можа паехаць, не баючыся за сваю бяспеку і за тое, што яму прадʼявяць ордар на арышт ад Міжнароднага крымінальнага суда. І плюс яшчэ і будуць прымаць з такім размахам, як гэта было ў Пекіне, як гэта мы назіралі ў Пхеньяне, у Ханоі».

Прэзідэнт В’етнаму То Лам і кіраўнік Расеі Уладзімір Пуцін ідуць па чырвонай дарожцы ў прэзідэнцкім палацы ў Ханоі, Вʼетнам. 20 чэрвеня 2024 года. Фота: Minh Hoang / Pool / AP Photo / East News

На думку Грыцэнкі, такія візіты дапамагаюць Крамлю паказваць унутранай аўдыторыі, што Расея не знаходзіцца ў сусветнай ізаляцыі, што ў яе ёсць сяброўскія краіны. Аднак, дадала яна, В’етнам – хоць і камуністычная дзяржава, але не таталітарная, як КНДР. Яго эканоміка расце найбольш хутка ў Паўднёва-Усходняй Азіі. Адбываецца гэта ў тым ліку праз тое, што такія краіны, як Аўстралія, Новая Зеландыя, Паўднёвая Карэя і іншыя, баючыся санкцыяў, пераносяць у В’етнам свае вытворчасці з Кітаю, стасункі якога з ЗША робяцца ўсё больш «таксічнымі».

Тым не менш, Ханой з’яўляецца ўсё ж сяброўскай да Крамля краінай, у тым ліку таму, што шмат хто з прадстаўнікоў в’етнамскай эліты навучаўся яшчэ ў СССР і мае «настальгічныя сентыменты» да Расеі, заявіла Грыцэнка. Аднак практычных дамоўленасцяў яна чакае перадусім у эканоміцы, энергетыцы, адукацыі і ахове здароўя, а не ў вайсковай галіне.

«Вʼетнам – нейтральная краіна, якая актыўна прытрымліваецца трох «не»: не – вайсковым альянсам, не – супрацы супраць іншых краінаў і не – вайсковым базам на тэрыторыі Вʼетнаму. Таму нейкіх рэзкіх крокаў у дачыненні Расеі ў плане вайскова-тэхнічнай супрацы Вʼетнам рабіць не будзе», – сказала палітолаг.

Яна не выключае, што Расея зацікаўленая ў пастаўках з В’етнаму старой савецкай тэхнікі. Але суразмоўца мяркуе, што Ханой у гэтым адмовіць, бо не захоча ахвяраваць сваім эканамічным развіццём, якое можа стаць ахвярай санкцыяў праз занадта шчыльныя кантакты з РФ.

Ці змог Лукашэнка пераманіць Манголію

Напачатку чэрвеня з працяглым візітам у Азіі быў і саюзны Крамлю Аляксандр Лукашэнка, які наведаў Манголію. Тады сярод іншага выказваліся меркаванні, што ён мог прыляцець на просьбу Крамля. Аднак Грыцэнка не верыць у тое, што Манголія магла б далучыцца да прарасейскага лагера, у тым ліку таму, што шчыльна супрацоўнічае з ЗША.

«Злучаныя Штаты там даволі актыўна спрабуюць замацавацца, выкарыстоўваць Манголію як свайго кшталту плацдарм для праецыравання ўплыву ў Цэнтральнай Азіі. Манголія ж гатовая супрацоўнічаць з ЗША, бо хоча выбрацца з пасткі заціснутасці паміж Расеяй і Кітаем», – заявіла палітолаг.

«Вялікі Чынгісхан», адносная свабода слова і дзёрзкі былы прэзідэнт. Што трэба ведаць пра Манголію

Цікаўнасць да Манголіі расце і з боку іншых заходніх краінаў. Летась там былі прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон, папа Рымскі Францішак. Так што, мангольскія ўлады «актыўна зараз дыверсіфікуюць вонкавапалітычныя і вонкаваэканамічныя сувязі».

«Расея цяпер нейкага ціску на Манголію зможа аказваць усё менш і менш, бо ў Расеі вычэрпваюцца рэсурсы, і яна ўжо страціла ўсе тыя рэгіёны, якія раней патэнцыйна можна было б назваць сферай уплыву і цікавасці Расеі: і Цэнтральную Азію, і Каўказ. Аўтарытэт Расеі падае штомесяц усё больш і больш, яна ўсё больш і больш аказваецца ў ізаляцыі», – падкрэсліла Грыцэнка.

Таму візіт Лукашэнкі ва Улан-Батар яна звязала перадусім з абмежаванасцю кола краінаў, у якія ён мог бы паехаць і дзе б мог заключыць нейкія дамоўленасці.

Ніхто не хоча ў «вось зла»

На думку ўладаў ЗША, галоўнай мэтай візіту Пуціна ў краіны Азіі было збіранне кааліцыі. Старэйшы дырэктар у пытаннях Еўропы Рады нацыянальнай бяспекі Белага дому Майкл Карпэнтэр адзначыў па выніках візіту, што найбліжэйшымі партнёрамі РФ сталі Паўночная Карэя, Іран, Сірыя і «у вядомай ступені» Кітай, які «хоць і не надае Расеі зброі, але дасылае шмат прадукцыі падвойнага прызначэння для вытворчасці перадавых сістэмаў узбраення».

Людзі махаюць картэжу з Кім Чэн Ынам і Уладзімірам Пуціным падчас цырымоніі прывітання на плошчы Кім Ір Сэна ў Пхеньяне, КНДР. 19 чэрвеня 2024 года. Фота: Gavriil Grigorov / Pool / AFP / East News

Аднак, як лічыць Грыцэнка, сярод краінаў Азіі далучыцца да ўмоўнай прарасейскай і антыамерыканскай «восі зла» не так і шмат ахвочых.

«Можа тэарэтычна быць Афганістан, але яны ў сваіх магчымасцях дапамагчы Расеі працягваць вайну супраць Украіны таксама абмежаваныя», – сказала палітолаг.

А вось іншыя азіяцкія краіны, нават камуністычныя і сяброўскія Расеі В’етнам і Лаос, прытрымліваюцца нейтралітэту і сканцэнтраваныя перадусім на справах Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёну. Бедны ж Лаос нават і прапанаваць нічога не можа Крамлю, акрамя дыпламатычнага падтрымання.

«Краіны Азіі вельмі прагматычныя ў сваёй палітыцы. Як правіла, імкнуцца прытрымлівацца нейтралітэту, бо гэта выгадна і дазваляе балансаваць паміж рознымі цэнтрамі сілы, не падтрымліваючы актыўна ніводнага з бакоў», – заключыла суразмоўца.

Яна нагадала, што гэта таксама традыцыя руху недалучэння, які быў папулярны якраз у Азіі ў часы Халоднай вайны.

Макар Мыш belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны