Запуск Запарожскай АЭС нясе вялікую пагрозу

У фінальным камюніке саміту міру, які адбыўся ў Швейцарыі 16–17 чэрвеня, было закранутае пытанне ядравай бяспекі Украіны. Сярод іншага было падкрэслена, што Запарожская АЭС, як і іншыя ўкраінскія атамныя станцыі і ўстаноўкі, мусіць працаваць пад поўным суверэнным кантролем Украіны. Што гэта азначае, калі ўлічваць, што станцыя месціцца на акупаванай расейскімі войскамі тэрыторыі, і якія пагрозы цяпер ёсць на ЗАЭС?

Запарожская атамная станцыя. 29 сакавіка 2023 года. Фота: AA/ABACA / Abaca Press / Forum

Чарговая рэзалюцыя?

«Украінскія атамныя электрастанцыі і ўстаноўкі, у тым ліку Запарожская АЭС, мусяць працаваць бяспечна і надзейна, пад поўным суверэнным кантролем Украіны, у адпаведнасці з прынцыпамі МАгАтЭ і пад яго назіраннем», – так гучыць фармулёўка камюніке, прынятая на саміце міру ў Швейцарыі.

Гэта далёка не першая заява, зробленая на высокім узроўні. Паводле  сузаснавальніцы грамадскай арганізацыі «Антыкрызісны экспертны ядравы цэнтр Украіны» Вольгі Кашарнай, пра недапушчальнасць акупацыі ядравых аб’ектаў на тэрыторыі Украіны гаварылася таксама ў рэзалюцыі, ухваленай Генеральнай канферэнцыяй МАгАтЭ ў верасні 2023 года. У ёй патрабавалася неадкладна вярнуць ЗАЭС пад поўны кантроль Украіны.

Акрамя таго, былі выпушчаныя яшчэ чатыры рэзалюцыі рады кіраўнікоў МАгАтЭ, апошняя  – у сакавіку 2024 года, у якіх таксама гучалі патрабаванні тэрміновага вываду расейскіх вайскоўцаў і іншага персаналу з Запарожскай АЭС і вяртання яе пад украінскі кантроль. Адразу пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання і захопу ЗАЭС расейскімі войскамі з магутнай рэзалюцыяй выступіла Генасамблея ААН.

Але ў адрозненне ад папярэдніх рэзалюцыяў, якія рабіліся на ўзроўні прадстаўнікоў розных краінаў у той ці іншай арганізацыі (МАгАтЭ ці ААН), камюніке па выніках саміту міру было зробленае ад імя першых асобаў вялікай колькасці дзяржаваў.

На думку Вольгі Кашарнай, гэтая заява мае ўжо зусім іншую вагу, асабліва ў рамках інфармацыйнай вайны, што актыўна вядзецца паміж Захадам і Расеяй. Пры гэтым, адзначыла суразмоўца «Белсату», у камюніке былі ўключаныя менавіта тыя пункты, паводле якіх можна было дасягнуць кансэнсусу.

Тым часам Расея, падкрэслівае экспертка, не выконвае ніякіх рэзалюцыяў. Як не выконвае і міжнароднай канвенцыі аб супрацьдзеянні актам ядравага тэрарызму, якую яна ў свой час ініцыявала і для якой была аўтарам першага праекту.

«Там ёсць артыкул другі, дзе ўсё, што яна [Расея] зрабіла на тэрыторыі Украіны адносна ядравых аб’ектаў, – гэта злачынствы: правілы вядзення вайны, што нельга абстрэльваць АЭС і гэтак далей. То бок яна не выконвае нічога», – падкрэслівае Вольга Кашарная.

Захоп станцыі – асобны праект Расеі

Ці збіралася Расея выконваць канвенцыі, захопліваючы Запарожскую АЭС, пытанне адкрытае. Асабліва ў святле таго, што захоп станцыі мог быць асобным праектам для Расеі, які планаваўся мэтанакіравана і з дапамогай якога яна хацела дасягнуць некалькіх мэтаў. Адна з іх, піша «The Insider», гэта атрыманне інфармацыі пра тэхналогіі выкарыстання амерыканскага ядравага паліва «Westinghouse» і аўтаматыкі станцыі. Паводле працаўнікоў АЭС, якія размаўлялі з выданнем, расейцы маглі спрабаваць вывезці новыя зборкі ядравага паліва або крытычна важнае абсталяванне, як гэта было зробленае падчас захопу Чарнобыльскай АЭС.

Яшчэ адной мэтай было перападключэнне станцыі да расейскай энергасістэмы і забеспячэнне энергадэфіцытнага Крыму, анексаванага яшчэ ў 2014 годзе. Праўда, дзеля таго каб «адвязаць» ЗАЭС ад энергасістэмы Украіны, Расея пачала мэтанакіравана знішчаць лініі электраперадачы, што звязваюць станцыю з украінскай энергасістэмай.

Захопленая 3 сакавіка 2022 года, на самым пачатку расейскага поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну, Запарожская АЭС адразу ж стала прадметам шантажу з боку Расеі. У адрозненне ад выведзенай з эксплуатацыі Чарнобыльскай станцыі, таксама захопленай расейскімі войскамі, ЗАЭС забяспечвала больш за 20 % ад аб’ёму ўкраінскай электраэнергіі. Запарожская АЭС лічыцца адною з найбуйнейшых у Еўропе і ўваходзіць у дзясятку найбольш магутных атамных станцыяў свету.

Адразу пасля захопу станцыі ўкраінскі «Энергаатам», адказны за яе эксплуатацыю, пастанавіў спыніць два з шасці рэактараў. На дадзены момант усе шэсць блокаў застаюцца ў стадыі «халоднага спынення» – гэта бяспечны стан рэактару, калі ён заглушаны пры нізкім ціску і нізкай тэмпературы ахаладжальнай  вады.

Што ж да планаў Расеі, то, паводле інфармацыі Каралеўскага аб’яднанага інстытуту абаронных даследаванняў, украінскія атамныя станцыі пасля захопу мусілі выкарыстоўвацца ў якасці базаў для расейскіх войскаў і іх абсталявання. Расейскае камандаванне мела намер пасля атрымання поўнага кантролю над станцыямі здабыць рычагі для рэгулявання эканомікі Украіны і выкарыстоўваць АЭС у якасці шантажу еўрапейскіх краінаў для стрымлівання наўпроставага або ўскоснага ўмяшання ў вайну.

Функцыянаванне пад абстрэламі

За час акупацыі Запарожская АЭС неаднойчы трапляла пад абстрэлы. Паведамленні пра гэта былі дастаткова рэгулярнымі, пачынаючы з сакавіка 2022 года. Пры гэтым Расея і Украіна абвінавачваюць адна адну ў здзяйсненні такіх нападаў.

На пачатку жніўня 2022 года кіраўнік МАгАтЭ Рафаэль Гросі папярэдзіў, што найбуйнейшая ў Еўропе атамная станцыя «поўнасцю выйшла з-пад кантролю». Ён заклікаў Расею і Украіну дазволіць наведванне станцыі экспертамі МАгАтЭ для таго, каб стабілізаваць сітуацыю і пазбегчы ядравай катастрофы. Да заклікаў Гросі далучыўся таксама генеральны сакратар ААН, пасля чаго Уладзімір Пуцін даў дазвол наведаць станцыю прадстаўнікам ААН з мэтай інспекцыі.

Генеральны дырэктар МАгАтЭ Рафаэль Гросі наведвае Запарожскую АЭС падчас свайго візіту ва Украіну 15 чэрвеня 2023 года. Фота: ABACA / Abaca Press / Forum

Падчас інспекцыі не абышлося без інцыдэнтаў: за некалькі гадзінаў да візіту «Энергаатам» заявіў пра абстрэл ЗАЭС расейскімі войскамі, у выніку чаго быў спынены пяты блок станцыі.

У заключэнні экспертнай камісіі, апублікаваным 6 верасня 2022 года, гаварылася пра тое, што на ЗАЭС парушаныя ўсе «сем неад’емных кампанентаў ядравай бяспекі»: фізічная цэласць станцыі, дзеяздольнасць сістэмаў бяспекі, прымальныя ўмовы для працы работнікаў станцыі, падача электраэнергіі з вонкавых крыніц, сістэма забеспячэння, планавы радыяцыйны маніторынг і выкананне аварыйных захадаў, а таксама сувязь з рэгулятарамі.

Напрыканцы верасня 2022 года паміж Расеяй і Украінай пачаліся перамовы аб стварэнні вакол ЗАЭС дэмілітарызаванай зоны. Аднак праз паўгода яны, як адзначыў міністр энергетыкі Украіны Герман Галушчанка, «зайшлі ў тупік».

30 верасня 2022 года Расея заявіла пра анексію Запарожскай вобласці, а ўжо 5 кастрычніка Уладзімір Пуцін даў расейскаму ўраду загад перападключыць станцыю да расейскай энергасістэмы, абгрунтоўваючы гэта тым, што цяпер яна нібыта месціцца на тэрыторыі РФ.

Працаўнікі як закладнікі

Трэба разумець, што на станцыі па-ранейшаму працуюць украінскія спецыялісты, на плячах якіх застаецца бяспечная эксплуатацыя ЗАЭС. Да моманту захопу ЗАЭС колькасць персаналу дасягала 11 тысячаў чалавек. Ва ўмовах акупацыі праца была арганізаваная так, што спачатку работнікі атрымлівалі загады з украінскага «Энергаатаму», а пасля ўзгаднялі іх з расейцамі.

У прэсе рэгулярна з’яўляліся факты пра катаванні і нават забойствы персаналу ЗАЭС: некаторых работнікаў вывозілі ў невядомым кірунку, запужвалі, тыднямі трымалі ў сутарэннях. Так, перад прыездам місіі МАгАтЭ ў жніўні 2022 года стала вядома пра шматлікія збіцці, катаванні токам і газам, гвалт над жанчынамі – такім чынам персанал атамнай станцыі папросту стаўся закладнікам у расейцаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: dialog.ua

Паводле Генштабу ЗСУ, на пачатак студзеня 2023 года расейскія вайскоўцы прымусілі каля трох тысячаў працаўнікоў ЗАЭС атрымаць расейскія пашпарты. Таксама персанал актыўна прымушалі падпісваць новыя кантракты са структурамі «Росатаму», у адваротным выпадку людзі маглі не атрымаць доступу на працу.

Станам на канец студзеня 2023 года 1,5 тысячы працаўнікоў страцілі магчымасць працы на ЗАЭС. У канцы сакавіка 2023 года на ёй засталося  6,5 тысячы чалавек. Пры гэтым вядома, што на ЗАЭС прывозілі спецыялістаў з расейскіх атамных станцыяў.

Асноўныя рызыкі

У той жа час менавіта з адсутнасцю добра падрыхтаваных спецыялістаў звязвае асноўныя рызыкі ў функцыянаванні ЗАЭС Вольга Кашарная. Асабліва актуальна гэта ў святле таго, што ў расейскага кіраўніцтва саспеў план што б там ні было ўвесці ў працу хаця б адзін з энергаблокаў Запарожскай атамнай станцыі.

Адпаведны план перазапуску ЗАЭС быў апублікаваны 14 траўня 2024 года. У ім заяўлена пра намер пабудаваць вялікую помпавую станцыю для пастаўкі вады на АЭС (раней станцыя брала ваду для ахалоджвання рэактараў з Кахоўскага вадасховішча, што знікла пасля падрыву дамбы 6 чэрвеня 2023 года).

«Калі да «вялікай вайны» [на станцыі] было дзвесце асобаў, якія мелі персанальныя ліцэнзіі на кіраванне рэактарнымі ўстаноўкамі, ажыццяўленне арганізацыйна-распараджальных функцыяў, то цяпер з украінскага персаналу, якія мелі ліцэнзіі, толькі 22 чалавекі падпісалі кантракты», – кажа Вольга Кашарная.

Суразмоўца «Белсату» ўдакладняе, што за час незалежнасці Украіны ўся электроніка, датычная кіравання рэктарам і кантролю над ім, у тым ліку шчыта кіравання, за якім працуе аператар, была поўнасцю замененая на электроніку ўкраінскай вытворчасці. Гэта значыць, што аўтаматычная сістэма кіравання тэхналагічнымі працэсамі (АСКТП), сістэма кантролю рэактару цяпер мае зусім іншы інтэрфейс. Таму, калі на ЗАЭС прыязджаюць спецыялісты з расейскіх атамных станцыяў, яны не могуць разабрацца ў гэтых сістэмах.

Запарожская АЭС. Фота: AA/ABACA / Abaca Press / Forum

Але пасля пабудовы помпавай станцыі, лічыць Вольга Кашарная, расейцы абавязкова паспрабуюць запусціць блок ЗАЭС. Гэта можа адбыцца недзе ў снежні 2024 года.

«Небяспека менавіта ў запуску. Таму што [адбылася] дэградацыя абсталявання, не рабіліся своечасовыя рамонты, адсутнасць кваліфікацыі персаналу, бо набіраюць з Курскай і Смаленскай станцыяў, дзе ўвогуле выкарыстоўваюцца рэактары чарнобыльскага тыпу, а гэта зусім іншы прынцып кіравання. Гэта вялікая праблема», – адзначыла Вольга Кашарная.

Пры гэтым суразмоўца дадала, што падчас працы сябрам Дзяржатамрэгулявання Украіны яна была ў камісіі, што раз на год разглядала прычыны парушэння ўмоваў нармальнай эксплуатацыі атамных станцыяў, падчас чаго высвятлялася, што каля 60–70 % парушэнняў у працы АЭС было звязана з чалавечым фактарам.

Што да выпадку з Запарожскай АЭС, то кошт такой памылкі будзе занадта высокі. Згодна з вылічэннямі аўстрыйскага атамніка Нікаляўса Мюльнэра з Венскага ўніверсітэту прыродных рэсурсаў, калі на тэрыторыі ЗАЭС здарыцца выбух, то тэрыторыя вакол станцыі радыусам 20–30 кіламетраў будзе настолькі забруджаная цэзіем, што гэта будзе патрабаваць стварэння зоны адчужэння, як у Чарнобылі.

Выбух таксама можа пагражаць з імавернасцю 1–3 % такім краінам, як Польшча, Славаччына, Чэхія, Вугоршчына і Румынія.

На Запарожскай АЭС магчымы фукусімскі сцэнар

Раман Шавель belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны