Парламент Чарнагорыі вынес вотум недаверу ўраду на чале з прэм’ер-міністрам Дрытанам Абазавічам, які на пачатку жніўня падпісаў пагадненне з Сербскай праваслаўнай царквой (СПЦ).
За адстаўку ўраду прагаласавалі 50 дэпутатаў з 81, у тым ліку з кіроўнай кааліцыі, піша Reuters.
На думку ініцыятараў адстаўкі ўраду, каманда прэмʼер-міністра Абазавіча абяцала дабіцца прагрэсу ў рэформах для ўступлення Чарнагорыі ў Еўразвяз, але замест гэтага засяродзілася на дачыненнях з СПЦ, нагнятаючы напружанасць у грамадстве.
Сам Абазавіч заявіў, што вотум недаверу прасоўвалі «злачынныя групоўкі», каб перашкодзіць антыкарупцыйнай кампаніі ягонага ўраду.
На пачатку жніўня Абазавіч падпісаў пагадненне з патрыярхам СПЦ Парфірыем. Дакумент сярод іншага пацвярджае права ўласнасці царквы на нерухомасць у Чарнагорыі. На думку Абазавіча, пакт мусіў дапамагчы ўрэгуляваць рознагалоссі паміж партыямі, якія выступаюць за Еўразвяз, і тымі, хто падтрымлівае больш шчыльныя сувязі з Сербіяй і Расеяй.
Крытыкі вінавацяць Сербскую праваслаўную царкву ў прасоўванні інтарэсаў суседняй дзяржавы. Акрамя таго, кіраўніцтва СПЦ не прызнае цалкам незалежнасці Чарнагорыі, тады як у Чарнагорыі дзейнічае самастойная, але не прызнаная праваслаўная царква. Празаходнія групы ў Чарнагорыі лічаць пагадненне з царквой прыкметай неправамернага ўплыву Сербіі і Расеі ў іх краіне, асабліва на тле вайны Расеі супраць Украіны.
Абазавіч узначальваў чарнагорскі ўрад з 28 красавіка 2022 года.
Якуб Хруст belsat.eu