Міністры ўнутраных справаў краінаў Балтыі сустрэнуцца ў Варшаве, каб абмеркаваць ПВК Вагнэра

У бліжэйшы час у Варшаве адбудзецца сустрэча міністраў унутраных справаў балтыйскіх краінаў, прысвечаная, сярод іншага, дзейнасці ПВК Вагнэра на тэрыторыі Беларусі, распавёў кіраўнік МУС Польшчы Марыюш Камінскі ў эфіры TVP Info.

ПВК Вагнэра. Крыніца: slovoidilo.ua

Паводле Камінскага, група Вагнэра на на тэрыторыі Беларусі прадстаўляе сур’ёзную пагрозу як для Польшчы, так і для іншых суседзяў Беларусі – так званых краінаў Балтыі, а таксама непасрэдна для беларусаў.

Сустрэча міністраў унутраных справаў адбудзецца па ініцыятыве Польшчы. Падчас яе будуць вызначаныя меры, якія краіны прадпрымуць у адказ на любыя правакацыі з боку беларускіх і расейскіх уладаў і ПВК Вагнэра.

«Мы павінны памятаць, што гаворка ідзе пра групу наймітаў, якія ўдзельнічалі ў жорсткіх баях, жорсткіх забойствах на тэрыторыі Украіны. Значная частка гэтай групы была набраная ў расейскіх турмах. У абмен на згоду ісці на фронт і ваяваць супраць украінскага народу, злачынцы былі вызваленыя», – сказаў Марыюш Камінскі.

Паводле кіраўніка польскага МУС, вагнэраўцы з’яўляюцца дэмаралізаванай і небяспечнай групай.

«Гэтыя некалькі тысяч чалавек не будуць служыць інструктарамі, як выказваецца Лукашэнка, яны будуць ажыццяўляць сваю дзейнасць», – кажа Камінскі.

ПВК Вагнэра стварыла ў Беларусі адукацыйную фірму. Што яна будзе рабіць, улады не ведаюць

Міністр унутраных справаў таксама згадаў расейцаў, затрыманых у Польшчы за распаўсюд улётак з прапагандай Вагнэра.

«Спачатку расейцы былі ў Кракаве, дзе расклеілі каля 300 такіх улётак, потым яны пераехалі ў Варшаву і былі там затрыманыя. Яны былі арыштаваныя, ім прад’яўленыя вельмі жорсткія і сур’ёзныя абвінавачванні, – распавёў Камінскі. – Я думаю, што яны правядуць некалькі гадоў у зняволенні ў Польшчы, пакуль у будучыні суд прыме адпаведныя рашэнні».

ПВК Вагнэра ўжо месяц у Беларусі: што дакладна вядома і якія пытанні застаюцца без адказу

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны