З 22 верасня пачынаецца прыём заяў на атрыманне нацыянальнай (у тым ліку гуманітарнай) візы на тэрыторыі Польшчы. Аб гэтым паведамляе Цэнтр беларускай салідарнасці.
Паводле паведамлення, падаць заяву можна будзе паводле папярэдняга запісу праз сайт visa.vfsglobal.com.
Пасля атрымання даты і часу візіту заяву неабходна будзе падаць у адзін з візавых цэнтраў, размешчаных у Варшаве, Познані або Любліне.
Калі нехта не паспее падаць заявы ў першыя даты, прадугледжаныя дадатковыя даты, якія будуць паступова зʼяўляцца на сайце.
У Цэнтры беларускай салідарнасці адзначаюць, што атрыманне беларусамі візаў не выязджаючы з Польшчы і адпаведныя змены ў польскім заканадаўстве сталіся магчымымі дзякуючы супрацы цэнтру з Офісам Святланы Ціханоўскай і МУС Польшчы.
Адпаведна пастанове міністра замежных справаў аб выдачы нацыянальных візаў замежнікам, якія застаюцца ў Польшчы, беларускі грамадзянін мае права на атрыманне візаў, калі:
1) у дзень падачы заявы легальна застаецца ў Польшчы на падставе дзейнай гуманітарнай візы, а таксама заявіць, што не можа вярнуцца ў краіну паходжання з меркаванняў бяспекі або з прычыны пагрозы рэпрэсіяў ці пераследу;
2) або заявіць, што:
a) непасрэдна да 24 лютага 2022 года легальна быў на тэрыторыі Украіны і
b) прыбыў на тэрыторыю Польшчы ў перыяд пасля 24 лютага 2022 года з тэрыторыі Украіны ў сувязі з ваеннымі дзеяннямі на яе тэрыторыі, а таксама
c) што не можа вярнуцца ў краіну паходжання з меркаванняў бяспекі або з прычыны пагрозы рэпрэсіяў ці пераследу.
Апроч таго, грамадзяне Беларусі могуць падаваць заявы міністру замежных справаў на выдачу візы з мэтай працы ў якасці кіроўцы ў міжнародным транспартаванні грузаў або людзей ці працы ў некамерцыйных міжнародных аўтамабільных перавозках. Умовай ёсць легальны побыт на тэрыторыі Польшчы ў дзень падачы гэтай заявы.
Раней паведамлялася, што грамадзяне Беларусі, якія цяпер у Польшчы, змогуць звяртацца па гуманітарныя візы да 31 снежня 2022 года.
Антон Тачняк belsat.eu