Судовы працэс у «справе Аўтуховіча» з 19 верасня абвясцілі закрытым. Фігурант справы палітвязень Уладзімір Гундар зноў абвясціў галадоўку і на 10 содняў трапіў у карцар гарадзенскай турмы №1. Інфармацыю пра тое, што Гундар галадае, пацвердзілі «Белсату» крыніцы, блізкія да сям’і палітвязня.
Па звестках крыніцаў, Уладзімір Гундар абвясціў галадоўку ўвечары ў суботу 17 верасня, пасля таго, як да яго ў камеру хацелі падсяліць дваіх зняволеных нізкага статусу. Палітвязень адмовіўся знаходзіцца з імі ў адной камеры і быў кінуты ў карцар. Ад вады гэтым разам ён не адмаўляецца.
«Ён абвясціў галадоўку і абмежаваў яе тэрмінам перабывання ў карцары. Калі 10 содняў, – значыцца, 10 содняў будзе галадаць. Але, дзякуй Богу, хоць з вадой», – паведаміў чалавек, блізкі да сям’і зняволенага.
Кажа, што Гундар можа узнавіць галадоўку ўжо пасля вызвалення з карцару ў выпадку, калі яго зноў памесцяць у тую ж камеру да «тых самых людзей». Да гэтага Уладзімір Гундар абвяшчаў сухую галадоўку напрыканцы чэрвеня 2022 году, пратэстуючы супраць таго, што суд не рэагаваў на ягоныя патрабаванні, а таксама ў адказ на прымусовае распрананне перад працэсам.
Апошняе судовае паседжанне ў «справе Аўтуховіча», на якое маглі трапіць (прынамсі на пачатак) слухачы, адбылося ў панядзелак 19 верасня. У той жа дзень працэс закрылі, «пачалі чытаць апошні том справы, быццам бы, вельмі нейкі сакрэтны». Падрабязнасцяў ніхто, апроч удзельнікаў працэсу, не ведае.
Слухачы, якія прысутнічалі на паседжанні ў панядзелак, кажуць, што Уладзімір Гундар выглядаў вельмі кепска.
«Магчыма, што ён падхапіў каронавірус, бо ў яго была гарачка і яго трэсла. Не ведаем, ці даюць яму якія-небудзь лекі і ці лечаць яго там наагул», – гаворыць крыніца.
Выказваюцца здагадкі, што Уладзіміра маглі заразіць якраз тыя зняволеныя, якіх хацелі падсяліць да Уладзіміра.
«Ён жа трымаўся ўвесь гэты тэрмін, што знаходзіцца за кратамі, – год і дзевяць месяцаў. Ані разу не захварэў. А цяпер, па ягоных словах, яму вельмі баляць лёгкія. Ёсць падазрэнні на каронавірус. Магчыма, тыя двое і прынеслі ў камеру заразу», – кажа наш суразмоўца.
Былы палітзняволены Міхаіл Жамчужны, які за час свайго знаходжання ў месцах пазбаўлення свабоды адбыў у карцары больш за 400 сутак (у тым ліку праз тое, што адмаўляўся знаходзіцца ў адным памяшканні са зняволенымі нізкага статусу), гаворыць, што Уладзімір Гундар зрабіў усё правільна.
«Гэта была спроба дыскрэдытацыі палітвязня ў вачах крыміналу, міліцыі і ўсіх беларусаў, чаго і дамагаецца Лукашэнка.
Таму Уладзімір зрабіў усё слушна, «па паняццях» абсалютна правільна зрабіў. Сядзець з такімі ў камеры – непрымальна для «парадачных» арыштантаў. І трэба супраціўляцца», – кажа Міхаіл Жамчужны.
Па ягоных словах, звычайна кантралёры і міліцыянты не ўдзельнічаюць у такіх правакацыях з падсаджваннем зняволеных нізкага статусу, бо гэта можа мець наступствы і для іх. Але на гэта згаджаюцца асуджаныя, блізкія да аператыўнага аддзелу, які і ладзіць такія правакацыі. У выпадку з Гундарам, напэўна, рукі прыклалі спецслужбы.
Дачка Мікалая Аўтуховіча Кацярына расказала «Белсату», што 19 верасня суд вывучаў матэрыялы апошняга, 66-га, тому справы, але «ўсё ідзе да завяршэння». Як мяркуе Кацярына, магчыма, ужо ў пятніцу стане вядома, калі агучаць прысуд.
«Вельмі моцна спяшаюцца «таварышы»… Суддзя не прымае да ведама ніякай інфармацыі – нікога не слухае, проста прачытвае з паперак», – паведамляла на мінулым тыдні ў Інстаграме Кацярына.
Паводле яе словаў, Мікалай Аўтуховіч выглядае ўжо больш бадзёрым, «да яго вяртаюцца сілы». Нагадаем, што Мікалай Аўтуховіч таксама абвяшчаў сухую галадоўку ў СІЗА гарадзенскай турмы і спыніў яе 1 жніўня. Трымаў галадоўку 22 дні.
«Вынясенне прысуду можа адбыцца ўжо напрыканцы верасня», – напісала дачка Мікалая Аўтуховіча Кацярына.
Пра канец верасня як верагодны канец працэсу кажуць, спасылаючыся на меркаванне адвакатаў, і іншыя сваякі падсудных.
«Хутчэй за ўсё, атрымае максімальны тэрмін па тых артыкулах – 15 гадоў. Але гэтая лічба не мае ніякага значэння, бо для Уладзіміра Гундара гэта будзе як пажыццёвая кара. І мне не хочацца нават думаць пра тое, што Лукашэнка будзе пры ўладзе яшчэ столькі год. Гэта немагчыма. Маліцца зараз трэба толькі за тое, каб ва ўсіх 12 чалавек вытрымала іх здароўе, бо яны ўсе хворыя. Толькі за гэта маліцца…» – кажа наша суразмоўца.
Уладзімір Гундар – адзін з фігурантаў «справы Аўтуховіча», каго праваабаронцы афіцыйна прызналі палітвязнем. Яго абвінавачваюць у гвалце ў дачыненні службовай асобы (арт. 366 КК), стварэнні злачыннай арганізацыі (ч.1 арт. 285 КК) і ў замаху ці змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады (ч. 1 арт. 14 і ч. 2 арт. 357 КК). Ён быў затрыманы 30 снежня 2020 году. Гундар мае інваліднасць 2-й групы.
Мікалай Аўтуховіч дагэтуль не прызнаны палітычным зняволеным. Яму інкрымінуюць 12 крымінальных артыкулаў. Абвінавачваюць у тым ліку ў здрадзе дзяржаве і тэрарызме.
Фігурантамі справы з’яўляюцца таксама Вольга Маёрава, Галіна Дзербыш, Ірына Гарачкіна, Віктар Снегур, Ірына Мельхер, Павел Сава, Дзмітрый, Сяргей, Павел і Любоў Разановічы.
Разгляд «справы Аўтуховіча» распачаўся 18 траўня 2022 году ў СІЗА гарадзенскай турмы № 1. Справу разбірае суддзя Максім Філатаў. На пачатку жніўня фігуранты справы заявілі аб пагрозе іхным жыццям і здароўю і перадалі спіс адказных за гэта «сілавікоў».
Зміцер Міраш belsat.eu