Цяпер бясплатна абедаць у Менску змогуць толькі тыя дзеці, якія застаюцца ў школе больш за шэсць гадзінаў, напрыклад, ходзяць у групу падоўжанага дня, піша «Наша Ніва».
Настаўнікі школаў кажуць, што раней абеды для вучняў са шматдзетных сем’яў ва ўсіх выпадках былі бясплатныя, бо ніхто не звяртаў увагу на норму «працягласці перабывання», якая прапісаная ў заканадаўстве.
Паводле гэтай нормы, бясплатным двух- ці трохразовым харчаваннем у залежнасці ад працягласці перабывання ва ўстанове адукацыі забяспечваюцца вучні ўстановаў агульнай сярэдняй адукацыі з малазабяспечаных сем’яў і сем’яў, якія выхоўваюць трох ці больш дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў.
Нядаўна ў школах адбылася пракурорская праверка, якая прыйшла да высновы, што дзеці са шматдзетных сем’яў незаконна абедалі за дзяржаўны кошт.
«Цяпер правілы такія: калі школьнік праводзіць у школе менш за шэсць гадзінаў, то яго бясплатна кормяць толькі сняданкам. А вось тым дзецям, якія, напрыклад, ходзяць у групу падоўжанага дня, будзе і бясплатны абед», – тлумачаць сталічныя педагогі.
Шэсць гадзін – гэта 360 хвілінаў, што больш за шэсць урокаў нават з перапынкамі. Шэсць урокаў – гэта 270 хвілінаў.
Марыя Міхалевіч belsat.eu