Юрый Стыльскі: «Забойства палітыкаў усё змяніла»

У новым выданні праграмы «Шчыра кажучы» дэтэктар хлусні пройдзе Юрый Стыльскі, лідар гурта «Дай дарогу!».

Ці хацеў бы Юрый выправіцца з гастролямі па Расеі і запісаць песню з Кіркоравым? Выступіў бы на «Славянскім базары» за грошы? Ці лічыць праўладных артыстаў таленавітымі? Ці карыстаецца ўласнай папулярнасцю ў карыслівых мэтах і ці круціць раманы з прыхільніцамі?

– А вы хацелі б быць папулярным у Расеі?
– Так. Але не цяпер.
– А калі б хацелі б зрабіцца папулярным у Расеі?
– Ну, дапусцім, у 2010 годзе. Ну ці ў будучыні, калі пераможа Украіна.
– Толькі ў такім выпадку?
– Ну, вядома.
– Вы б хацелі цяпер паехаць з гастролямі па Расеі?
– Не. Гэта як на Данбас з’ездзіць, падтрымаць расейскіх ваяроў.
Паліграф: праўда

– Ці лічыце вы праўладных артыстаў таленавітымі?
– Так.
– Ці сочыце вы за творчасцю беларускіх праўладных артыстаў?
– Ну, трошачкі зусім.
– Ці зайздросціце вы праўладным артыстам?
– Не.
– Ці лічыце вы песню «Беларуская жонка» гітом?
– Не.
– Вы напявалі калі-небудзь песню «Здравствуй, чужая милая»?
– Так. (Смяецца.)
– Ці лічыце вы Саладуху таленавітым?
– Так.
– У вас ніколі не было думак: лепш, каб вы не выказваліся, засталіся ў Беларусі, вось там бы жылі, спявалі.
– Былі прыпадкі. Але толькі дзеля мамы, бо яна там у мяне адна засталася. Здаецца, можа недзе трэба было, але гэта не ўкладаецца ў маю грамадзянскую пазіцыю, таму цяжка было прамаўчаць.
– Як вы думаеце, ці ёсць беларусы, якія з-за вашай творчасці сядзяць за кратамі?
– Так.
– Як вы думаеце, што гэта за выпадкі?
– Магчыма, нехта там, калі банальна прызнаныя кліпы гэтыя экстрэмісцкімі, і калі яны экстрэмісцкія, значыць, за іх можна прысесці.
– Вы б праспявалі хвалебную песню пра Лукашэнку за 300 тысяч долараў?
– Не.

– Вы калі-небудзь галасавалі за Лукашэнку?
– Так, першы раз. Ну, таму што я так увераваў у яго.
– А як гэта было?
– Памятаю, што я паглядзеў, што ён людзям кажа і што абяцае: свабоду СМІ… Ну, вы ж бачылі гэтыя відэа, што «мы не будзем заціскаць СМІ»? Што ў нас павінны быць і незалежныя, ну, любыя. І тады насамрэч здавалася, што гэты чалавек жадае толькі добрага і росквіту, дарогу маладым. Я не памятаю, пару нейкіх дэвізаў было цікавых у яго. Па-мойму, ён першы раз выйграў сапраўды.
– Калі ўсё змянілася? Калі змянілася ваша стаўленне да яго?
– Калі даведаўся, што зніклі палітычныя фігуры: Захаранка, Завадскі.
– Сталі цікавіцца палітыкай тады?
– І тое, неяк міма вушэй, я не моцна быў уцягнуты ў гэта, і ў мяне не было нейкага настаўніка, які б мне тлумачыў, што да чаго, дзе мы жывем.

– У вас ніколі не было думак змяніць вашую працу? Стаць кімсьці іншым?
– Часам мне жадаецца, не ведаю, пайсці плітку тратуарную класці – толькі для таго, каб натхніцца на новую песню.
– Сапраўды?
– Так. Я памятаю, нават хацеў пайсці ў будтрэст № 8 на месяц.
– Чаму не пайшлі?
– А нехта мяне адгаварыў, я не памятаю.
– Проста папрацаваць хацелі?
– Ну так. Калі ўлетку класна, яны такія ўсе загарэлыя, мужыцкія. Укладваць плітку тратуарную – наогул выдатна. Фізічная праца надае высакароднасці трошкі.
– Гэта адзіны такі момант, калі вы думалі змяніць працу?
– Або на кране, дапусцім, папрацаваць. Але там трэба правы. Трэба катэгорыю здаваць.
– Вы даведваліся?
– Так, я даведваўся. Але гэта вельмі рамантычна.
– У чым рамантыка?
– Ты проста ўвесь свет бачыш з вышыні.

– Ці былі ў цябе раней раманы з прыхільніцамі?
– Проста часам цяжка заўважыць розніцу – гэта фанатка ці проста каханне.
– А колькі разоў былі прыхільнікі, і колькі разоў было каханне?
– Лічыць? Я не памятаю. Ну, скажам, тры.
– На ўсё жыццё? Ці на месяц? Тыдзень? Дзень?
– Не ведаю, мне трэба даўжэй пасядзець на паліграфе, каб усё было сумленна. Ну, як бы ёсць практыка, дык вось.
– Ёсць практыка цяпер ці была практыка?
– Не, не цяпер. У Беларусі была практыка. Як і ўсе людзі, я чалавек.
– А вось цяпер такое ёсць?
– Не.
– Чаму няма? Ёсць нехта ў вашым жыцці?
– Не, нікога няма, але будзе.

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны