У Аляксандра Таратуты, асуджанага на смяротнае пакаранне за забойства сына, ужо забіралі дзяцей, ды потым вярнулі. Калі суседзі білі трывогу, што з дзяцей працягваюць здзекавацца, ігнаравалі скаргі. Чаму так, у камісіі па справах непаўналетніх слуцкага райвыканкаму «Белсату» адмовіліся казаць. Ды забраць дзяцей у Беларусі могуць і без законных падставаў нават тады, калі дзіцяці не пагражае нічога… акрамя дзяржавы.
Яшчэ аднаго беларуса асудзілі на смяротнае пакаранне: Суд Слуцкага раёну 19 кастрычніка суд пастанавіў расстраляць Аляксандра Таратуту за забойства 3-гадовага сына ў студзені 2023 года. Ягоную жонку і маці забітага дзіцяці Анастасію Таратуту асудзілі на 25 гадоў калоніі строгага рэжыму – максімум, на што беларускія законы дазваляюць асудзіць жанчыну.
Ды разам з тым праз забойства хлопчыка супраць службовых асобаў распачалі асобную справу. У абвязкі гэтых асобаў, імёнаў якіх не называюць, уваходзіла прафілактыка сямейных няшчасцяў.
На судзе высветлілася, што сям’я Таратутаў неаднойчы трапляла ў поле зроку міліцыі, медыкаў, педагогаў і сацыяльнай службы. Яшчэ 8-месячнае дзіця трапляла ў рэанімацыю са слядамі пабояў. Яшчэ ў 2021 годзе са шматдзетнай сямʼі Таратутаў забіралі дзяцей, але пара здолела вярнуць іх дамоў. На скаргі суседзяў у міліцыю аб тым, што з дзяцей здзекуюцца, раілі звяртацца да псіхіятра.
Скончылася ўсё тым, што ў студзені 2023 года бацькі ў прысутнасці трох іншых малалетніх дзяцей збілі свайго трохгадовага сына з асабліваю жорсткасцю, ударыўшы дзіця не менш як 14 разоў. Калі хлопчык быў мёртвы, бацькі выклікалі хуткую дапамогу.
Чаму не здолелі абараніць дзяцей? У слуцкай камісіі па справах непаўналетніх «Белсату» адмовілі ў каментары: намесніца старшыні камісіі Надзея Кулікоўская сказала, што дзяржаўныя органы не будуць даваць каментары «неакрэдытаваным» медыям.
На тле суду над Таратутамі Палата прадстаўнікоў абмяркоўвала законапраект аб праблемных сем’ях: хочуць падрабязна прапісаць у законах, як паводле рашэння камісіі па справах непаўналетніх забіраць з такіх сем’яў дзяцей, а пры гэтым не запускаць працэс пазбаўлення бацькоўскіх правоў.
Беларуская праваабаронца Дарʼя Чурко ў 2021 годзе правяла даследаванне (PDF) непрапарцыйнага ўжывання дзяржаўнымі органамі інструменту так званага «сацыяльна небяспечнага становішча» (СНС, па-расейску – СОП) у мэтах ціску на палітычна актыўных людзей праз іхных дзяцей. З 24 апытаных рэспандэнтаў 13 атрымлівалі пагрозы пастаноўкі на ўлік, 10 – пагрозы адабраць дзіця з сямʼі, і адно дзіця забралі.
Яшчэ ў 2010 годзе ў зняволеных кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава і журналісткі Ірыны Халіп ледзь не забралі трохгадовага сына. Дзіця тады ўдалося «адбіць» бацькам Ірыны.
У 2011 годзе сілавікі пагражалі забраць дзяцей у актывісткі «маўклівых пратэстаў» Ксеніі Яраслаўцавай. Калі гэта не дапамагло, агенту КДБ даручылі падкінуць ёй наркотыкі – аб гэтым «Белсату» расказаў сам агент, ужо былы.
Такіх гісторыяў паболела ў апошнія гады – падчас і пасля выбараў-2020.
У чэрвені 2020 года Святлана Ціханоўская, тады яшчэ кандыдатка ў прэзідэнты, расказвала, што яе пасадзяць і адбяруць дзяцей, калі яна не спыніць удзел у выбарчай кампаніі. Яна і дзеці цяпер у выгнанні, але муж Сяргей Ціханоўскі застаецца за кратамі.
Тады ж пагражалі адабраць дзяцей у прыхільніка Ціханоўскага Сяргея Маслава. У яго ўжо адбіралі чацвярых дзяцей у 2016 годзе – як ён кажа, з палітычных прычынаў. Паўгода не хацелі аддаваць, хоць бацькі выконвалі ўсе ўмовы камісіі па справах непаўналетніх.
Віталіі Навумік – жонцы затрыманага на акцыі за Ціханоўскага – загадчыца і супрацоўнік дзіцячага садка нават не пагражалі, а канстатавалі: «У вас забяруць дзяцей». На шчасце, не забралі.
У верасні 2020 года затрымалі актывістку «Еўрапейскай Беларусі» Алену Лазарчык – і ў той жа дзень забралі са школы ў прытулак ейнага 6-гадовага сына. Калі жанчыну вызвалілі, яна спрабавала забраць дзіця – аддалі толькі тады, калі пад прытулкам сабраўся цэлы натоўп. Ды Алену зноў затрымалі 30 снежня 2021 года, асудзілі на 8 гадоў пазбаўлення волі за ўдзел у пратэстах. Апеку над ейным сынам аформіла старэйшая дачка.
У 2021 годзе спрабавалі забраць з сям’і дзяцей Алены і Сяргея Маўшукоў, кінутых у калонію ў межах «пінскай справы». Адну дзяўчынку забралі са школы і адвезлі ў сацыяльны прытулак, ды яе забрала хросная маці. Другую дзяўчынку органы апекі забралі з садка, але яе ўдалося адбіць старэйшай паўналетняй дачцэ зняволеных. За зняволеную шматдзетную маці заступаўся ў тым ліку касцёл.
У тым жа годзе ў Іны Чыжонак з Жодзіна пагражалі забраць прыёмнага сына, бо яе аштрафавалі за «несанкцыянаваную акцыю ў прыватнай лазні».
Пагражалі забраць пяцёх дзяцей і ў сям’і Вольгі Залатар, цяпер асуджанай на 4 гады калоніі за адміністраванне дваровага чату.
Гледачы «Белсату» летась не далі забраць з сям’і дзяцей фігурантаў «карагоднай справы», палітвязняў Ігара і Юліі Лаптановічаў. Маці спачатку не пазбавілі волі, а прысудзілі «хатнюю хімію» – абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову. Але пазней Юлію Лаптановіч пакаралі 5 гадамі калоніі, у тым ліку за спрыянне «экстрэмісцкай дзейнасці».
Журналістцы Ларысе Шчыраковай даўно пагражалі забраць у яе дзіця. У канцы 2022 года яе затрымалі з палітычных прычынаў, асудзілі на тры з паловай гады за «Спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці» і «Дыскрэдытацыю Беларусі». Непаўналетняга сына забралі ў прытулак і трымалі больш за два тыдні, але ўрэшце дзіця змог забраць былы муж палітычнай зняволенай.
Пагражаюць не толькі бацькам, але і дзецям: актывістка Ілона Рудзеня расказвала, што сацыяльны педагог і псіхолаг пагражалі ейнаму 6-гадоваму сыну пасадзіць матулю і забраць яго ў інтэрнат.
Дзяцей пагражаюць адабраць не толькі ў «палітычных злачынцаў». Было нямала выпадкаў, у якіх дзяржава мусіла б дапамагчы сем’ям, а вырашыла іх разбураць. «Белсат» расказваў пра шмат такіх гісторыяў людзей, не звязаных з актывізмам. Вось некаторыя з іх.
У 2015 годзе Анастасіі Навоевай не аддавалі дзіця са шпіталю, бо яна праз працу забірала дзіця пазней за тэрмін і нібыта была п’яная (доказаў чаму потым не знайшлося), а калі жанчына стала абурацца, на яе выклікалі міліцыю. Жанчына «не падпарадкоўвалася», уцякала ад міліцыянта і нібыта пабіла таго. Жанчыне прысудзілі «хатнюю хімію» і забралі дзяцей, з неакрэсленых прычынаў пазбавілі правоў на дзяцей і іхнага бацьку. Дзяцей змаглі адбіць праз суд амаль праз год.
У 2017 годзе ў Алены Мікуліч пагражалі забраць дзяцей або часова забіралі з розных прычынаў. Адзін раз міліцыянты вырашылі, што яна «неадэкватна сябе паводзіла», і праз адміністрацыйны пратакол у яе забралі дзяцей на тры месяцы – пакуль суд не пастанавіў іх вярнуць. Потым псіхолаг з дзіцячага садку пагражала ёй, што аднойчы яна «не знойдзе сваё дзіця» ў садку. Затым камісія па справах непаўналетніх вырашыла, што дзяцей трэба забраць, бо маці страціла працу, перабіваецца выпадковымі заробкамі і мае запазычанасць па камунальных плацяжах. Пасля публікацыі на «Белсаце» чыноўнікі перасталі пагражаць жанчыне, ёй знайшлі працу, а чытачы дапамаглі з запазычанасцю.
У тым жа годзе невядомыя восем чалавек уварваліся ў кватэру Таццяны Міронавай, выламаўшы дзверы, і забралі дачку. Як аказалася, гэтак забралі дачку ў прытулак за тое, што бацькі ёй «заміналі атрымліваць адукацыю» патрабаваннямі выконваць санітарныя нормы ў школе. У той школе не было пітной вады, мыла ў прыбіральні і сядушак на ўнітазах. Дзіця вярнулі праз восем з паловай месяцаў – і некалькіх судоў.
У 2018 годзе ў Алесі Фаміных забралі трохмесячнае дзіця за тое, што сям’я жыла бедна і не магла знайсці ў Лоеве годны заробак. Дзіця вярнулі, калі дабрачынныя арганізацыі і неабыякавыя беларусы «скінуліся» на выкананне патрабаванняў камісіі.
У 2019 годзе «Белсат» асвятляў гісторыю жыхаркі Мазыра Святланы Мішоты – ахвяры хатняга гвалту, якая замест абароны атрымала ад дзяржавы пагрозы забраць сына, абавязак заплаціць немалую суму за сваю псіхіятрычную экспертызу, прапанову памірыцца з крыўдзіцелем праз паходы ў царкву і арт-тэрапію, запрашэнне на Каляды ў РАУС.
У тым годзе прынамсі дзве жанчыны скончылі жыццё самагубствам пасля таго, як у іх забралі дзяцей.
У 2022 годзе грамадзяніна Турэччыны ў Беларусі асудзілі ўсяго на тры гады калоніі агульнага рэжыму за «прычыненне смерці па неасцярожнасці». Паводле Вярхоўнага суду, ён у 2019 годзе ў стане алкагольнага ап’янення падкідваў на руках 5-месячнага ўнука сужыхаркі, ураніў, нанёс дадатковыя траўмы ў спробах зрабіць непрамы масаж сэрца, потым «жадаючы мінімізаваць пакіданне слядоў злачынства ў кватэры і ўласных слядоў на целе дзіцяці» зацягнуў рамень на шыі ўжо мёртвага дзіця, памыў ягонае цела і выкінуў у вакно з 11 паверху.
Апісанне прычынаў атрымання дзіцём мноства траўмаў як мінімум выклікае сумневы ў «неасцярожнасці дзеянняў»: можа, усё ж наўмысна біў дзіця, душыў і тапіў? Ды забойца ўжо, імаверна, на волі.
Алесь Наваборскі belsat.eu