У Калінінградзе паставілі помнік Мураўёву-Вешальніку і згадалі cувальскі калідор

У расейскім Калінінградзе (гістарычная беларуская назва – Каралявец) паставілі помнік былому віленскаму генерал-губернатару Міхаілу Мураўёву, які кіраваў задушэннем вызвольнага паўстання 1863–1864 гадоў. Урачыстае адкрыццё адбылося 18 кастрычніка.

Помнік Мураўёву-Вешальніку ў Калінінградзе. Фота: kgd.ru

Бронзавая статуя вышынёй два з паловай метры паўтарае помнік, які ў 1898–1915 гадах стаяў у Вільні. Ініцыятарам усталявання помніка стаў калінінградскі губернатар Антон Аліханаў.

Міхаіл Мураўёў у 1863–1865 гадах узначальваў Віленскае генерал-губернатарства, што ўключала Віленскую, Гарадзенскую і Ковенскую губерні. На гэтай пасадзе ён займаўся задушэннем вызвольнага руху супраць Расейскай імперыі, за што атрымаў мянушкі Вешальнік і Людажэр.

«Вядома, самая выбітная ягоная заслуга перад Айчынай – гэта задушэнне польскага паўстання 1863 года. Менавіта Міхаілу Мікалаевічу мы абавязаныя тым, што той фактычна развал краіны, які быў падрыхтаваны і, на жаль, падаграваўся як настроямі звонку, гэтак і ўсярэдзіне, старт якому дало польскае паўстанне 1863 года, быў не толькі задушаны, але фактычна Міхаіл Мікалаевіч вакол сябе кансалідаваў усё грамадства Заходняга расейскага краю, дзе ён стаў губернатарам», – кажа сенатар Аляксандр Шэндэрзюк-Жыдкоў.

Ён таксама згадаў і сувальскі калідор паміж Польшчай і Літвой – вузкі 70-кіламетровы пас тэрыторыі ўздоўж літоўска-польскай мяжы, які аддзяляе Беларусь ад Калінінградскай вобласці. У кантэксце гіпатэтычнай вайны з Расеяй сувальскі калідор пачаў успрымацца на Захадзе як найбольш слабое месца ў сістэме бяспекі Альянсу і самае імавернае месца першага расейскага ўдару.

«Сувальскі калідор, пра які мы так часта гаворым, усяго за 200 кіламетраў. А Сувальскі раён таксама быў, як і Аўгустаўскі раён, падкантрольныя Міхаілу Мікалаевічу. І мне здаецца, нам тут, на самай заходняй мяжы, вельмі важна памятаць аб тых продках, якія стаялі і абаранялі інтарэсы краіны», – заявіў сенатар.

Далёкі ад апазіцыйных колаў расейскі сайт «Новые известия» заявіў, што помнік будзе ўсталяваны «на злосць суседзям», прычым не толькі палякам, але і літоўцам ды беларусам. Ён таксама нагадаў, што Калінінградская вобласць не мае ніякага дачынення да дзейнасці Мураўёва, бо на той момант рэгіён належаў Прусіі.

Падобнае напісаў мясцовы партал «Ругород», заявіўшы, што Мураўёў – чыноўнік, не вядомы шараговаму жыхару рэгіёну.

Кастусь Каліноўскі, чалавек, які натхняе. Ворагу Расейскай Імперыі – 185

Якуб Хруст belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны