З нагоды абвяшчэння лаўрэатаў прэміі Гедройца – 2022 мы пагутарылі са старшынёй Беларускага ПЭНу Таццянай Нядбай. Нашая размова не толькі пра пераможцаў прэміі, але і пра сучасны стан беларускай літаратуры: ці можа яна развівацца ў няволі і выгнанні; як тым, хто застаецца ў Беларусі, сёння працягваць чытаць беларускія кнігі; як улады рэпрэсуюць людзей слова і дзеячаў культуры.
– Спадарыня Таццяна, ці можаце вы распавесці, як абіраюцца пераможцы прэміі Гедройца? Чаму сёлета менавіта кнігі Сяргея Абламейкі, Вольгі Гапеевай і Валерыя Гапеева? Чым важныя і каштоўныя менавіта гэтыя творы сёння для беларусаў?
– Выбар пераможцаў адбываецца на закрытых пасяджэннях журы, дзе абмяркоўваецца кожная кніга. Кожны з экспертаў выказвае меркаванні, чаму тая ці іншая кніга мусіць альбо не мусіць перамагчы або ўвайсці ў кароткі ці доўгі спіс. Часта бывае так, што некаторым удаецца пераканаць сваіх калег: неаднойчы заўважала, як прыходзяць людзі з аднымі меркаваннямі, але пад уплывам аргументаў іншых сябраў журы мяняюць свае ацэнкі. Некаторыя сябры журы нават вядуць так званыя літаратурныя дзённікі: чытаюць кнігі намінантаў, фіксуюць найбольш цікавыя фрагменты тэкстаў і потым выкарыстоўваюць іх як аргументы, на якія абапіраюцца ў дыскусіях.
Гэтыя абмеркаванні, на мой погляд, – найбольш цікавае ў прэміяльным працэсе. Гэта сур’ёзныя прафесійныя размовы. Той, хто хоць раз удзельнічаў у журы прэміяў, адміністраваных Беларускім ПЭНам, ведае, што няма ніякіх загадзя вызначаных пераможцаў і кіраўніцтва ПЭНу ніяк не ўплывае на працу журы і не ўдзельнічае ў ёй.
Разам з тым, некалькі гадоў таму мы сталі прасіць сябраў журы, абіраючы тую ці іншую кнігу ў якасці пераможцы, фармуляваць urbi et orbi, чаму абраная гэтая кніга. Гэтыя фармулёўкі агучваюцца падчас цырымоніі і публікуюцца ў выніковых матэрыялах, таму, адказваючы на вашае пытанне, мне не застаецца нічога, акрамя як працытаваць іх. Нічога большага я не ведаю і ведаць не магу: кніга Сяргея Абламейкі «Невядомы Менск. Гісторыя знікнення. Кніга першая» заняла першае месца «за ўваскрашэнне genius loci і расшыфроўку іерогліфаў на стэле беларускай сталіцы». Другое месца мае кніга Вольгі Гапеевай «Самота, што жыла ў пакоі насупраць» – «за чароўнае запрашэнне чытача ў свет чалавечай годнасці, пералівістых думак і абертонаў». Трэцяе заняла кніга Валера Гапеева «Жэнька, каралева мышак» – «за стварэнне дзіцячага свету, поўнага дарослай мудрасці».
– Пра што сёння пішуць беларусы? Якія асноўныя матывы ў літаратурных творах, якія тэмы пераасэнсоўваюцца?
– Пра ўсё тое ж, пра што пісалі і раней. Безумоўна, рэальнасць уплывае, але, як бачым, твораў-пераможцаў на тэму актуальных падзеяў пакуль няма. Я спадзяюся, аднак, што беларускія аўтары, раскіданыя сёння па свеце, перапрацуюць гэты свой досвед вымушанай эміграцыі ў кнігі, а тыя, хто застаўся ў Беларусі, перапрацуюць досвед пражывання ў краіне, здушанай рэпрэсіямі.
– Якая сітуацыя сёння ў беларускай літаратуры, асабліва ўнутры Беларусі? Ці з’яўляюцца новыя аўтары? Ці можа літаратура развівацца ва ўмовах несвабоды, немагчымасці выдавацца ў Беларусі?
– Літаратура, на мой погляд, можа развівацца ў атмасферы несвабоды, а вось выдавацца – не. Кніжны рынак развівацца не можа. Сувязі аўтара з чытачамі развівацца не могуць. Але, калі чалавеку ёсць што сказаць, і калі ён ведае, як гэта сказаць, то пісаць аўтары могуць. Глядзіце: нават у турмах пішуць, часам нават яшчэ больш плённа, чым на волі (горкі жарт), бо зʼяўляецца час.
Несвабода – як і любы боль, любая траўма, можа як стымуляваць творчасць, так і блакаваць яе. Часам аўтар пачынае шукаць новую мову для таго, каб гаварыць і пісаць пра новую рэальнасць.
– Пры ўмове закрыцця кнігарняў, выдавецтваў, выездзе аўтараў, прызнання кніг экстрэмісцкімі, як зрабіць так, каб беларусы ў Беларусі працягвалі чытаць сваё, мелі доступ да якаснай літаратуры?
– Беларускія выдаўцы, якія працуюць цяпер за мяжой, думаюць сёння над гэтым, шукаюць рашэнні гэтай праблемы. Пакуль што многія кнігі яшчэ даступныя ў Беларусі, толькі не заўсёды кнігарні і выдавецтвы хочуць і могуць казаць пра тое, якія кнігі прадаюць, у СМІ – дзеля таго, каб мець магчымасць прадаваць гэтыя кнігі і далей. Безумоўна, гэта не спрыяе нармальнай сітуацыі і ўскладняе доступ чытачоў да кніг.
Відавочны адказ на гэтыя ўскладненні – электронныя фарматы. Беларусы не вельмі прызвычаеныя да электронных кніг, але пандэмія навучыла нас усіх карыстацца онлайн-інструментамі для арганізацыі працы, дык можа, гэтая сітуацыя навучыць нас чытаць электронныя кнігі. Дзякуючы тэхналогіям сітуацыя з кнігамі не безвыходная.
– Ці захаваецца беларуская літаратура ў выгнанні? Наколькі творы, напісаныя ў іншых краінах, будуць сапраўды беларускімі, актуальнымі для беларусаў? Ці няма ў пісьменнікаў боязі, як, напрыклад, шмат у якіх журналістаў сёння, адарвацца ад беларускага кантэксту, перастаць разумець, што там адбываецца, і ў выніку стаць чужымі для беларусаў?
– Захаваецца. Я перакананая, што беларусам будуць цікавыя творы, напісаныя беларускімі пісьменнікамі на беларускай мове. Калі дзеянне кніг будзе адбывацца ў іншых краінах, гэта таксама можа быць свайго роду магчымасцю «падарожжа» для чытача ў тую краіну – праз уласна чытанне кнігі.
А вось адарванасць пісьменнікаў ад Беларусі можа быць сурʼёзнай праблемай. Але тут нельга казаць за ўсіх адразу: калі выехалі – значыць, маўляў, адарваліся. Хтосьці можа заставацца з лепшым разуменнем таго, што адбываецца ў Беларусі, хтосьці з горшым. Гэта залежыць і ад узроўню эмпатыі пісьменніка, і ад яго кола дачыненняў, асяроддзя, і ад таго, цікавіцца ці не цікавіцца ён падзеямі ў Беларусі, чытае ці не чытае навіны. Тут усё індывідуальна. Але нават тыя, хто страціць адчуванне Беларусі, могуць напісаць кнігу, цікавую для беларусаў у Беларусі.
– Якія рэпрэсіі сёння ўжывае беларуская дзяржава ў дачыненні пісьменнікаў? Ці вядзецца нейкая статыстыка адносна таго, колькі пісьменнікаў былі затрыманыя, колькі твораў прызналі экстрэмісцкімі?
– Пытанне і простае, і адначасова вартае асобнага матэрыялу. Я б адаслала чытачоў да двух нашых матэрыялаў. Першы – свежая Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры (за першую палову лістапада). У хроніцы можна паглядзець пералік канкрэтных фактаў. Беларускі ПЭН сістэматычна збірае факты парушэння культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры з кастрычніка 2019 года. Ёсць аналітычная справаздача за дзевяць месяцаў 2022 года, з якой чытачы змогуць больш даведацца пра трэнды, пра артыкулы Крымінальнага кодэксу, якія ўжываюцца да дзеячаў культуры, а таксама знайсці шмат іншай інфармацыі.
Так, за перыяд студзень – верасень 2022 года зафіксавана 998 фактаў парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні дзеячаў культуры. З іх – 715 парушэнняў у дачыненні 403 дзеячаў культуры, 158 парушэнняў у дачыненні 133 арганізацыяў і супольнасцяў, 94 парушэнні ў дачыненні аб’ектаў гістарычна-культурнай спадчыны або беларускай мовы. За гэты час 31 матэрыял, датычны тэмы культуры або дзеячаў культуры, быў уключаны Міністэрствам інфармацыі Беларусі ў спіс экстрэмісцкіх.
Паводле Праваабарончага цэнтру «Вясна», станам на 30 верасня 2022 года ў Беларусі 101 дзеяч культуры быў прызнаны палітзняволеным.
Найчасцей дзеячаў культуры, у тым ліку пісьменнікаў, за азначаны перыяд судзілі паводле так званых дыфамацыйных артыкулаў – за абразу службовай асобы, прэзідэнта, паклёп і да т. п., а таксама за рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх («народны» артыкул 342 КК РБ).
Сёння за кратамі ў Беларусі 32 Чалавекі Слова – Людзьмі Слова Беларускі ПЭН называе літаратараў, перакладчыкаў і даследчыкаў літаратуры, публіцыстаў, інтэлектуалаў, а таксама тых, хто стварае і пашырае культуру, бароніць слова і яго майстроў.
Мінімум 10 кніг, якія паводле нашага пераканання не ёсць экстрэмісцкімі, прызнаныя такімі рэжымам Беларусі – з іх адна кніга атрымала такі статус у 2021 годзе і яшчэ 9 – у 2022-м.
Ганна Ганчар belsat.eu