Галоўчанка: Цану на газ упершыню зафіксавалі на трохгадовы перыяд

Для Беларусі цана расейскага газу будзе камфортная і выгадная ды заснаваная на прапановах беларускага боку. Пра гэта заявіў прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка пасля перамоваў Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна, піша БелТА. Таксама цану на прыродны газ упершыню зафіксуюць на трохгадовы перыяд.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Sputnik

«Каб была пэўная стабільнасць і мы ў сваіх макраэканамічных разліках маглі зыходзіць з канкрэтнай лічбы. Цана не перашкода», – адзначыў Раман Галоўчанка.

Прэмʼер-міністр адзначыў, што кошт будзе зафіксаваны на трохгадовы перыяд, а ўмовы пастаўкі нафты налета таксама задавальняюць беларускі бок:

«Мы павінныя фіналізаваць сёлета нашыя кантрактавыя дакументы на пастаўкі прыроднага газу ў Рэспубліку Беларусь. Наконт нафты, у прынцыпе, пытанняў ніякіх няма, вызначаныя абʼёмы, вызначаныя коштавыя ўмовы. Яны нас задавальняюць».

Аднак на якую цану дамовіліся бакі, кіраўнік ураду не сказаў. Сёлета Беларусь плаціла 128 долараў за тысячу кубаметраў.

Таксама Галоўчанка заявіў, што Беларусь зацікаўленая ў нарошчванні аб’ёмаў перавозак на расейскі рынак, бо з санкцыйных прычынаў скарацілася колькасць перавозак у краіны Еўрапейскага Звязу, і ў адмене дазвольнай сістэмы для грузаперавознікаў. Хаця цяпер Беларусь мае дастатковую колькасць дазволаў на ажыццяўленне перавозак аўтамабільным транспартам.

Таксама ён згадаў пра дамоўленасць аб выкананні авіякампаніямі перавозак паводле прынцыпу «трыкутніка»: з Менску ў Маскву і далей у трэці расейскі горад.

Алена Рувіна belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны