Ён абяцаў вярнуцца. Для ўключэння ў склад Расеі пакуль ранавата

Аляксандр
Кныровіч
Прадпрымальнік, блогер

Пуцін раптоўна наведаў Беларусь. Што гэта было?

У афіцыйную версію, нешта пра «саюзнае будаўніцтва», не верыць ніхто. Пуціну вельмі не да таго, у яго Украіна пакуль не падгарае, але гніе вельмі і вельмі моцна, патрабуе рашэнняў. «Глыбінны народ» чакае пераможных навін менавіта з гэтага напрамку, а Беларусь, у свядомасці радавога расейца, даўно ўжо амаль «далучаная тэрыторыя». Засталося толькі аформіць паперкі.

Фота: SPUTNIK / Reuters / Forum

Таму і гістарычны, эпахальны візіт быў настолькі імклівым. Прыляцеў да абеду, пагаварыў, папрацаваў на публіку, павячэраў і паляцеў.

Што ж вырашылі? Нічога. Нічога такога, за што мог бы зачапіцца розум абывацеля. У ваеннай галіне прарываў няма. Нешта «ўстане на баявое дзяжурства», хтосьці кагосьці будзе нечаму навучаць… падобная інфаплынь успрымаецца агульным фонам, не больш.

Беларусаў турбуюць зусім іншыя пытанні: «Мы ўступаем у вайну? Мабілізацыя будзе?» Адказ – не, пакуль няма.

Што ж у нас у эканоміцы? Вырашылі ўзмацніць, паглыбіць, пашырыць і развіць. Гэта зразумела, але што ж канкрэтна?

Даложана аб тым, што інтэграцыя развіваецца «паводле плану», і ступень рэалізацыі «саюзных праграм» складае 60%. Аб тэрмінах выканання пакінутых 40% бакі разумна маўчаць.

Тавараабарот паміж краінамі вырас на 10% і паставіць сёлета рэкорд. Магчыма нават і $ 50 млрд (з улікам паслуг). Нядрэнна. Адное толькі «але»: а што ж гэта ў нас, у нашай Саюзнай дзяржаве, тавараабарот вымяраецца ў варожай валюце?

Тут куфэрак адкрываецца проста. Калі б мы вымералі яго ў расейскіх рублях, высветлілася б непрыемная падрабязнасць. Калі летась за 1 беларускі давалі 29 расейскіх, то ў гэтым, большую частку года – 25, гэта значыць прасяданне склала каля 14%, і фізічны тавараабарот, у тонах, кілаграмах і пагонных метрах паміж краінамі ўпаў. Такая вось непрыемнасць.

Атамная станцыя. Замахнуліся на трэці блок. Пры незапушчаным другім, і першым, які працуе (у сярэднім) 45% часу, і, цалкам відавочна, пакуль ён наносіць рэспубліцы толькі фінансавы ўрон. Затое саюзны «Росатом» у барышах.

І – газ. Зноў.

Беларусы мусілі ўзрадавацца, захлопаць у ладкі і падзякаваць «лідарам» за прынятыя ў гэтай сферы рашэнні, пра якія ім калі-небудзь абвесцяць, калі палічаць патрэбным. Пакуль жа вядома, што ўзгаднілі стабільныя цэны і аб’ёмы на бліжэйшыя 3 гады. Якія? Пакуль невядома. Невядомыя абʼёмы па неабвешчаных цэнах. У гэтай частцы хочацца падтрымаць Рамана Галоўчанку, які заявіў, што «пара б ужо сыходзіць ад выпінання гэтага (газавага) пытання». Усё, сапраўды, ужо адбылося. І ў Расеі, і ў Беларусі, і ў Еўразвязе.

Расея – страціла высокапрыбытковыя рынкі збыту газу і не зможа (у найбліжэйшыя 5 гадоў) замясціць іх нізкапрыбытковымі азіяцкімі. Беларусь – засталася на «газавай ігле», і працягвае расплачвацца суверэнітэтам за танны газ. Еўразвяз змог скараціць спажыванне, запоўніць газасховішчы, знайсці альтэрнатыўныя крыніцы паставак. Пытанне гэтай зімы вырашанае. Дапамагла яшчэ і надворʼе. Да наступнага сезону ёсць час. Замерзлых не будзе. Еўрапейцы расплачваюцца за газ грашыма, беларусы – незалежнасцю. Вось і ўся эканоміка, нічога больш.

Перад пачаткам расейска-беларускіх перамоваў. Фота: Павел Беднякоў, РИА «Новости» / kremlin.ru

Ёсць яшчэ адно пытанне, якое хвалюе беларусаў больш, чым іх афіцыйнае ўступленне ў вайну – «калі ж нас далучаць да Расеі?» Тут прарываў таксама не было, і не магло быць з чыста каляндарных прычынаў.

Так, у расейскай-украінскай вайне Беларусь цалкам можа стаць «суцяшальным прызам» для расейскага абывацеля. Толькі вось выбары ў Пуціна толькі вясной 2024 года.

Калі мы паднапружым памяць, то ўспомнім, як перад выбарамі яшчэ 2000 года (26 сакавіка) вялікі палкаводзец пачаў другую чачэнскую вайну 7 жніўня 1999-га года. Перад выбарамі 2018 года (18 сакавіка), пра перамогу ў Сірыі абвясцілі ў верасні 2017-га (хоць якая перамога? Асад і цяпер не кантралюе траціну краіны). У гэты раз выбары павінны адбыцца ў 2024-м (17 сакавіка) і, адпаведна, адданаму расейскаму абывацелю аб чарговай «гістарычнай перамозе» мусяць абвесціць недзе ў сярэдзіне восені 2023-га. Інакш ці мала што можа яшчэ адбыцца на прамежку ў некалькі месяцаў. Можа нязручна атрымаецца.

Ці будзе Беларусь прынесеная на залажэнне «элегантнай перамозе» на выбарах? Ці такі абвесцяць кантроль за парай дзясяткаў сельскіх населеных пунктаў на тэрыторыі Украіны? Я б зараз і не загадваў. Тым больш, што на шляху паглынання Расеяй Беларусі стаіць галоўная перашкода – сам Лукашэнка. Не для нас, для сябе, але – стаіць як волат, як калос. Ён яшчэ гэтым і будзе выхваляцца, дайце час.

Таму для ўключэння ў склад Расеі пакуль ранавата. Ну а ў астатнім, ну прыязджаў. Прыязджаў, да нас вось нядаўна Сігал таксама, прыязджаў і Дэпард’ё.

P. S. Уважлівы глядач заўважыў у Пуціна і Лукашэнкі падчас афіцыйнай часткі два цалкам аднолькавыя гальштукі, яшчэ і завязаных адным і тым жа вузлом. Імаверна, менавіта яны і павінны найлепшым чынам сведчыць аб узаемаразуменні і глыбокім узроўні інтэграцыі.

belsat.eu

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Падпісвайся на telegram Белсату

Больш матэрыялаў