Беларусь не падтрымала рэзалюцыю ААН аб правах чалавека на часова акупаваных тэрыторыях Украіны

Генеральная асамблея ААН 19 снежня прыняла рэзалюцыю «Палажэнне з правамі чалавека на часова акупаваных тэрыторыях Украіны, уключна з Аўтаномнай Рэспублікай Крым і горадам Севастопалем». 15 краінаў прагаласавалі супраць дакументу, у тым ліку – Беларусь.

Сцяг ААН. Фота: pravda.com

У рэзалюцыі асуджаецца часовы кантроль ці акупацыя Расейскай Федэрацыяй часткі тэрыторыі Украіны, уключна з Аўтаномнай Рэспублікай Крым і горадам Севастопалем, а таксама асобных раёнаў Херсонскай, Запарожскай, Данецкай і Луганскай вобласцяў, і пацвярджаецца непрызнанне іх анексіі. Таксама асуджаецца поўнае ігнараванне Расейскай Федэрацыяй сваіх абавязальніцтваў у галіне міжнароднага права ў частцы юрыдычнай адказнасці за акупаваную тэрыторыю, уключаючы адказнасць за павагу да ўкраінскага заканадаўства і правоў усіх цывільных асобаў. «Самым рашучым чынам асуджаецца» агрэсія Расеі супраць Украіны, якой РФ парушыла артыкул 2(4) Статуту ААН.

МЗС Украіны ў адказ на рэзалюцыю заклікаў Расею спыніць дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей, перадаць агенцыям ААН і міжнародным арганізацыям спіс дзяцей, якіх ужо вывезлі з акупаваных тэрыторыяў і забяспечыць іх бяспечнае вяртанне.

Цела 15-гадовай украінкі хавалі ў моргу Мазыра. Яе вывезлі расейцы на лячэнне

Паводле Лабараторыі гуманітарных даследаванняў Ейлаўскага ўніверсітэту ЗША, з Украіны ў Беларусь з пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны, было вывезена не менш за 2442 дзяцей ва ўзросце 6 – 17 гадоў. Гэтых дзяцей прымалі ў 13 беларускіх установах.

«Расея сістэматычна знаходзіць, збірае, перавозіць і перавыхоўвае ўкраінскіх дзяцей пры спрыянні Беларусі. Перамяшчэнне дзяцей з акупаванай часткі Украіны ў Беларусь каардынуецца прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным і аўтарытарным кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам праз Саюзную дзяржаву», – гаворыцца ў справаздачы.

Расейскі дэпутат вывез з Украіны 10-месячную дзяўчынку, удачарыў і змяніў ёй імя. Што кажа ў апраўданне?

Сярод адказных за перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей у Беларусь называюцца беларускі праўладны грамадскі дзеяч, параалімпіец Аляксей Талай, ААТ «Беларуськалій», Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, генеральны сакратар Беларускага Чырвонага крыжа Дзмітрый Шаўцоў.

Трапляючы ў Беларусь, дзеці праходзілі вайсковае рыхтаванне і «перавыхаванне»: іх «перанавучалі», навязваючы «культурныя, гістарычныя, сацыяльныя і патрыятычныя дактрыны або ідэі, што служаць палітычным інтарэсам рэжымаў Беларусі і Расеі», гаворыцца ў дакуменце. Акрамя таго, паводле звестак даследнікаў, не менш як шэсць групаў дзяцей з Украіны праходзілі ў РБ вайсковае рыхтаванне, у тым ліку на базе Унутраных войскаў Беларусі.

Акрамя Беларусі, супраць рэзалюцыі ААН прагаласавалі наступныя краіны: Бурундзі, Гандурас, Зімбабвэ, Іран, Кітай, КНДР, Куба, Малі, Нігер, Нікарагуа, Расея, Сірыя, Судан і Эрытрэя. У падтрымку выступілі 78 краінаў, устрымаліся – 79.

Дзярждэп ЗША: Вывезеныя ў Беларусь украінскія дзеці могуць стаць ахвярамі гандлю людзьмі

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны