У Беларусі 20 снежня афіцыйна апублікавалі закон «Аб змене законаў у пытаннях сацыяльнага абслугоўвання і сацыяльных выплатаў». Ён набывае моц 1 ліпеня 2024 года, а пра яго асаблівасці распавялі ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны насельніцтва.
Закон уводзіць адрасны падыход для вызначэння аптымальнага набору сацыяльных паслуг. Пры ацэньванні неабходнасці ў сацыяльным абслугоўванні будуць улічваць набор «сацыяльных паказанняў», што ўключае стан здароўя, умовы жыццядзейнасці асобы (наяўнасць безбар’ернага асяроддзя, выгодаў, гарачай вады, ліфта), яе сацыяльнае асяроддзе і іншыя фактары.
Пры гэтым са спісу прычынаў для надання сацыяльнага абслугоўвання выдалілі беспрацоўе, наяўнасць у сямʼі дзіцяці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця (хоць пакінулі пункт аб наяўнасці дзіцяці-інваліда). Таксама з гэтага пераліку прыбралі адсутнасць у чалавека, які трапіў у цяжкую жыццёвую сітуацыю, працаздольных асобаў, якія абавязаныя паводле закону яго ўтрымліваць.
Укараняецца сістэма доўгачасовага догляду для асобаў, якія маюць асаблівую патрэбу ў старонняй дапамозе. Яна ўключае суправаджэнне сталага чалавека ўдома ва ўзаемадзеянні сацыяльных і медычных службаў. А вось перавесці такіх асобаў у дом-інтэрнат можна будзе толькі ў тым выпадку, калі стан здароўя не дазваляе заставацца ў сваім жытле.
Для маламабільных асобаў, якім складана наведваць аддзяленні сацыяльнай рэабілітацыі, уводзіцца дыстанцыйная форма сацыяльнага абслугоўвання. Гэта рэабілітацыйная работа, забаўляльная дзейнасць, правядзенне кансультацыяў псіхолагаў, іншых спецыялістаў.
Дамы-інтэрнаты цяпер будуць называць «сацыяльнымі пансіянатамі», бо яны забяспечваюць не толькі кругласутачны догляд, але і рэабілітацыю, падрыхтоўку інвалідаў да самастойнага жыцця, сацыяльную перадышку семʼям, маюць аддзяленні дзённага перабывання, сацыяльнай рэабілітацыі і іншае.
Плануецца арганізаваць падвоз сталых асобаў і інвалідаў, якія наведваюць аддзяленні дзённага перабывання ўстановаў сацыяльнага абслугоўвання. Яго атрымаюць непрацаздольныя асобы, якія праз стан здароўя не могуць карыстацца грамадскім транспартам або пражываюць у населеных пунктах, дзе няма рэгулярнага транспарту. Таксама транспарт дадуць тым, хто жыве ў дамах-інтэрнатах у рамках аказання ім сацыяльных паслуг.
У дзяржаўную сістэму сацыяльнага абслугоўвання, акрамя тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, дамоў-інтэрнатаў, цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання сямʼі і дзяцей, уключаць цэнтры часовага перабывання бесхацінцаў і дамы суправаджанага пражывання інвалідаў.
Уводзіцца ліцэнзаванне для недзяржаўных субʼектаў гаспадарання, якія аказваюць сацыяльныя паслугі з пражываннем пажылым і інвалідам. Яно будзе датычыць патрабаванняў пажарнай бяспекі, санітарна-эпідэмічных патрабаванняў і патрабаванняў да зместу і якасці сацыяльных паслуг. Ліцэнзію трэба атрымаць да 1 кастрычніка 2024 года, пасля чаго дзейнасць без ліцэнзіі забараняецца.
У якасці мінімальнага сацыяльнага стандарту ўводзяцца нарматывы бюджэтнага планавання выдаткаў на сацыяльнае абслугоўванне. Іх будуць ужываць для вызначэння мінімальнага ўзроўню неабходных дзяржаўных выдаткаў на сацыяльнае абслугоўванне. Адрэдагаваны і пералік паслуг, якія аказваюць дзяржаўныя ўстановы сацыяльнага абслугоўвання.
Пенсіі толькі праз банкі
Змяняецца парадак выплаты пенсіяў і іншых сацыяльных дапамог. У Менску, абласных і раённых цэнтрах пенсіі, дапамогі і іншыя сацыяльныя выплаты будуць выплачвацца праз банкі (канкрэтны банк зможа абраць сам атрымальнік). Права атрымліваць пенсію праз пошту захаваецца для асобаў, старэйшых за 70 гадоў, інвалідаў I і II групы, у семʼяў, якія выхоўваюць дзіця-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў. Таксама змены не закранаюць асобаў, што жывуць у сельскай мясцовасці. Акрамя таго, на пошце змогуць атрымліваць пенсію асобы, якія не маюць пашпарта з рэлігійных перакананняў. Пры гэтым дастаўку пенсіяў і дапамог дадому будзе ажыццяўляць толькі «Белпошта».
Раней гэтыя прапановы крытыкавалі нават дэпутаты. Гэтак, Лілія Ананіч пісала, што недастатковае прапрацоўванне гэтага пытання «здольнае адбіцца на сацыяльным самаадчуванні людзей». А Ірына Даўгала адзначыла, што прапанова са зменамі ў выплаце пенсіяў «выклікала грамадскі рэзананс», бо каля 30-35 % насельніцтва атрымлівае пенсіі праз аддзяленні пошты і сувязі.
Апроч таго, дамам-інтэрнатам, тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, у структуры якіх створаныя аддзяленні кругласутачнага перабывання, дазволілі звяртацца ў спецыялізаваную арганізацыю для пахавання асобаў, якія пражывалі ў сацыяльных установах, пры адсутнасці сваякоў, знаёмых, якія ўзялі б на сябе арганізацыю пахавання. Пахаванне будуць здзяйсняць спецыялізаваныя арганізацыі ў межах устаноўленага памеру дапамогі на пахаванне.
Якуб Хруст belsat.eu