Перакідванне расейскіх войскаў у Беларусь, план Ціханоўскай і прысуд лекару. Галоўнае за 21 студзеня

Belsat.eu падводзіць вынікі пятніцы, 21 студзеня.

Паводле інфармацыі Telegram-каналу беларускіх чыгуначнікаў belzhd_live, у Беларусь плануецца накіраваць 200 вайсковых эшалонаў з расейскай тэхнікай і жаўнерамі – гэта амаль у 7 разоў больш, чым падчас вучэнняў «Захад-2021». З 16 па 21 студзеня на тэрыторыю Беларусь для ўдзелу ў манеўрах «Саюзная рашучасць» ужо прыбыла 33 вайсковых эшалона з Расеі. Тым часам расейскія медыі паведамляюць, што пачалася перадыслакацыя ў Беларусь з Дальняга Усходу расейскіх зенітна-ракетных комплексаў С-400.

Аляксандр Лукашэнка наведаў вайсковыя аб’екты ў Лунінецкім раёне і правёў нараду з армейскім кіраўніцтвам, падчас якой зрабіў шэраг рэзкіх антыўкраінскіх заяваў і загадаў «надзейна абараніць» мяжу з Украінай, «каб нас не маглі заспець знянацку». Лукашэнка падкрэсліў, што не Беларусь і Расея не хочуць вайны, але адначасова прыгразіў Захаду «ламануць так, што мала не здасца».

Святлана Ціханоўская выступіла з заклікам да беларусаў узяць удзел у галасаванні на рэферэндуме па новай Канстытуцыі і сапсаваць бюлетэні. Яна патлумачыла, што такія дзеянні – адзіны легальны спосаб выказаць кожнаму сваё стаўленне да сістэмы Лукашэнкі. Ціханоўская таксама распавяла, што на перыяд кампаніі ствараецца аператыўны штаб дэмакратычных сілаў, куды ўвойдуць палітычныя структуры і грамадзянскія ініцыятывы.

Што важнага ў новым праекце Канстытуцыі, які Лукашэнка вынесе на рэферэндум

У Горадні палітзняволенага неўролага Аляксандра Цялегу пакаралі 4 гадамі калоніі за 32 негатыўныя каментары ў дачыненні да чыноўнікаў і сілавікоў, у тым ліку супрацоўнікаў АМАПу, ГУБАЗіКу, суддзі і генпракурора. На працэсе стала вядома, што адзін з пацярпелых па справе збіваў Цялегу пры затрыманні.

Праваабаронцам стала вядома, што на палітвязня Паўла Вінаградава ў жодзінскай турме аказваецца ціск з боку адміністрацыі: яго паставілі на прафілактычны ўлік як «схільнага да экстрэмізму і іншай дэструктыўнай дзейнасці», а таксама на яго ўжо склалі некалі рапартаў за «парушэнне правілаў унутранага распарадку».

Палітзняволены працаўнік БМЗ Дзмітрый Елісееў, які быў затрыманы па справе «Рабочага руху», выйшаў на волю з гомельскага СІЗА: яму змянілі меру стрымання і выпусцілі пад заклад. Таксама выйшла на свабоду дырэктарка «Геному» Дар’я Царык – яна цалкам адбыла 8 содняў адміністратыўнага арышту.

Жыхара Пружанаў арыштавалі за тое, што ён сказаў па тэлефоне «Жыве Беларусь»

Літоўская чыгунка атрымала запыт ад трох беларускіх кампаніяў на транспартаванне ўгнаенняў «Беларуськалія». Але гэтыя кантракты спачатку праверыць спецыяльная ўрадавая камісія, якая мусіць вырашыць, ці пагражаюць транзітныя здзелкі з беларускімі кампаніямі нацыянальным інтарэсам. Раней Раней кіраўнік Камітэту нацыянальнай бяспекі і абароны Сейму Літвы Лаўрынас Кашчунас заяўляў, што шанцы абысці забарону на транзіт беларускіх угнаенняў у Літве амаль нулявыя.

Непланаваныя ваенныя гульні Лукашэнкі з Пуціным. Ці пачалася расейская акупацыя Беларусі?

РР belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны