Лукашэнка пакатаў па лёдзе экс-баевіка «ДНР» на інвалідным вазку

У менскім комплексе «Алімпік Арэна» 21 студзеня каманда Аляксандра Лукашэнкі гуляла са зборнай Магілёўскай вобласці, перамагла 7:2. Пасля гульні Лукашэнка выкаціў на лёд Паўла Прохаранкава, які ваяваў на баку «ДНР», падарваўся на міне і страціў нагу.

Аляксандр Лукашэнка катае па хакейнай арэне былога баевіка «ДНР» Паўла Прохаранкава. Менск, Беларусь. 21 студзеня 2023 года. Фота: president.gov.by

Відэа катання апублікаваў ананімны Telegram-канал «Пул первого», які выконвае функцыі прэс-службы Аляксандра Лукашэнкі. Затым відэа з’явілася ў дзяржаўнага інфармагенцтва «БелТА». Фота з экс-баевіком «ДНР» Паўлам Прохаранкавым апублікавала таксама сапраўдная прэс-служба Лукашэнкі.

Афіцыйная прэс-служба Лукашэнкі не тлумачыла, што за чалавек на вазку. Але і «Пул первого», і «БелТА» паведамілі, што гэта Прохаранкаў, які ваяваў за «ДНР». Мужчына пайшоў ваяваць яшчэ ў 2017 годзе, пяць гадоў быў у артылерыі і даслужыўся да лейтэнанта, на пачатак поўнамаштабнай вайны ва Украіне кіраваў узводам. 30 красавіка 2022 года падарваўся на міне, страціў нагу.

Спачатку Прохаранкаў лекаваўся ў Данецку. У лякарні ён справіў вяселле, якое асвятлялі і мясцовыя медыі, і расейскія дзяржаўныя, і нават беларускія філіі расейскіх. Прынамсі з верасня 2022 года экс-баевіка лекавалі ў Беларусі, другую нагу ўратавалі лекары Менскай абласной клінічнай лякарні, «косці нагі сабралі як мазаіку». У Менску таксама хрысцілі сына экс-баевіка. Ён расказаў «БелТА», што ягоная бабуля – беларуска, таму ён заўсёды хацеў пабываць «на радзіме».

Лукашэнка фармальна не прызнаваў «ДНР» або анексію Данецкай вобласці Расеяй. Толькі ў канцы 2021 года Лукашэнка заявіў, што прызнае Крым расейскім і толькі ў ліпені 2022-га заявіў, што «дэ-факта мы прызналі, што ёсць Крым, Луганск і Данецк», але фармальнае прызнанне, дадаў ён, будзе, «калі трэба».

Беларусь саўдзельнічае ў расейскім нападзе на Украіну: насуперак Канстытуцыі, прадставіла сваю тэрыторыю для нападу, а таксама з пачатку поўнамаштабнай вайны лекуе расейскіх вайскоўцаў, параненых у баях, і праводзіць навучанне расейскіх мабілізаваных. Пацверджанняў непасрэднага ўдзелу беларускага войска ў баях не было.

Ці ўступіць Беларусь у вайну? Пяць аргументаў на карысць і супраць найгоршага сцэнара

Алесь Наваборскі belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны