Міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Генадзь Трубіла распавёў, што дзяржава пакрывае большую частку выдаткаў на капрамонт жылых дамоў. Аднак яго лічбы зусім не супадаюць з тым, што не так даўно казаў папярэдні міністр ЖКГ. «Белсат» даведаўся, дзе атрымалася разыходжанне.
«Дзяржава дадае частку фінансавых сродкаў да сродкаў, якія збіраюцца на рахунках мясцовых выканаўчых размеркавальных органаў і трацяцца ў бягучым перыядзе на капітальны рамонт жыллёвага фонду. Калі браць адсотак (тое, што адлічваюць грамадзяне, і тое, што дадае дзяржава), каля 40%, калі браць увогуле па рэспубліцы, – гэта фінансавыя сродкі нашых грамадзян. І 60% яшчэ да гэтых сродкаў дадаецца з боку дзяржавы», – распавядае Генадзь Турбіла.
Яго папярэднік і цяперашні мэр Горадні Андрэй Хмель казаў зусім пра іншыя лічбы ў верасні 2022 года.
«У цэлым па краіне цяпер субсідуецца ў асноўным толькі дзве паслугі. Гэта цеплазабеспячэнне і падагрэў вады. Гэтыя паслугі дзяржава субсідуе практычна на 80%. Што тычыцца іншых паслуг, то ў цэлым па краіне яны аплачваюцца насельніцтвам у поўным аб’ёме», – казаў экс-міністр ЖКГ Хмель.
Выходзіць, альбо за паўтара года субсідаванне капрамонту кардынальна змянілася, альбо хто-небудзь з міністраў сказаў няпраўду.
У Беларусі 12 асноўных жыллёва-камунальных паслуг. Гэта водазабеспячэнне (халоднае і гарачае), каналізацыя, цеплазабеспячэнне, газазабеспячэнне, электразабеспячэнне, абыходжанне з цвёрдымі камунальнымі адходамі, тэхабслугоўванне жылога дому, яго бягучы і капітальны рамонт, санітарнае ўтрыманне дапаможных памяшканняў, тэхнічнае абслугоўванне ліфта.
Арсен Рудэнка belsat.eu