У TikTok журналіста з пулу губернатара Гарадзенскай вобласці Уладзіміра Караніка паказалі відэа, як каля лесу выкідваюць гнілую гародніну і садавіну на корм дзікай жывёле. Відэа набрала больш за 2,5 млн праглядаў і абурыла людзей – непакояцца за жывёлінаў і незадаволеныя коштамі.
«Прывезлі аленям чатыры кантэйнеры садавіны па 700 кг. Авакада, агуркі, перац, баклажаны, мандарыны, памяло, грушы і яблыкі», – кажа фотажурналіст Уладзіміра Караніка Арцём Турлай.
На відэа відаць, як прадукты кантэйнерамі выкідваюць каля лесу. Некаторыя фрукты і гародніна відавочна сапсаваныя, а з кантэйнераў выбіваецца вадкасць.
«Прысмакі мы выгрузілі. Усё распакавалі і цяпер ідзем у сховішча – будзем глядзець, прыйдуць алені есці ці не», – працягвае Турлай.
Алені з’явіліся, аднак, як сказаў Турлай, да ежы пабаяліся падыходзіць. Пад відэа набралася шмат каментароў. Некаторыя з іх хвалебныя, накшталт «малайцы, хлопцы, што алені не зʼядуць, кабаны і зайцы падбяруць».
Частка людзей заўважыла, што такія прадукты і ў свежым выглядзе могуць быць шкодныя для жывёлы, не кажучы ўжо пра пашкоджаныя. А яшчэ карыстальнікі TikTok абурыліся такім падыходам, бо кошты ў крамах высокія.
«Скінулі б кошт лепш, каб пенсіянеры маглі купіць і нармальна падʼесці. А так усё згніла праз прагнасць», – піша адзін з каментатараў.
«Це називається жадібність», – дадае іншы.
Вось яшчэ некалькі каментароў пад відэа:
«Народ плача, што есці няма чаго, кошты паднялі і ўсё знікае».
«Магу памыляцца, але, па-мойму, аленям такое есці не варта, асабліва цытрусавыя».
«Я не думаю, што цвіль карысная».
«Калі прысмакаў не ахоўваць, бабулі адабʼюць у аленяў?»
«Былі б крыху таннейшыя, такіх адкідаў не засталося б».
Гісторыю заўважылі журналісты «Зеркала».
Арсен Рудэнка belsat.eu