Расея прыпыняе ўдзел у Дамове аб стратэгічных наступальных узбраеннях

Падчас выступу перад Федэральным сходам 21 лютага Уладзімір Пуцін заявіў, што Расея прыпыняе ўдзел у Дамове аб стратэгічных наступальных узбраеннях, падпісанай Расеяй і ЗША ў 2010 годзе.

Ядравая зброя. Фота: magift.ru

«Вымушаны заявіць сёння аб тым, што Расея прыпыняе свой удзел у Дамове аб стратэгічных наступальных узбраеннях. Паўтару, не выходзіць з дамовы, а менавіта прыпыняе свой удзел», – сказаў Пуцін.

Дамова абмяжоўвала колькасць ядравых боегаловак, якія стаяць на баявым дзяжурстве, да 1550 адзінак.

Расейскі прэзідэнт растлумачыў, што прыняў такое рашэнне таму, што ЗША і NATO падтрымліваюць Украіну і заяўляюць пра жаданне нанесці стратэгічную паразу Расеі. Як заявіў Пуцін, NATO патрабуе ад Расеі вярнуцца да дамовы, уключаючы допуск заходніх экспертаў на расейскія аб’екты: «Яны хочуць аглядаць нашыя абарончыя абʼекты. Нам праводзіць паўнавартасныя інспекцыі не даюць. Нашыя заяўкі застаюцца без адказу або іх адхіляюць на фармальных падставах. Мы нічога толкам не можам праверыць на тым баку».

Пуцін таксама анансаваў гатовасць праводзіць ядравыя выпрабаванні. Міністэрства абароны РФ і «Росатом» зараз павінны забяспечыць гатовасць да выпрабаванняў расейскай ядравай зброі. Пры гэтым Пуцін паабяцаў, што «першымі мы, зразумела, рабіць гэтага не будзем». «Але калі ЗША выпрабуюць, мы таксама выпрабуем», – прыгразіў расейскі прэзідэнт.

Дамова была падпісаная ў Маскве 24 траўня 2002 года паміж Расеяй і ЗША, у сучаснай рэдакцыі яна падпісаная ў 2010 годзе прэзідэнтамі Дзмітрыем Мядзведзевым і Баракам Абамам, а затым прадоўжаная ў пачатку 2021 года да 2026 года.

Алена Рувіна belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны