«Падмацоўваюць тэзы прапаганды»: у справе «гарадзенскага тэрарыста» з’явіліся «збеглыя»

Дзяржаўныя медыі паведамілі, што мужчына быў «прыхільнікам збеглых экстрэмістаў», якія і пераправілі яго ў Беларусь. Ён нібыта планаваў тэракты, пры затрыманні аказаў супраціў і быў смяротна паранены. КДБ зладзіў аперацыю, названую Аляксандрам Лукашэнкам «бліскучай», 19 сакавіка.

Асоба, якую дзяржаўныя крыніцы назвалі «тэрарыстам-замежнікам». Фота: кадр відэа БТ

У дзяржаўным тэлеэфіры паказалі «аператыўнае відэа» спецслужбаў. Сцвярджаецца, што на запісы – штурм кватэры, якую арандаваў падазраваны, а таксама кадры сачэння за ім у Горадні.

Каардынатар беларускай экспертнай сеткі «Наше мнение» Вадзім Мажэйка ў каментары «Белсату» адзначыў, што гэтае відэа «фактычна нічога не паказвае і нічога не даказвае»:

«Нам дэманструюць нейкія стрэлы ў пустую кватэру, у якой нічога не бачна, дэманструюць столь, нейкі панэльны дом – няма ніякай канкрэтыкі. Заўсёды, калі ўлады дэманструюць відэа, каб нешта пацвердзіць, а ў відэа нічога няма, гэта выклікае сумневы, як кажуць, «ці быў увогуле хлопчык». Канкрэтыкі няма, і складаецца ўражанне, што гэта нейкая пастаноўка».

Эксперт згадаў гісторыю з перастрэлкай у кватэры менскага праграміста Андрэя Зельцара, калі таксама было абнародаванае відэа, «хай сабе і дзіўнаватае».

«Але ўсё ж было зразумела, што гэта, хто гэта, знайшліся нейкія сваякі, нейкія сувязі. А тут – толькі назвалі імя, грамадзянства і потым сказалі, што гэта фальшывы пашпарт. І не зразумела, што ў ім фальшывага, можа і імя таксама, і грамадзянства. А можа, гэта не расеец, а паляк ці беларус?» – сказаў Мажэйка.

«Адказ на Мачулішчы». Кіраўнік «ByPol» назваў фэйкам «бліскучую аперацыю КДБ» у Горадні

Суразмоўца «Белсату» патлумачыў, чаму дзяржаўныя медыі паведамілі пра «след збеглых» у гэтай справе. Эксперт мяркуе, што такім чынам цяперашнія ўлады «падмацоўваюць тэзы сваёй прапаганды»:

«Маўляў, мы кажам, што зараз прыйдуць збеглыя тэрарысты, дык вось, глядзіце: збеглы тэрарыст. Прапаганда ўвесь час раскручвае наратыў, што зараз усе гэтыя «бзеглыя» з Польшчы, нейкія «байполаўцы» ці «каліноўцы» прыйдуць са зброяй і будуць беларусаў забіваць, чыніць тэракты. Аднак гэтага не адбываецца».

Гісторыя з «гарадзенскім тэрарыстам» нагадала Мажэйку іншыя гучныя справы кшталту атручэння водаправоду пацукамі ці прарыву джыпа праз мяжу з Украінай:

«Калі ўлады, сілавікі нешта выдумляюць, яны любяць спачатку даць нейкія падрабязнасці, потым не прыводзіцца аніякіх доказаў, і тэма фактычна знікае. Адпаведна, зараз будзем глядзець: калі ўлады не пакажуць нейкія відэа, доказы, канкрэтыку, то яе можна будзе расследаваць, а калі ніякіх доказаў не будзе, то выглядае, што, сапраўды, гэта яшчэ адзін «джып» або яшчэ адна «Фрау А.».

Чортаў тузін справаў, «сенсацыйна раскрытых» Лукашэнкам

Сяргей Крот belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны