Інфляцыя можа вырасці ў разы – праблемы ад рэгулявання коштаў усё складаней хаваць

У апошнія месяцы ў Беларусі назіраецца паскарэнне інфляцыі. У студзені яе рост склаў 0,8 %, а ў лютым – 0,9 %. Рэч у інфляцыйным навесе, які ўзнік у выніку рэгулявання коштаў уладамі. Пакрысе ён вырываецца вонкі. Калі справы ў эканоміцы будуць ісці прыкладна як у 2023 годзе, то да канца 2024 года беларусаў чакае рост коштаў на 7–9 %. Але сітуацыя можа зрабіцца зусім непрадказальнаю, і выйдзе нешта падобнае на крызіс 2011 года, расказаў «Белсату» старэйшы навуковы работнік BEROC Дзмітрый Крук.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат

Ужо позна думаць, як зрабіць лепш

«Мы бачым паскарэнне інфляцыі, і гэта пацвярджае тэзіс, што інфляцыйны ціск у эканоміцы ўзрастае. Спробы запхаць пад дыван пытанне коштаў спрацоўваюць толькі часткова. Дапускаю, што чыноўнікі больш лагодна ўзгадняюць падвышэнне коштаў у тых месцах, дзе адміністрацыйнае стрымліванне меншае, ці там, дзе прадпрыемствы ў большай ступені адчуваюць напругу», – кажа Дзмітрый Крук.

Праз рэгуляванне зацягваецца стан, калі прадпрыемствам трэба паднімаць кошты, але нельга. І кампаніі пачуваюцца ўсё горш. Пры гэтым ужо паспеў вырасці інфляцыйны навес, бо цэны без рэгулявання павінны былі вырасці значна больш.

Пытанне, як у такой сітуацыі зрабіць лепш, ужо не стаіць, лічыць Дзмітрый Крук. Бо сур’ёзныя памылкі былі зробленыя, калі прымалі пастанову № 713 «Аб сістэме рэгулявання коштаў» і пастанову № 114 «Аб часовым рэгуляванні коштаў».

«Цяпер правільна казаць, як выйсці з найменшымі стратамі, бо інфляцыйны навес ужо стварыўся. Негатыўныя эфекты праяўляюцца ў пагаршэнні фінансавых пазіцыяў фірмаў і падвышэнні інфляцыі.

Давайце ўявім, што нешта цудоўнае здараецца і ў Беларусі можна весці хаця б нармальную эканамічную палітыку. Самым рацыянальным тады было б адпусціць рэгуляванне коштаў і паспрабаваць паступова здуць гэты інфляцыйны навес», – працягвае эканаміст.

Галоўным інструментам тут была б больш жорсткая манетарная палітыка, лічыць эксперт. Гэта, напрыклад, больш высокія стаўкі па крэдытах і больш складаныя ўмовы іх выдачы.

Беларусы чакаюць высокай інфляцыі – апытанне праекту «Вашы грошы»

«Тады можна было б прыйсці да таго, што інфляцыйны навес, які склаўся, фактычна выплюхнуўся б на волю, але паступова – за два-тры кварталы. І гэта не сталася б аднамомантавым шокам. Потым можна было б увайсці ў стан нармальнай манетарнай палітыкі. Але нават такая опцыя сёння на парадку дня не існуе, таму што для цяперашняга рэжыму адміністрацыйнае рэгуляванне коштаў – гэта тое, ад чаго яны адмовіцца не гатовыя.

Таму найбольш імаверным я бачу, прынамсі на 2024 год, наступнае развіццё падзеяў. Пастановы аб рэгуляванні коштаў будуць захоўвацца. Магчыма, у іх будуць уносіцца змены, якія, хутчэй за ўсё, будуць накіраваныя на тое, каб даць больш магчымасцяў узгадняць змену коштаў, хаця б у межах рэгулявання даць большае поле для манеўру.

Гэта такое вычварэнства, але ў гэтай ненармальнай логіцы яно дазволіла б трошкі рэгуляваць сітуацыю ў асобных галінах, дзе фінансавае становішча зусім кепскае. Фактычна гэта тое, да чаго цяпер рэжым у эканамічнай сферы імкнецца. Як я пачуў ад аднаго з прадпрымальнікаў, яны намацалі магчымасць бачыць, дзе сфармаваўся невялікі фінансавы тлушч, і гэты тлушч зразаюць», – працягвае Дзмітрый Крук.

Інфляцыя ў лютым паскорылася. Хутчэй за ўсё кошты раслі на камуналку, турызм і макароны

Праблемы кшталту крызісу 2011 года

Гэта значыць, кошты даюць падымаць тым, хто зусім не можа трымацца. А калі кампаніі яшчэ ў стане несці страты, там рэгуляванне больш жорсткае.

«Але другі бок такой палітыкі – непазбежна гэта будзе прыводзіць да паскарэння інфляцыі. Я б чакаў, што па выніках года дзесьці ў дыяпазоне 7–9 % мы будзем пры такім сцэнары мець. Але ўсё гэта будзе адносна працаваць, калі будзе прыблізна такая ж дынаміка і кан’юнктура, якая была ў 2023 годзе.

То бок фінансавае становішча фірмаў нерадыкальна пагоршыцца. Але гэта зусім не гарантавана. З большай імавернасцю будзе іншая сітуацыя – кан’юнктура пагоршыцца, фінансавае становішча фірмаў таксама. І тут я бачу сур’ёзныя рызыкі, што ў пэўны момант можа сарваць разьбу і гэты інфляцыйны навес некантраляваным чынам выплюхнецца. Тым больш калі сюды дадаць веру цяперашніх чыноўнікаў, што такім чынам можна рэгуляваць кошты. Яны ж лічаць досвед 2023 года з рэгуляваннем – паспяховым», – адзначае Дзмітрый Крук.

На думку эксперта, чыноўнікі могуць захапіцца і адначасова з рэгуляваннем коштаў працягваць стымуляваць рост эканомікі, як у мінулым годзе.

«Гэта вельмі з вялікай імавернасцю ў пэўны момант прывядзе да рэзкага інфляцыйнага стрэлу. Але складана спрагназаваць, у які момант. Такую патэнцыйную опцыю можна параўнаць з 2011 годам. Тады быў скачок у курсе. Цяпер такое больш імаверна з інфляцыяй», – кажа эксперт.

У 2011 годзе курс беларускага рубля абваліўся да долара ў некалькі разоў. То бок інфляцыя таксама можа павялічыцца ў разы і зрабіцца двухзначнай.

«Ёсць такая прымаўка, што калі вы глядзіце ў вочы двухзначнай інфляцыі, то барацьбу з ёю вы ўжо прайгралі. Да пэўнага моманты ты яе рэгулюеш, але з пэўнага моманту з’яўляюцца двухзначныя лічбы – інфляцыя пачынае кіраваць эканамічнай палітыкай. Калі мы гэтую мяжу перакрочым, адпаведна будуць спробы кампенсаваць страты ў дабрабыце, у заробках у сувязі з інфляцыяй. І гэта ўжо фармуе тое, што вядома амаль кожнаму беларусу – так званую інфляцыйную спіраль [калі заробкі пачынаюць падвышаць, каб кампенсаваць страты ад інфляцыі, а гэтае падвышэнне яшчэ больш разганяе інфляцыю і росту дабрабыту няма. – Заўв. рэд.]», – рэзюмуе Дзмітрый Крук.

Высокі попыт і Расея. ЕАБР патлумачыў прычыны росту інфляцыі ў Беларусі

Арсен Рудэнка belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны