Кіраўнік камісіі Дзяржаўнай думы Расеі па расследаванні ўмяшальніцтва іншых дзяржаваў ва ўнутраныя справы Расеі Васілій Піскароў прапанаваў беларускім дэпутатам стварыць адзіную камісію дзеля барацьбы з замежным умяшальніцтвам, перадае ТАСС.
Паводле расейскага дэпутата Васілія Піскарова, «умешваюцца» ў справы Беларусі і Расеі «адны і тыя ж замежныя няўрадавыя арганізацыі і фонды», і «методыкі ў іх аднолькавыя». Ён заяўляе, што гэтыя методыкі ўжываюцца «дзеля ўцягнення дзяцей і моладзі ў незаконныя пратэставыя акцыі, дзеля гэтага выкарыстоўваюць адныя і тыя ж сацсеткі». Як камісія можа рэагаваць на такія выклікі, не перадаюць.
Гэтая прапанова прагучала на канферэнцыі «Процідзеянне знешнім выклікам і пагрозам: парламенцкае вымярэнне «Саюзнай дзяржавы». На той жа канферэнцыі намеснік дзяржаўнага сакратара «Саюзнай дзяржавы» Аляксей Курбін заявіў, што Беларусь і Расея «ня могуць процістаяць» пагрозам ад размяшчэння войскаў краінаў NATO каля межаў Беларусі і Расеі, а таксама што «трэба з самага юнага ўзросту вучыць людзей успрымаць і аналізаваць любую інфармацыю».
І на той жа канферэнцыі стала вядома, што Беларусь не збіраецца мяняць выбарчае заканадаўства перад рэферэндумам па змене Канстытуцыі.
АА belsat.eu