Польшча заклікала ўлады ў Менску вызваліць усіх палітвязняў і спыніць рэпрэсіі. Такія допісы з’явіліся ў Twitter міністэрства замежных справаў Польшчы і амбасадара ў Беларусі Артура Міхальскага.
«Мы яшчэ раз заклікаем улады ў Менску вызваліць усіх затрыманых, у тым ліку Анджэя Пачобута, і спыніць далейшыя рэпрэсіі», – заявілі ў МЗС Польшчы.
Амбасадар Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі адзначыў, што палітвязняў утрымліваюць у невыносных умовах:
«У Беларусі больш за 1500 палітвязняў. Іх трымаюць у невыносных умовах, яны страчваюць здароўе і нават жыццё, пра многіх з іх даўно няма ніякіх звестак. Вязні сумлення павінны быць неадкладна вызвалены, без усялякіх умоваў, і поўнасцю рэабілітаваны».
Сёння ў 39 гарадах 19 краінаў свету беларусы адзначаюць дзень салідарнасці з палітвязнямі. Запланаваныя мітынгі, шэсці, напісанне лістоў і падпісанне паштовак зняволеным, а таксама набажэнствы.
Паводле звестак праваабарончага цэнтру «Вясна», цяпер у Беларусі 1525 палітвязняў, паводле Dissidentby – 1787. Аднак колькі іх насамрэч, невядома.
Сяргей Крот belsat.eu