21 чэрвеня ў польскім Кракаве адбываецца афіцыйнае адкрыццё ІІІ Еўрапейскіх гульняў. Сярод удзельнікаў афіцыйнай цырымоніі ёсць і беларускія дэмакратычныя сілы.
Еўрапейскія гульні праводзяцца з 2015 года. Упершыню іх прымаў Азербайджан, а ў 2019 годзе спаборніцтвы прайшлі ў Менску. Тады іх афіцыйна адкрываў Аляксандр Лукашэнка.
Агулам Беларусь выдаткавала на мінулыя Еўрапейскія гульні Br 540 млн (каля $ 265 млн), з іх з бюджэту было выдзелена Br 266 млн (каля $ 130 млн).
За медалі сёлета паспрачаюцца 7 тысяч спартоўцаў з 48 краінаў. Колькасць краінаў-удзельніц знізілася (удзел у гульнях не бяруць Беларусь і Расея), але ўдвая вырасла колькасць дысцыплінаў. Большасць з іх, але не ўсе, алімпійскія.
Еўрапейскія алімпійскія камітэты (ЕАК) не дапусцілі ўдзелу беларускіх і расейскіх спартоўцаў у Еўрапейскіх гульнях 2023 года з прычыны агрэсіі рэжымаў дзвюх краін супраць Украіны.
Пры гэтым на адкрыццё гульняў запрошаныя прадстаўнікі беларускай дэмакратычнай супольнасці. Беларусь на адкрыцці гульняў будуць прадстаўляць палітык Павел Латушка, вольныя спартоўцы: баксёр Іван Ганін, самбіст Сцяпан Папоў, лучніца Карына Казлоўская, футбаліст Аляксандр Хацкевіч і былы генеральны сакратар «БАТЭ» Міхаіл Залеўскі.
«Гэта вельмі важны знак, які адасобіць тых спартоўцаў і функцыянераў, якія падтрымліваюць рэжым, якія падтрымліваюць агрэсію супраць Украіны, ад вольных спартоўцаў, якія выступілі супраць гвалту, якія выступаюць супраць агрэсіі, якую развязала Расея пры падтрымцы рэжыму Лукашэнкі. Гэта прэцэдэнт. Ён вельмі важны, каб з гэтага прэцэдэнту бралі прыклад арганізатары іншых міжнародных спаборніцтваў», – адзначыў Латушка.
Макар Мыш belsat.eu