Арменія прызнала Палестыну як дзяржаву

Улады Арменіі заявілі аб прызнанні Палестыны як дзяржавы, паведамляе прэс-служба Міністэрства замежных справаў Арменіі.

Жаўнеры Цагалю ў сектары Газа. Фота: idfonline / X

У ведамстве заявілі, што Арменія далучылася да рэзалюцыяў Генеральнай асамблеі ААН, што заклікаюць да неадкладнага спынення агню ў сектары Газа.

У МЗС падкрэслілі, што Арменія шчыра зацікаўленая ў наладжванні міру і стабільнасці на Блізкім Усходзе, трывалым прымірэнні паміж габрэйскім і палестынскім народамі.

«На розных міжнародных пляцоўках мы заўсёды выступалі за мірнае і ўсёабдымнае ўрэгуляванне палестынскага пытання і падтрымліваем прынцып «дзвюх дзяржаваў» для развязання ізраільска-палестынскага канфлікту», – гаворыцца ў паведамленні.

Ерэван лічыць «гэта адзіным спосабам» гарантаваць, што палестынцы і ізраільцяне змогуць рэалізаваць свае законныя спадзяванні.

«На падставе вышэйпададзенага і пацвярджаючы сваю прыхільнасць да міжнароднага права і прынцыпаў роўнасці, суверэнітэту і мірнага суіснавання народаў, Рэспубліка Арменія прызнае дзяржаву Палестына», – гаворыцца ў паведамленні.

Палестына – гэта рэгіён Блізкага Усходу, тэрыторыя якога падзеленая на дзве часткі: Заходні бераг і сектар Газа. Заходні бераг – гэта ўзгорыстая мясцовасць на захадзе ад ракі Іярдан. Сектар Газа – гэта прыбярэжная тэрыторыя на поўдні ад Заходняга берагу.

Палестына лічыцца часткова прызнанай дзяржавай. Яе незалежнасць прызналі 143 са 193 дзяржаваў – чальцоў ААН.

Раней паведамлялася, што ўлады Нарвегіі, Іспаніі і Ірландыі прызналі Палестыну дзяржавай. Акрамя гэтага ўрад Славеніі падтрымаў прапанову аб прызнанні Палестыны дзяржавай.

Чальцы Еўразвязу Славенія, Мальта і Ірландыя апошнімі тыднямі таксама заявілі, што плануюць прызнаць Палестыну дзяржаваю. І яны бачаць у гэтым магчымасць наладзіць трывалы мір.

У Еўропе няма адзінай пазіцыі ў палестынскім пытанні. Швецыя прызнала палестынскую дзяржаву яшчэ дзесяць гадоў таму, а Францыя не збіраецца гэтага рабіць, пакуль не палічыць, што гэта сапраўды можа быць эфектыўным інструментам для дасягнення міру. Пры гэтым усё больш краінаў ЕЗ хочуць прызнаць незалежнасць Палестыны.

МЗС Ізраілю рэзка крытыкуе тое, што адбываецца.

«Прызнанне палестынскай дзяржавы прывядзе да росту тэрарызму, нестабільнасці ў рэгіёне і паставіць пад пагрозу любыя перспектывы міру. Не будзьце пешкай у руках “Хамасу”», – напісала МЗС Ізраілю ў сацсетцы X 21 траўня.

Цярпенне заканчваецца, а вайна – не. Тлумачым, што адбываецца на Блізкім Усходзе

Ася Саковіч belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны