Невялікія поспехі расейцаў на ўсходзе. Што адбываецца ва Украіне?

«Белсат» падводзіць вынікі 849-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 21 чэрвеня чытайце ў нашым аглядзе.

Сумскі і харкаўскі кірунак (лінія фронту ў памежных раёнах аднайменных вобласцяў)

На поўначы Харкаўскага раёну большай ініцыятывай валодаюць Збройныя сілы Украіны, якія контратакуюць у бок сяла Глыбокае.

Прарасейскі тэлеграм-канал «Два майора» піша, што ўкраінцы актывізаваліся і на ўсходзе ад гэтага ўчастку фронту і цяпер шукаюць слабыя месцы ў абароне праціўніка.

Праўкраінскі «Говорять Снайпер» паведамляе, што падраздзяленні войскаў РФ панеслі істотныя страты ў Харкаўскім раёне, таму найбліжэйшым часам будуць вымушаныя правесці ратацыю.

У Чугуеўскім раёне працягваюцца цяжкія баі на тэрыторыі гораду Ваўчанск і ягоных ваколіцаў. Расейскі ваенкор Сямён Пегаў гаворыць, што яны маюць сустрэчы характар, але пакуль ніводнаму з бакоў не ўдаецца перахапіць ініцыятыву і дасягнуць значных поспехаў.

Між тым канал «Два майора» сцвярджае, што Узброеныя сілы РФ прасунуліся ў паўднёва-заходнім кірунку і выціснулі ЗСУ да ракі Воўча. У сваю чаргу ўкраінцы аднавілі наступ ва ўсходняй частцы гораду.

Спаленая расейская тэхніка і разбітыя грамадзянскія аўтамабілі на Міхайлаўскай плошчы ў Кіеве. На заднім плане – Сафійскі сабор. Кіеў, Украіна. 28 траўня 2024 года. Фота: Уладзіслаў Максіменка / Белсат

Купянскі і ліманскі кірункі (усходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі, што на купянскім і ліманскім кірунках цягам апошніх содняў Сілы абароны краіны адбілі шматлікія атакі праціўніка ў ваколіцах населеных пунктаў Сынькоўка, Стэпавая Навасёлаўка, Пішчанае, Стэльмахаўка, Грэкаўка і Неўскае, а таксама на тэрыторыі Серабранскага лясніцтва.

Агулам, сітуацыя на паўднёвым усходзе краіны застаецца пад кантролем ЗСУ.

Сівэрскі, краматорскі і тарэцкі кірункі (лінія фронту ў Данецкай і Луганскай вобласцях з поўдня ад ракі Сівэрскі Данец)

На так званым сівэрскім выступе расейскія вайскоўцы ціснуць у ваколіцах населеных пунктаў Верхнякаменскае, Выемка, Спірнае і Раздолаўка.

Прарасейскі тэлеграм-канал «Архангел Спецназа» паведамляе, што штурмавыя падраздзяленні войскаў РФ пры падтрымцы артылерыі, танкаў і БпЛА замацаваліся на заходніх і ўсходніх ускрайках Раздолаўкі. Адзначаецца, што ўкраінцы намагаліся контратакаваць, але поспеху не дасягнулі.

На краматорскім кірунку, паводле ўкраінскага камандавання, УС атакуюць у ваколіцах населеных пунктаў Часаў Яр і Клішчыеўка.

Пегаў удакладняе, што ў Часавым Яры баі па-ранейшаму лакалізуюцца ва ўсходняй частцы гораду, але пакуль расейцам не ўдаецца выбіць праціўніка за канал Сівэрскі Данец – Данбас.

Адсутнасць прасоўванняў УС РФ на кірунку фіксуе і праўкраінскі тэлеграм-канал «Бахмутський Балу». Пры гэтым крыніца адзначае, што расейцы паступова павялічваюць ціск на пазіцыі Сілаў абароны.

Ніжэй па фронце Узброеныя сілы РФ атакуюць з усходу ад гораду Тарэцк.

Тэлеграм-канал «Рыбарь» удакладняе, што войскі РФ наступаюць у населеным пункце Паўночнае і ў боку Александропалю, імкнучыся ў далейшым узмацніць ціск на пазіцыі ЗСУ ў Нью-Ёрку.

Іншы прарасейскі тэлеграм-канал – «Фронтовая птичка» – сцвярджае, што Узброеныя сілы РФ ужо прасоўваюцца ў апошнім населеным пункце.

Пакроўскі і курахаўскі кірункі (на поўначы, захадзе і паўднёвым захадзе ад Данецку)

Валодаюць ініцыятывай войскі РФ і на пакроўскім кірунку, дзе яны наступаюць шырокім фронтам з захаду ад раней занятага гораду Аўдзееўка. Баі фіксуюцца каля сёлаў Архангельскае і Новааляксандраўка, па лініі Сокал – Новапак, на захадзе ад Нятайлава і побач з Карлаўкай.

Тэлеграм-канал «НгП раZVедка» паведамляе пра рух расейцаў па лесапасадцы з поўначы ад Карлаўскага вадасховішча, у выніку чаго УС РФ распачалі штурм прылеглага да вады катэджнага пасёлку. Адзначаецца, што праціўнік панёс страты і адышоў на захад.

Паводле крыніцы, прасунуліся расейцы і на суседнім курахаўскім кірунку – у прыватным сектары ў заходняй частцы гораду Краснагораўка, дзе пад іхны кантроль перайшлі вуліцы Чкалава і Чэхава.

Між тым праўкраінскі тэлеграм-канал «Офіцер» сцвярджае, што ў апошнія дні ў Краснагораўцы назіраецца адноснае зацішша – расейцы амаль не праводзяць штурмавых дзеянняў і, адпаведна, не маюць поспехаў.

Ніжэй па фронце фіксуюцца баявыя дзеянні на подступах да сёлаў Максімільянаўка і Канстанцінаўка.

Урэмаўскі, арэхаўскі і прыдняпроўскі кірункі (захад Данецкай, а таксама Запарожская і Херсонская вобласці)

На паўднёвым участку фронту ў Данецкай вобласці, паводле Генштабу ЗСУ, расейцы безвынікова атакавалі каля сёлаў Вадзяное і Ураджайнае.

Канал «Два майора» піша, што ва Ураджайным баі маюць сустрэчы характар. Акрамя гэтага крыніца фіксуе няўдалыя атакі ўкраінцаў на поўначы суседняга Старамаёрскага (за ракой Мокрыя Ялы).

Іншы прарасейскі тэлеграм-канал – «Romanov Лайт» – паведамляе, што Збройныя сілы сцягваюць вялікую колькасць цяжкай тэхнікі да апошняга населенага пункту.

У Запарожскай вобласці сітуацыя на фронце застаецца нязменнай: баі па-ранейшаму лакалізуюцца на выступе па фронце каля гораду Арэхаў, але ніводны з праціўнікаў прасунуцца не можа.

У Херсонскай вобласці ідуць сустрэчныя баі ў астраўной зоне Дняпра, а таксама на левабярэжжы – каля населеных пунктаў Крынкі і Казачыя Лагеры.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Наталля Кулыгіна belsat.eu 

Падпісвайся на telegram Белсату