Прэзідэнт Азербайджану прапанаваў скасаваць Менскую групу АБСЕ

Прэзідэнт Азербайджану Ільхам Аліеў правёў тэлефонную размову з дзяржаўным сакратаром ЗША Энтані Блінкенам. Падчас размовы ён прапанаваў афіцыйна спыніць дзейнасць Менскай групы АБСЕ і ўсіх звязаных з ёю інстытутаў, каб «цалкам закрыць старонку канфлікту» з Арменіяй, паведамляе прэс-служба Аліева.

Ільхам Аліеў падчас звароту да народу 17 кастрычніка 2020 года. Фота: president.az

Удзельнікі размовы абмеркавалі пытанне наладжвання міру ў рэгіёне. Ільхам Аліеў адзначыў «важнасць спынення тэрытарыяльных прэтэнзіяў да Азербайджану, закладзеных у канстытуцыі, адпаведных законах і ўнутраных нарматыўна-прававых актах Арменіі, з пункту гледжання прасоўвання мірнага парадку дня».

Ён дадаў, што «даўно прыйшоў час афіцыйна спыніць дзейнасць нефункцыянальнай Менскай групы АБСЕ і ўсіх звязаных з ёю інстытутаў з тым, каб поўнасцю закрыць старонку канфлікту ў Нагорным Карабаху, які стаў ужо перажыткам мінулага».

Гэтае ж пытанне Баку нядаўна абмяркоўваў наўпрост з Ерэванам, прапанаваўшы супольна звярнуцца ў Арганізацыю бяспекі і супрацы ў Еўропе (АБСЕ) і папрасіць скасаваць Менскую групу ўрэгулявання канфлікту ў Карабаху.

«Мы ўжо прапанавалі гэта армянскаму боку, каб Азербайджан і Арменія разам выступілі са зваротам да АБСЕ для скасавання Менскай групы», – сказаў Аліеў.

Паводле яго, у місіі «няма ніякай неабходнасці, яна цяпер не функцыянуе», а калі Арменія выступіць супраць, значыць, у яе засталіся тэрытарыяльныя прэтэнзіі да Азербайджану.

«Менская група цягам 28 гадоў нібыта старалася развязаць карабахскую праблему. Насамрэч жа яна спрабавала яе замарозіць, і чатыры рэзалюцыі Рады бяспекі ААН з патрабаваннямі неадкладнага спынення баявых дзеянняў значылі не больш за шматок паперы», – заявіў Аліеў.

Менская група была створаная ў 1992 годзе з ліку краінаў – чальцоў АБСЕ з мэтай пошуку шляхоў мірнага ўрэгулявання Карабахскага канфлікту. Сустаршынямі групы выступаюць Расея, Францыя і ЗША, у яе склад уваходзяць Азербайджан і Арменія, а таксама Беларусь, Нямеччына, Турцыя, Італія, Фінляндыя і Швецыя.

Нагадаем, раней стала вядома, што рэжым Лукашэнкі пастаўляў Азербайджану ўзбраенне для вайны з Арменіяй. Выданне «Politico» апублікавала расследаванне, згодна з якім перадача зброі ажыццяўлялася перад вайной у Карабаху ў 2023 годзе. Журналісты называюць сярод паставак абсталяванне для артылерыі, сістэмы беспілотнікаў, супрацьдронавыя комплексы ды іншае.

«Politico»: Беларусь сакрэтна прадавала зброю Азербайджану

Аб’ём гандлю зброяй з 2018-га да 2022-га перавысіў 1 мільярд долараў. Вайсковы наступ Азербайджану летась у верасні паклаў канец дэ-факта незалежнасці Нагорнага Карабаху і выклікаў масавы выхад 100 000 яго жыхароў.

І Беларусь, і Арменія – чальцы Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы. Тэарэтычна чальцы абавязаныя абараняць адзін аднаго ў выпадку нападзення.

Арменія паўстала супраць Лукашэнкі

Ася Саковіч belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны