Напрошваецца павышэнне пенсійнага веку. Улады шукаюць, як заахвоціць пенсіянераў працаваць

Улады Беларусі шукаюць магчымасцяў, каб стымуляваць пенсіянераў далей заставацца на працоўным месцы нават пасля дасягнення пенсійнага веку. Гэта, верагодна, звязана з агульнай крызіснай сітуацыяй з кадрамі ў Беларусі. Але вырашыць яе наўрад ці дапаможа. Таму ўжо неўзабаве ўлады могуць пайсці на тое, каб павялічыць век выхаду на пенсію.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат

У Беларусі плануецца ўвесці дадатковыя матэрыяльныя стымулы для працоўных пенсіянераў. Навацыя звязаная з індывідуальным каэфіцыентам заробку (ІКЗ), бо працоўным пенсіянерам звыш ІКЗ 1,3 пенсія не выплачваецца, то бок яны не атрымліваюць частку запрацаваных сродкаў. Цяпер жа прапануецца дазволіць ім працаваць «на больш прывабных умовах» – з каэфіцыентам 1,45. Старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (ФПБ) Юрый Сянько ўпэўнены, што гэта будзе важным элементам для людзей, якія гатовыя працаваць «у тых напрамках, па якіх мы сёння бачым неабходным захаваць працоўных пенсіянераў».

У каментары «Белсату» старэйшая навуковая супрацоўніца даследчага цэнтру BEROC Анастасія Лузгіна выказала меркаванне, што прапанавае новаўвядзенне наўпрост звязанае з дэфіцытам кадраў, які цяпер назіраецца ў Беларусі. Пры гэтым, заявіла яна, грошай на гэта ва ўладаў бракуе.

«Трэба ж разумець, што ў бюджэце зараз лішніх грошай няма. Наадварот, бюджэт адчувае недахоп сродкаў. Тым больш Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва дэфіцытны, даводзіцца яго дафінансаваць. І, натуральна, выдзяленне дадатковых рэсурсаў з бюджэту ў выпадку, калі б не было гэтага вострага дэфіцыту, наўрад ці было б прапанавана», – адзначыла эканамістка.

Пры гэтым Лузгіна не чакае, што гэтая мера дапаможа вырашыць кадравую праблему. Так, прызнала яна, павелічэнне каэфіцыенту часткова прастымулюе пенсіянераў, але наўрад ці моцна паўплывае на іх рашэнне працаваць на пенсіі.

«Тыя, хто хацеў працаваць, ён і працаваў, і працуе», – падкрэсліла эканамістка.

Тым больш, што і сумы, якія яны атрымаюць, не так і моцна павялічацца, што звязана з агульнай спецыфікай таго, як у Беларусі налічваюцца пенсіі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат

«Гэта адзін з такіх касметычных, папулісцкіх захадаў. Паказаць, як мы думаем пра пенсіянераў, якія жадаюць працаваць. Так, гэта можа на кагосьці падзейнічаць. Але істотна не зменіць сітуацыю, бо і самі выплаты для кожнага не ўзрастуць значна. Адпаведна кагосьці гэта можа падштурхнуць папрацаваць яшчэ, але не думаю, што гэта будзе значным у маштабах краіны», – заявіла Лузгіна.

Жанчынам падрыхтавацца

У гэтай сітуацыі, калі ў краіне існуе кадравы крызіс, і пры гэтым не хапае сродкаў у бюджэце, улады краіны гіпатэтычна могуць пайсці на чарговае падвышэнне пенсійнага веку.

«Эканамічна гэта напрошваецца, але звычайна гэта ўсё ж такі палітычнае рашэнне. І не папулярнае», – адзначыла эканамістка.

На яе думку, перадусім улады могуць пайсці на тое, каб падвысіць пенсійны век для жанчынаў. Цяпер яны выходзяць на пенсію ў 58 гадоў, тады як мужчыны – у 63. Калі ж павышаць пенсійны век для мужчынаў, то з улікам іх сярэдняй працягласці жыцця «яны на пенсію наагул не будуць выходзіць, бо не дажываюць, груба кажучы, да пенсіі». У жанчын жа і працягласць жыцця сярэдняя большая, і выходзяць яны на пенсію на пяць гадоў раней.

«Але я думаю, што да гэтага пытання, калі і вернуцца, то вернуцца, хутчэй за ўсё, ужо пасля выбараў [2025 года. – рэд. belsat.eu]», – сказала Лузгіна.

Станам на 21 чэрвеня ў Рэспубліканскай базе вакансіяў іх налічвалася 159538. Гэта на 5528 вакансіяў больш, чым было ўсяго 20 дзён таму – 1 чэрвеня. На канец снежня 2023 года ў базе налічвалася 137 488 вакансіяў. То бок, за шэсць месяцаў іх колькасць павялічылася на 22 050.

Плюс тысяча новых вакансіяў за тры дні. Рынак працы ў Беларусі працягвае штарміць

Макар Мыш belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны