«Фармаваць уяўленне пра Беларусь як пра прывабную краіну». Новыя патрабаванні да гідаў
2023.07.21 11:54
Міністэрства спорту і турызму Беларусі вызначыла новыя патрабаванні да экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў, выкладзеныя ў пастанове № 33 ад 4 ліпеня 2023 года, паведамляе Нацыянальны прававы партал.
экскурсія ў цэнтры Магілёва. Фота: Белсат
Праца экскурсавода цяпер «павінна ажыццяўляцца на падставе прынцыпаў законнасці, кампетэнтнасці, справядлівасці і добрасумленнасці».
Паводле новых патрабаванняў, падчас экскурсіі экскурсавод павінен мець адмысловы бэйдж, выдадзены Міністэрствам спорту і турызму, а таксама спіс тэмаў, паводле якіх была пройдзеная прафесійная атэстацыя. Акрамя таго, гід у Беларусі мусіць:
Праяўляць павагу да дзяржаўных сімвалаў Беларусі, гісторыі развіцця беларускай дзяржаўнасці, культурных і духоўных традыцыяў Беларусі і захоўвання яе гісторыка-культурнай спадчыны.
Фармаваць ва ўдзельнікаў экскурсіі ўяўленне пра Беларусь як пра краіну, прывабную для турыстаў, не дапускаць суб’ектыўных некарэктных ацэнак і выказванняў пра Беларусь і іншыя дзяржавы.
Не дапускаць «некарэктных, правакацыйных і іншых негатыўных выказванняў ці дзеянняў».
Мець веды і прафесійныя навыкі, неабходныя для правядзення экскурсіяў – па гісторыі, этнаграфіі, культуры, эканоміцы, прыродна-геаграфічных асаблівасцях, унутранай і вонкавай палітыцы Беларусі, пастаянна актуалізоўваць атрыманыя веды.
Беражліва ставіцца да наваколля, не дапускаць шкоды турыстычным рэсурсам.
Каардынаваць паводзіны турыстаў падчас надзвычайных сітуацыяў ці іншых непрадбачаных абставінаў, паведамляць кіраўніку суб’екту турыстычнай дзейнасці пра такія сітуацыі ці выклікаць экстранныя службы.
Выконваць аўтарскія і іншыя сумежныя правы распрацоўнікаў экскурсіяў, не дапускаць прысваення вынікаў інтэлектуальнай уласнасці, прыводзіць цытаты ў адпаведнасці з заканадаўствам і ўказваць аўтарства.
Пастанова набудзе моц у дзень афіцыйнага апублікавання.