Лукашэнка зноў збіраецца ў Расею да Пуціна

Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін правядуць сумесную сустрэчу на тэрыторыі Расеі. Сустрэча, паводле прэс-службы самаабвешчанага кіраўніка Беларусі, адбудзецца ў нядзелю 23 ліпеня.

Аляксандр Лукашэнка 26 верасня правёў перагаворы з прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным. Фота: president.gov.by

Як сцвярджае прэс-служба Лукашэнкі, аб перамовах з Пуціным яны дамаўляліся яшчэ раней.

«Парадак дня перамоў вызначаны, пытанняў трэба будзе абмеркаваць шмат», – паведамляе прэс-служба. Яны плануюць абмеркаваць «пытанні бяспекі», «эканамічную супрацу», «рэалізацыю саюзных праграмаў» і «сумеснае супрацьстаянне санкцыйнаму ціску».

У Крамлі пацвердзілі інфармацыю аб сустрэчы. Там заявілі, што падчас яе будзе «працягнута абмеркаванне актуальных пытанняў далейшага развіцця расейска-беларускіх адносін стратэгічнага партнёрства і саюзніцтва, а таксама інтэграцыйнага ўзаемадзеяння ў межах Саюзнай дзяржавы».

Раней, 6 ліпеня, Лукашэнка заяўляў аб планах бліжэйшым часам сустрэцца Пуціным, каб абмеркаваць у тым ліку «праблему вакол Вагнэра» і далейшае функцыянаванне падраздзялення. Аднак тады прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў заявіў, што даты і парадку дня такой сустрэчы пакуль няма.

Мінулым разам Лукашэнка і Пуцін сустракаліся 9 чэрвеня ў Сочы, яшчэ раней Аляксандр Лукашэнка лётаў у Маскву на парад 9 траўня. Таксама яны стэлефаноўваліся пасля мяцяжу Прыгожына.

Алена Рувіна belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны