З суда над Мажэйкам і Юргілевіч хуткая забрала гарадзенскую актывістку. Яна памерла ў шпіталі

На судовым паседжанні ў справе супраць журналіста Паўла Мажэйкі і адвакаткі Юліі Юргілевіч 20 ліпеня стала блага гарадзенскай актывістцы Святлане Рынкевіч. Яе хуткая адвезла ў шпіталь, дзе жанчына памерла.

Святлана Рынкевіч. Фота: Facebook

Каля 16:00 на паседжанні 20 ліпеня суддзя абвесціў працэс супраць Паўла і Юліі закрытым. Блізкім, сябрам падсудных ды іншым прысутным загадалі выйсці з залы і чакаць заканчэння паседжання ў двары перад судом. Гарадзенцы Святлане Рынкевіч, якая прысутнічала на працэсе, раптам зрабілася блага, яна асела на зямлю. Хуткая дапамога забірала яе ў непрытомным стане.

Вядома, што ў шпіталі спадарыня Святлана ўвайшла ў кому, а ў ноч на 21 ліпеня памерла.

Святлана Рынкевіч сама прайшла праз затрыманні і страціла працу, бо брала ўдзел у маршах у 2020 годзе. Жанчына прыходзіла на ўсе паседжанні Паўла і Юліі, а таксама на суды супраць іншых гарадзенцаў.

«Гэта тыя маленькія нябачныя героі, якія падыходзяць, каб усміхнуцца чалавеку ў клетцы – і для многіх палітвязняў гэта адзіная ўсмешка, якую яны бачаць у судовай зале. Каб абняць маці, паціснуць руку бацьку, усё запомніць і пераказаць. Людзі-сэрцы…».

Для журналіста Паўла Мажэйкі і адвакаткі Юліі Юргілевіч запатрабавалі 6 гадоў калоніі

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны